На гэты раз рыбакам пашанцавала.
Сярод малых плотак, язёў у невадзе быў сом з адным вокам.
А ці не той драпежнік, пра якога расказвала цётка Матрона? – заўважыў адзін з рыбакоў.
Панесла неяк Матрона бялізну на возера паласкаць. Не паспела жанчына аглянуцца, а сукенка паплыла па вадзе. Учапілася жанчына дзвюма рукамі і што ёсць сілы пацягнула на сябе. Над вадой усплыла ашчэраная зяпа, потым і ўся пляскатая галава. Напалохалася Матрона. Схапіла бялізну і пабегла дамоў.
А тым часам сом заплыў на сярэдзіну возера, дзе плавалі гусі. Хацеў паласавацца гусяцінай. Але толькі выткнуў галаву з вады, як трывожна закрычаў гусак.
Матрона бачыла, як маленькія гусяняткі кінуліся да берага, а гусак напаў на сома. ( ом разгубіўся. Ён ведаў сваю сілу над усім, што жыло ў возеры. А тут знайшоўся дужэйшы. Гусак злаўчыўся і дзеўбануў сому ў вока.
Праз сваю прагнасць сом і ў невад трапіў.
(144 словы)
Паводле А. Пальчэўскага.