Абуджэнне Паводле Я. Коласа

Пераказы

Вясна, пачаўшыся раптоўна, няспынна збірала сілы і ў некалькі дзён шпарка змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльную вадзяную пустыню, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняй травою. Толькі цёмныя пушчы захоўвалі яшчэ сваю суровасць, нават няветлівую панурасць, тоячы ў сваіх нетрах звярыныя логавы, непраходныя дрыгвяністыя балоты, рэчкі, азярцы, пясчаныя груды-астравы, вузкія, не ўсім вядомыя праходы, дарогі з бясконцымі брадамі і цэлыя шырачэзныя рэкі снегавой вады, што рухліваю лавінаю пералівалася з балота ў балота, па цёмных нізінах накіроўваючыся ў Прыпяць, паднімаючы ўзровень яе вады.
Але затое ж як вясёлы і прыветны цяпер ускраіны гэтых пушчаў, дзе кожная пядзя зямлі, прыгрэтая веснавым сонцам, жыве сваім радасным абуджаным жыццём, выпускаючы першыя парасткі маладога зяленіва. Заварушыліся мурашкі, разнастайныя жучкі, шматлікія кузуркі, такія малюсенькія, што трэба ўважна прыглядацца, каб заўважыць іх радасны мітуслівы рух на кожным абагрэтым сонцам шматочку зямлі, на сухіх былінках, на кары даўно згніўшага дрэва. А паветра звініць птушыным гоманам, дружнымі крыкамі, клопатамі аб сваім доме, дзе можна было б абсталявацца і зажыць сямейным жыццём.
(169 слоў)

Паводле Я. Коласа.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий