Абуджэнне паводле У. Дамашэвіча

Пераказы

Іграў аркестр. Не аркестр, а хутчэй сямейны ансамбль. Музыканты былі з Баранавіч, усе з адной сям’і: дзве сястры, брат і муж аднае з сясцёр. Чатыры музыканты на чатыры інструменты: скрыпку, акардэон, віяланчэль і бубен. Больш за ўсіх кідалася ў вочы скрыпачка, апранутая ў чорную дарагую сукенку, чорненькая, невысокая і зграбная, з вялікімі цёмнымі вачыма на белым твары і чорнымі пышнымі валасамі. Другая, маладзейшая, туліла да сваіх грудзей бліскучы ад перламутру вялікі акардэон. Малодшы брат жанчын – барабаншчык, а другі іграў на віяланчэлі.
Мазуркі, абэркі, паланезы, танга, вальсы… Танцы ў розным тэмпе, з розным настроем, у кожнага была свая душа, сваё гукавое аблічча.
Саліравала чарнявая скрыпачка. Яна стаяла крыху наперадзе ўсіх і іграла. Іграла не толькі скрыпка ў яе руках. Яна ўся іграла сама – ад спрытных ног да кончыкаў валасоў. Скрыпачка ўвесь час мянялася: іншы выраз твару быў у яе, іншая ўсмешка, іншая пастава; па-рознаму хадзіла правая рука, у якой свабодна і плаўна, як дасканалая дырыжорская палачка, лётаў тонкі рухавы смычок. Ён далікатна, але ўпэўнена дакранаўся да струн, і яны давалі жыццё тысячам чароўных гукаў, якія напаўнялі ўсё наваколле, западалі ў душу. О, гэтая скрыпка! Што яна рабіла з людзьмі!
Здавалася, скрыпка ўздыхала ледзь прыхаваным чалавечым болем.
Пачынаўся танец, кружыліся пары, а скрыпка спявала яшчэ галасней, перакрываючы сярэбраныя гукі акардэона, падымаючыся над нізкімі жалобнымі нотамі віяланчэлі. Скрыпка спявала і плакала, смяялася і галасіла наўзрыд, уздыхала, шаптала і ўмольвала, яна злавала, загадвала і праклінала. Было ў яе голасе ўсё, што ёсць у кожнай чалавечай душы. Няйначай яна іграла славуты «Паланез» Агінскага…
Урэшце скрыпачку запрасіў на танец адзін франт з вусікамі і ў камізэльцы, відаць, заўзяты танцор.
Цяпер усе, раскрыўшы раты, пазіралі не на аркестр, а на танцораў і менавіта на яе, бо дагэтуль на франта ніхто асабліва не заглядваўся. Чамусьці адразу збяднеў і аркестр, нечага ў ім стала бракаваць і, здаецца, не хапала таго агню, таго высокага напалу, які прыносіць сапраўднае натхненне. Такі праўда: шумеў лес, толькі не было ў ім салаўінай песні…
А танцавалі яны здорава! Франт, па ўсім відаць, быў танцор адмысловы. Ён кружыў яе, як пушынку. Тэмп быў шалёны, а яны ўдваіх рабілі такія нечаканыя павароты – справа налева ці наадварот, так раптоўна мянялі кірунак ці рвалі з месца, што ўсе ахалі. Здаецца, ногі ў іх не датыкаліся да падлогі.
Усмешка, на гэты раз больш напружаная, не сыходзіла з яе вуснаў, але не было відаць стомы ў яе шырока раскрытых вачах, толькі рука, што ляжала ў партнёра на плячы, выдавала яе трывогу – яна баялася канфузу – і, напэўна, хацела даказаць, што і ў танцы яна не горшая, чым у музыцы… I яна гэта даказала! Першы здаўся кавалер. Ён раптоўна спыніўся і ўпаў перад ёю на адно калена, аж задрыжала падлога, пасля далікатна пацалаваў ёй руку. Твар яго гарэў агнём, а яна стаяла яшчэ больш бледная, толькі дыхала глыбока і часта. Усе запляскалі ў далоні, зашумелі, пасыпаліся воклічы «брава».
Пасля той музыкі я доўга быў сам не свой, жыў як у сне. Музыка была ў маёй галаве, ва ўсёй маёй істоце, яна перапаўняла мяне да краёў. Я бачыў, што на свеце ёсць нешта такое, без чаго жыццё будзе здавацца няпоўным і нецікавым. Ва мне абудзіўся чалавек.
(532 словы)

Паводле У. Дамашэвіча.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий