Міхась Стральцоў — Сена на асфальце

Міхась Стральцоў

  Галоўны герой твора і адначасова апавядальнік — Віктар, былы студэнт, аспірант, жыве цяпер у горадзе. Нарадзіўся і вырас ён у вёсцы, таму часта ўспамінае пра вясковае жыццё. Але яму вельмі хацелася б прымірыць неяк вёску з горадам. Размаўляючы з дзядзькам Ігнатам, які таксама любіць вёску і збіраецца туды пераехаць, Віктар тлумачыць яму, што "без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю, дык гэта — каб тое і другое ў чалавечай душы прымірыць…" Віктару нялёгка знайсці адказ на пытанне, як здабыць душэўную раўнавагу і спакой. Яму хочацца быць гараджанінам, перастаць думаць пра вясковае жыццё, але ён не можа зрабіць гэта адразу, ды і наўрад ці гэта яму ўдасца. Таму і жыве ў яго душы гэта "самая патаемная і душэўная думка" — прымірыць горад і вёску. Праўда, апошнім часам да яго ўсё часцей прыходзіць думка другая: "можа, праўда дзядзькі Ігната, і чалавеку па-сапраўднаму трэба што-небудзь адно: горад ці вёска?.. Кожны чалавек павінен добра ведаць сваё месца на зямлі… кожны мае права любіць нешта асабліва моцна…" Віктар настолькі любіць вёску, што душа яго перапаўняецца радасцю ад думкі пра касьбу: "…мне здавалася, што заўтра са мною павінна здарыцца нешта асабліва значнае і важнае, што заўтра, можа, канчаткова вырашыцца мая даўняя спрэчка з самім сабою…" Назаўтра, ужо пасля касьбы, Віктар убачыць плён сваёй працы, пачуе пах скошанай травы, убачыць жмуток сена на тратуары… Герой адчувае сябе шчаслівым, таму што "вёска засталася сваёй маленькай часцінкай у горадзе". Сімвалічна, што вёску з горадам: у душы Віктара прымірыла праца, якая спакон веку лічылася для жыхара вёскі неабходнасцю, любоў да якой прывівалі бацькі з самых малых гадоў.
  Уражлівы, лірык у душы, Віктар асабліва раскрываецца ў лісце да школьнага сябра. Вернасць школьнаму брацтву, сяброўству, традыцыям сумленнага жыцця, што залажыла ў душы героя вясковая школа, — важныя рысы Віктара, які з’яўляецца і аўтабіяграфічным, і тыповым вобразам, збіральным для пакалення, што ў маленстве перажыло вайну.
  Дзядзька Ігнат шмат у чым падобны да Віктара. Але ён больш сталага ўзросту, чалавек, які ўжо пажыў на свеце, мае вялікі жыццёвы вопыт, якім шчодра дзеліцца са сваім сябрам. Ён, як і Віктар, вясковы жыхар. Ён любіць вёску і ніколі б не паехаў з яе, але абставіны прымусілі "паказаць душэўную слабасць", як ён сам скажа пра выпадак з фінінспектарам, які пакрыўдзіў суседку Ігната — удаву Арыну: забраў за падаткі карову. Ігнат не мог не заступіцца: "набіў таму гаду тоўстую морду". Ён не шкадуе аб гэтым, адно шкада — з вёскі прыйшлося з’ехаць, каб "той гад справу не завёў". Але ён збіраецца вярнуцца ў вёску, як бачна з яго ліста да сваякоў: "…я ўсё больш і больш пачынаю думаць пра нашу вёску… дык і кажу сабе: дурны ты, дурны, чаго ты са свайго гнязда сарваўся!" Гэты гаспадарлівы чалавек, які ўжо сабраў грошы на хату, вельмі працалюбівы (хоча працаваць лесніком, ды і ў горадзе знаходзіць, чым заняцца, — падгаварыў Віктара скасіць газон); руплівы і ашчадны (перажывае, што піларама, якую паставілі ў яго вёсцы, шмат лесу пераводзіць на глум). Ён мудры дарадца, які любіць перадаваць свой вопыт маладзейшым не толькі словам, але і справай: Ігнат паказвае Віктару прыклад у час касьбы і так пранікнёна гаворыць пра касьбу, што Віктару здаецца: "Ён (Ігнат) нібы пасвятлеў увесь". Ён па-вясковаму любіць і шануе працу і робіць яе, нібы выконвае святочны рытуал. Справядлівасць, сумленнасць, шчырасць і дабрата ў адносінах да людзей — вось асноўныя прынцыпы жыцця Ігната. Пра гэта вельмі яскрава сведчаць яго маналогі, у якія пісьменнік уводзіць стыхію народнай мовы. Аўтар перадае асаблівасці гаворкі Ігната, якая перасыпана прастамоўямі і афарызмамі: "халупа", "белы свет", "дзеўкі што трэба", "кухталёў надае", "на глум ідзе", "рукі ёсць, горб таксама", "набіў гаду тоўстую морду ".
  Менавіта ў вусны дзядзькі Ігната пісьменнік уклаў балючыя словы пра дабро і зло, пра тых брыгадзіраў, старшынь і "падстаршынкаў", што "на людскім горы, на ўдовіных слязах свой падчаровак гадавалі". З болем гаворыць ён пра мінулую вайну, пра велізарныя страты: "Такую вайну на плячах вынеслі, столькі пакінулі сірот, матак няўцешных і ўдоў… Столькі аратаяў, цесляроў на той вайне палягло…" Як і вобраз Віктара, вобраз дзядзькі Ігната — збіральны для сапраўднага прадстаўніка беларускай вёскі.
  Адметнасць кампазіцыі апавядання — у яе арыгінальнасці. Твор складаецца з шасці частак — "Ліст першы", "Дзядзька Ігнат", "Ліст другі", "Заўтра футбол", "Ліст трэці", "Пара касавіцы". Кожная з гэтых частак не самастойная ў стылявых адносінах: у кожнай так ці інакш характарызуюцца ўжо знаёмыя героі, паказваюцца сцэны з іх жыцця, развіваецца і ўдасканальваецца наша ўяўленне пра іх.
  Міхась Стральцоў вельмі ўдала карыстаецца эпісталярным жанрам (жанрам пісьма). Мы чытаем пісьмо Лены да Віктара, ліст Віктара да яго школьнага сябра, ліст дзядзькі Ігната да сваякоў. Пісьмы герояў дапамагаюць аўтару раскрыць іх як бы знутры, даць ім магчымасць расказаць пра сябе, ахарактарызаваць іншых удзельнікаў падзей. Лісты і некаторыя іншыя часткі твора — пераважна лірычныя маналогі, у якіх раскрываюцца не толькі думкі, але і пачуцці, перажыванні герояў. Толькі ў частцы "Дзядзька Ігнат" пераважаюць дыялогавыя формы падачы матэрыялу.
  З мноства тэм, з апісання жыцця розных людзей, сцэн і эпізодаў апавядання Сена на асфальце" вынікае яго гуманістычная ідэя: аўтар заклікае любіць вёску і горад, шанаваць народныя традыцыі, у першую чаргу — павагу да працы, шчырыя і добрыя адносіны да людзей, любоў да роднага кутка, якія спрадвеку выхоўвала вёска. "Сена на асфальце" — гэта сімвалічны вобраз — напамін пра нашы вясковыя карані, пра вялікую патрэбу кожнага чалавека ў дабрыні, шчырасці, у каханні і сяброўстве, у існаванні на зямлі такога месца, дзе табе асабліва добра, дзе ты патрэбен.

Сказать спасибо
( 40 оценок, среднее 3.85 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений