Алена Васілевіч — Мая гаспадарка

Алена Васілевіч

Увага! Поўны змест

  Раніцай бабуля наліла мне шклянку малака — запіць снеданне — і сказала:
  — Канчай, унучак, есці ды бярэмся за гаспадарку. Твае дзядзька і цётка напрацаваліся ўжо недзе ў полі, пакуль ты спаў.
  — За якую гаспадарку? — не зразумеў я.
  — А я табе раскажу.
  Ну што ж, за гаспадарку дык за гаспадарку. У нас у горадзе ніякай гаспадаркі няма. А калі ў бабулі яна ёсць — буду дапамагаць. Так мне і мама дома сказала: «Глядзі, Вова, дапамагай бабулі. Яна старэнькая».
  Бабуля і кажа:
  — Пайдзі, унучак, зірні, куды гэта падзеліся нашы падушачкі…
  — Добра, бабуля, зараз!
  Я ўсхапіўся з-за стала і хуценька пабег у «новую» хату — так называлі чысты і заўсёды прыбраны пакой, дзе мы з бабуляй спалі. Там усё было ў парадку: ложкі засланы, а падушкі, узбітыя бабулінымі рукамі, узнімаліся ледзь не да столі. Маленькія падушачкі-думкі таксама ляжалі на месцы…
  — Бабуля, яны ляжаць на ложках! — Мне нават дзіўна было з бабулінага загаду: сапраўды, куды ж ім дзецца — гэтым яе падушачкам?
  — А дзіцятка ты маё! — пляснула рукамі бабуля і аж затрэслася ўся ад смеху. — А я думаю, чаго гэта ён у тую хату пабег, а ён падушак глядзець…
  — Ты ж сама загадала мне,— пакрыўдзіўся я, не разумеючы, што магло так рассмяшыць бабулю.
  — Дурненькі, гэта ж я сказала, каб ты пайшоў паглядзеў, дзе пашы гусяняткі ходзяць.
  — Гусяняткі?.. А ты ж сказала: «Ідзі паглядзі падушачкі…»
  — А з чаго ж падушачкі робяць?
  — З чаго? Не з гусянят жа!..
  — Ды пэўна ж — не з гусянят…— зноў засмяялася бабуля.
  I растлумачыла мне, што падушкі робяць з пер’я і пуху, а пух і пер’е расце на гусях. А гусі вырастаюць з гусянят. Вось і выходзіць, што гусяняткі і сапраўды маленькія падушачкі…
  Я ўсё зразумеў і другі раз ужо не ашукаўся б.
  Пад вечар, як спала гарачыня, я ўзяў пужку яе мне звіў з пянькі дзед Васіль — і пагнаў на выган бабуліных свіней: старую Рабую і двух чорных вепручкоў. Стаю сабе ля плота і свішчу пужкай у паветры: ж-жык! ж-жык! Цвіце жоўты, як сонейка, адуванчык — я па ім ж-жык! Паўзе па дарозе чорны бліскучы жук — я і яго ж-жык! Толькі адвярнуўся — аднекуль прыляцеў і кружыцца белы матылёк. Я і на яго замахнуўся — ж-жык! Але матылёк замахаў крыльцамі і паляцеў у жыта.
  А я ўсё ж-жык і ж-жык у паветры!
  Раптам чую, крычыць з поля цераз дарогу бабуліна суседка, цётка Ігналіха, — яна там буракі палола.
  — Вова! Што ты там робіш? Паглядзі, дзе тваё сала ходзіць!
  Глянуў я навокал: ляжыць мая торбачка з хлебам і салам, як і ляжала.
  — Нідзе яно не ходзіць! — крычу ў адказ. — Ляжыць каля мяне.
  — Ляжыць каля цябе?! А ты паглядзі добра, што твае свінні робяць?
  Я азірнуўся яшчэ раз. Сапраўды, свіней не было на выгане. Куды ж яны маглі падзецца? I раптам убачыў іх. Яны рылі лычамі бульбу за плотам. Я кінуўся выганяць свіней, а цётка Ігналіха стаяла са жменяй зелля ў руках і адчытвала мяне:
  — Бач ты яго! Знайшоў сабе занятак з пугай. Глядзеў бы лепей свіней, калі прыгнаў пасвіць.
  — А вы ж казалі — сала… — агрызнуўся я і тут жа здагадаўся: дык сала — гэта ж тыя самыя свінні! Усё роўна як і падушачкі… Усё тут наадварот завецца, усё не так, як у нас дома, у горадзе…
  А то аднойчы мы з дзедам Васілём вазілі ў калгасе снапы. Дзед пасадзіў мяне на воз, сам ідзе збоку, канём кіруе. А насустрач нам старшыня калгаса.
  — Што гэта ты, — кажа, — Вова, на хлебе едзеш?
  А я адказваю:
  — Я не на хлебе, а на снапах…
  Ён засмяяўся і гаворыць дзеду:
  — Вось, адразу відаць, што з горада! Вучы яго, дзед, як хлеб расце, вучы!
  Усё вучы ды вучы — быццам я сам не вучуся і нічога не разумею. Паказала мне бабуля, як прапалоць граду, дзе расла морква, дык я так чыста выпалаў, што ніводнай зялінкі не засталося… I вучыць не трэба было…
  Або скажа мне бабуля: «Ідзі, Вова, стрэнь наша малачко. Яно ўжо недзе за рэчкай — ідзе дадому». Значыць, трэба ўзяць лусту хлеба ці жменю бурачнага лісту і ісці сустракаць нашу карову Белку. Яна так у бабулі прывучана: стрэнь чым-небудзь, а то міне двор і пойдзе па ўсёй вёсцы… Калі ж Белка не прыходзіць дадому, бабуля злуецца і крычыць: «Ото ж удалося малачко!»
  Але мяне ўжо тут не ашукаеш! Малако, значыць, карова! А карова, значыць, малако!
  Я сваю гаспадарку ўжо добра ведаю!

1960

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 4 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий