Алена Васілевіч — Чынгісхан

Алена Васілевіч

Увага! Поўны змест

   Гэта мая трохгадовая суседка… Пачакайце, пачакайце, не перабівайце. Няма ніякай памылкі. Паўтараю: і суседка і Чынгісхан… У кароценькай ружовай сукенцы, з белым капронавым бантам на ўсю галаву, з гарэзлівымі чорнымі вочкамі. Яны то хаваюцца, нібы мышкі, у раскосых, вузенькіх шчылінках, калі Чынгісхан зацекаецца ад смеху, то льюць ручаём слёзы, калі Чынгісхан абавязкова хоча паставіць па-свойму, а гэта ніяк не ўдаецца. А то яшчэ гэтыя вачаняты ўмеюць хітра-хітра цікаваць сваю ахвяру: якога-небудзь карапуза, якога ў гэты самы момант Чынгісхану неабходна стукнуць па галаве…
   А па самай справе ў суседкі мае — Чынгісхана — імя самае лагоднае, самае ласкавае з усіх, якія я толькі ведаю: Алёнка… Праўда, карыстаюцца ім звычайна толькі тата з мамай. А па вуліцы за свае раскосыя татарскія вочкі і за буйны нораў Алёнка адклікаецца на Чынгісхана.
   Упершыню з’явілася яна на нашым двары гэтай зімою. Бягу я неяк з работы дадому (на вуліцы маразіна!) і ў сябе ля парога раптам страчаю круглую кадушачку, апранутую ў чырвонае палітцо, у валёнках, у пуховай хустцы. Каб не змерзла, кадушачку падперазалі папружкай. Цікавая асоба. Цікава пазнаёміцца. Хачу зазірнуць кадушачцы ў твар, а ў яе з-пад насунутай на самы лоб хусткі тырчыць толькі выцягнуты, як у вожыка, лычык. Такі пацешны, такі сімпатычны.
   — Добры дзень вам, лычык! — вітаюся я з кадушачкай.
   А яна раптам як фыркне на мяне:
   — Ідзі!
   Вось дык знаёмства.
   Тут да кадушачкі падбегла мама (яна стаяла непадалёку з суседкай), пачала ўсчуваць яе, хацела нават набіць, ды я заступілася:
   — Ну за што вы яе? Яна ж разумная дзяўчынка…
   У адказ кадушачка толькі бліснула на мяне хітрымі раскосымі вочкамі і яшчэ больш надзьмулася: мусіць, не паверыла.
   Праўда, потым адносіны ў нас наладзіліся. Цяпер Алёнка страчае кожны раз мяне з работы цудоўнай заявай:
   — Я пайду да вас!
   I няхай толькі не здолею я як-небудзь адхіліць гэту выдатную заяву, як яна ў момант абгоніць мяне і праз хвіліну ўжо малоціць кулакамі і нагамі ў нашы дзверы.
   Звычайна я хачу абхітрыць Чынгісхана.
   — У нас жа яшчэ няма нікога дома.
   — А вось і ёсць! — і не думае нават зважаць на маю няўдалую дыпламатыю Чынгісхан, апярэджваючы мяне па лесвіцы. Па дарозе яна паведамляе мне:
   — Мы будзем гуляць у лялькі.
   «Мы» — гэта азначае, што на нашай пляцоўцы Чынгісхан прыхопіць яшчэ сваю сяброўку — сінявокае, шаўкавістае, нібы з мяккага лёну, стварэнне — Наташу.
   Сваё абяцанне Чынгісхан не кідае на вецер. Не паспяваю я распрануцца, як у дзверы пачынаюць малаціць у дзве пары чаравік і кулакоў.
   Гэта ідуць госці.
   Гасцей гэтых, вядома, можна было б і адправіць — няхай бы лепей гулялі на вуліцы, але ў іх ёсць заступніца — мая дачка. Яна, хоць ужо і круціцца па гадзіне перад люстрам, таксама не адмаўляецца яшчэ пагуляць у лялькі з Чынгісханам і Наташай.
   — Ах вы мае абязьяны! — сустракае яна гасцей.
   — Ах ты мая базяна! — адказваюць ёй госці.
   Агульная мова знойдзена. Госці падаюць на тахту жыватамі, дрыгаюць у захапленні нагамі, штурхаюцца, пішчаць, рагочуць.
   Гэта нешта накшталт рытуалу.
   Я безнадзейна махаю рукой: тут ужо нічога не зробіш. Дачка мая зацекаецца разам з гасцямі. «Базяны» сапраўды,
   Потым мы садзімся абедаць.
   — Мы таксама хочам есці! — патрабуе звычайна першай Чынгісхан. Яе не трэба запрашаць — яна ўжо за сталом.
   — Мы таксама хочам есці! — уторыць Наташа.
   — Вашы мамы хіба не кармілі вас дагэтуль? — пытаемся мы ў гасцей.
   Не маргнуўшы, абедзве глядзяць святымі вачыма:
   — Не, не кармілі.
   — Ах, якія кепскія вашы мамы!
   — Ах, якія кепскія васы мамы! — хорам паўтараюць госці.
   — Ну, тады мыць рукі!
   — Я не хачу! — умошчваецца на зэдлік Чынгісхан.
   — I я не хацу! — паўтарае ўслед Наташа.
   — Ну, тады марш з-за стала.
   — А я не хачу! — не могучы топнуць, махае ў паветры нагой Чынгісхан і стукае смуглым кулачком па стале.
   — I я не хацу! — тое ж самае паўтарае Наташа і таксама пляскае па стале беленькай, незагарэлай ручкай.
   — Ах вы неслухі! — мая дачка бярэ гасцей за рукі і вядзе ў ванны пакой.
   Госці ўпіраюцца, вішчаць, зацекаюцца ад смеху, але ідуць усё ж.
   Пасля мыцця Чынгісхан імкнецца зноў захапіць ініцыятыву ў свае рукі.
   — Мы не хочам баршча!
   — Мы не хоцам барсца! — крычыць і Наташа.
   — А што ж вы хочаце?
   — Я хачу яйцо! — патрабуе Чынгісхан.
   — I я хацу айцо! — уторыць Наташа.
   — Айца няма. Ешце сырнікі са смятанай.
   Бяруць відэльцы, поркаюць сырнікі, пэцкаюць іх у смятане, аблізваюць.
   — Нясмачна! — неўзабаве паведамляе Чынгісхан і адсоўвае талерку.
   — Нясмачна! — з набітым ротам бразгае відэльцам і Наташа.
   — Ах вы парасяты! — не вытрымлівае дачка. — Вось я вас зараз!
   — Ты сама парасята! — не застаюцца ў даўгу гарэзніцы і тут жа патрабуюць:
   — А што вось гэта — хочам гэтага!
   — Гэта кісель.
   — Хочам кісялю! Хочам кісялю! — штосілы адна перад другой крычаць госці.
   — Дай ім, калі ласка, кісялю і забірай іх хутчэй з-за стала,— прашу я дачку.
   Пасля кісялю пачынаецца другое мыццё. А затым пачынаюцца лялькі, мішкі, пачынаецца чытанне, маляванне, спевы.
   — «Пусть всегда буду я-а-а…» — на адной ноце, чамусьці заўсёды з канца, пачынае Чынгісхан.
   — «Пусть всегда будет м-а-ама!» — успамінае пра маму Наташа.
   …Штурхаючыся і збіваючы адна другую, яны працягваюць шматаваць на кавалачкі песню:
   «Пусть всегда будет п-а-апа!»
   «Пусть всегда будет б-а-абушка!»
   Ах, якую святую праўду яны спяваюць!..
   Потым на нейкі час усё сціхае — госці заняліся сур’ёзнай справай. Заходжу праз некаторы час у свой пакой… Госпадзі! Чынгісхан стаіць з нагамі на маім пісьмовым стале і з выглядам чалавека, занятага самай сур’ёзнай справай, цягнецца да партрэта Пушкіна. Ёй абавязкова трэба яго зняць і… скінуць на падлогу. На падлозе ўжо ляжыць левітанаўскі «Сакавік», падлога ўсцелена ўжо газетамі і часопісамі. На гэтай папяровай пярыне, сціскаючы ў абдымках ляльку, валяецца Наташа.
   — Што ж гэта вы нарабілі, нягодніцы?
   — Ідзі! Ідзі! — тупае на мяне па стале нагою Чынгісхан.
   — Ідзі! Ідзі! — махае нагою ў паветры і Наташа. Ёй лянота ўставаць, аднак не хочацца адставаць і ад Чынгісхана.
   — Дзеці, — іду я на хітрасць, — вас клічуць дадому ўжо вашы мамы.
   — Ай! Не хочам дадому! — у адзін голас крычаць свавольніцы і як мага ціснуцца пад стол — хавацца ад мам.
   I калі мамы сапраўды прыходзяць па дачок — іх вачам адкрываецца відовішча, якое можна параўнаць з полем бою, пакінутым праціўнікам.
   — Божа мой! — усплёскваюць рукамі мамы. — I навошта вы іх церпіце? Навошта вы пускаеце іх да сябе?
   Дзівачкі… «Навошта»? Ну як ты іх не пусціш, як ты іх не будзеш цярпець, гэтых чынгісханаў…

1963

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий