Алена Васілевіч — Як я быў доктарам

Алена Васілевіч

Увага! Поўны змест

  Ідучы на работу, мама загадала мне:
  — Вова, у дванаццаць гадзін закапаеш Наташы вочы. Альбуцыд у шафцы.
  — А-ай…— гатовая вось-вось раскіснуць, скрывілася мая любая сястрыца.
  — Не «ай»! — строга спыніла яе мама і ўдакладніла, звяртаючыся да мяне: — Па дзве кроплі ў кожнае вока.
  Мама ведала, каму дае даручэнне, і ўсё ж не стрымалася:
  — I, калі ласка, нічога не пераблытай, як гэта ў цябе часта бывае…
  Спачатку я хацеў быў пакрыўдзіцца, але перадумаў — я ж не дзяўчынка, каб надзімаць губы ад кожнай дробязі. Мой настрой узняўся, бо ўсё-такі не каму-небудзь іншаму, а мне мама даручыла лячыць Натку, і, непрыкметна тузануўшы сястру за касу, я горача запэўніў маму:
  — Не хвалюйся, мамачка, роўна ў дзве гадзіны я закапаю ёй па дванаццаць кропель у кожнае вока!
  — Я так і ведала! Ты ўжо і зараз, не паспела я за дзверы выйсці, усё пераблытаў… Не па дванаццаць кропель, а па дзве! I не ў дзве гадзіны, а ў дванаццаць… Ды глядзі, у школу не спазніся!..
  — Не спазнюся, мамачка, не! Ідзі на работу, а то сама спознішся… Я добра памятаю: у дванаццаць па дзве!
  Ледзь не падштурхваючы, я правёў маму да дзвярэй, там яна яшчэ раз строга паўтарыла сваё: «Глядзі ж, не забудзь і нічога не пераблытай», і я нарэшце з нейкім шчаслівым адчаем шчоўкнуў ключом у дзвярах.
  Перакруціўшыся на адной назе і робячы выгляд, што бягу на каньках, я накіраваўся ў пакой, дзе была Натка — мая хворая, або пацыентка, як кажа наш сусед па калідоры, доктар Бабровіч.
  Натка сядзела, надзьмуўшыся, на канапе і перагортвала тоўсты стос «Мурзілак», сабраных за некалькі гадоў і сшытых тоўстымі шэрымі ніткамі,— гэта мяне тата прымусіў падшыць «Мурзілкі», каб не валяліся дзе папала, а былі разам.
  Я паглядзеў на Натку: падумаеш, грамацейка знайшлася! У самой шчокі тоўстыя, ружовыя, на галаве бант, таксама ружовы, і два такія ж ружовыя банты ў тоўстых белых косах.
  Я ніколі не мог прайсці паўз сястру, каб не пацягнуць яе за гэтыя косы з бантамі.
  Так я зрабіў і зараз.
  — Пусці, а то як дам!
  Хоць Натцы ішоў усяго толькі сёмы год — мне ўвосень споўніцца ўжо адзінаццаць! — і дома яна была страшэнная плакса, здачы даваць яна ўмела. На нашым двары яе баяліся ўсе малыя. Але то былі малыя, а я… Зрабіўшы страшны твар і гіпнатызуючы Натку жудасным позіркам, я наблізіўся да яе і зларадна зашаптаў:
  — А я табе закапаю не па дзве, а па дванаццаць кропель альбуцыду ў кожнае вока! Ага!
  I я зарагатаў тым агідным смехам, які мы чулі ў махноўца, калі глядзелі ў тэатры лялек «РВС» Аркадзя Гайдара. Не ведаю, што больш напалохала Натку — мой страшэнны выгляд ці дванаццаць кропель альбуцыду, але яна пранізліва піснула, ускочыла з нагамі на канапу і загаласіла на ўсю кватэру:
  — Не буду! Не хачу! Я маме скажу, як прыйдзе!..
  Да мамінага прыходу было яшчэ далёка, мама толькі што выйшла…
  А ўсё астатняе — «не буду», «не хачу» — мяне асабліва не турбавала. Я быў старэйшы ў доме і быў надзелены бязмежнай уладай.
  Каб не аглухнуць ад гэтага піску і плачу, я парашыў лепш перайсці да халоднай вайны.
  — Не хочаш, не будзеш, — значыць, аслепнеш! — тонам, ад якога, як мне здавалася, павінна была застыць кроў у жылах, прыгразіў я.
  Натка ў момант прыціхла, недаверліва глянула на мяне і прыкусіла кончык указальнага пальца зубамі. Гэта азначала, што яна або нешта хітруе, або сапраўды спалохалася.
  Цяпер, калі перамога была на маім баку, у мяне чамусьці зусім адпала ахвота дражніць сястру. Аднак, паколькі я ўсё ж быў пераможцам, я не мог і не хацеў першым пачынаць перагаворы. Першай павінна была папрасіцца яна. У мяне.
  Але сястра не спяшалася прасіцца. I я, каб яшчэ больш узвысіць сваю ўладу, падышоў да шафкі, дзе стаяла наша хатняя аптэчка, узяў з палічкі бутэлечку з альбуцыдам, павольна паднёс яе да правага вока, потым пабоўтаў, паглядзеў на святло. Затым, не спяшаючыся, узяў у рукі піпетку — такую шкляную трубачку, з маленькім гумавым пухірком на канцы, для закапвання вачэй…
  — Мама сказала ў дванаццаць закапаць. А зараз яшчэ няма дванаццаці, яшчэ рана… — нібы сухі кляновы ліст, прашалясцеў у мяне за спіной дрыжачы шэпт.
  Я распрастаў плечы і, не адказваючы Натцы, зноў паўтарыў па парадку ўвесь свой дослед: паднёс бутэлечку з альбуцыдам да вока, паглядзеў кроплі на святло, націснуў некалькі разоў піпетку.
  — Яшчэ не пара закапваць,— мацней задрыжаў за маёй спіной роспачны шэпт.
  Па натуры я зусім не такі строгі і злосны, якім заўсёды стараўся здавацца перад сястрой. З мяне ўжо было даволі і сваёй улады, і яе страху перад гэтай уладай, і яе слёз. Стоячы бокам да сястры, я суха сказаў:
  — А я і не збіраюся зараз закапваць.
  — Мама гаварыла, каб мы прыбралі кватэру,— ратуючыся ад маіх лекаў, выдумала першае, што ёй прыйшло ў галаву, Натка.
  — Ты што будзеш рабіць? — як і належыць мужчыну і пераможцу, велікадушна спытаў я. — Вазьмі павыцірай пыл, а я пайду дарожкі выб’ю…
  — Я таксама хачу выбіваць дарожкі! — запярэчыла Натка, але, успомніўшы пра сваё заняволенае становішча, адразу ж пакорна адмовілася: —   Ну добра, давай зробім, як ты хочаш…
  Як я хачу!.. Мая сястра, якая ніколі ў жыцці нікому і ні ў чым не ўступала, цяпер гаварыла мне: «Давай зробім, як ты хочаш…» Вось што значыць перамога!
  Я скакаў па лесвіцы цераз дзве прыступкі і цягнуў, нібы хвост, доўгую дывановую дарожку. Я нават спяваў «Барабаншчыка»:

Однажды ночью на привале
Он песню весёлую пел,
Но, пулей вражеской сражённый,
Пропеть до конца не успел…

  Праз гадзіну нашу кватэру было не пазнаць. Мы з Наткай, калі хацелі, умелі парадаваць маму. Мы нават падлогу вымылі, хоць спачатку і не думалі яе мыць. Праўда, шаруючы анучамі, мы не заўважылі, як намачылі і запэцкалі адзенне: я — сваю новенькую школьную форму, а Натка — сукенку, якую ёй падарылі на дзень нараджэння.
  Пакуль мы з Наткай прыбіралі ў кватэры, а потым мокрай шчоткай чысцілі адзенне і сушылі яго на батарэі, час праляцеў непрыкметна. I калі мы зноў апрануліся, я раптам успомніў пра свае доктарскія абавязкі. Я глянуў на гадзіннік — які жах! Ужо было палова першай гадзіны.
  — Натка! — закрычаў я.— Хутчэй лажыся на падушку, я табе закапаю вочы…
  Натка скрывілася, але пакорна падмасціла сабе пад галаву аж тры вышываныя падушкі, што ляжалі на канапе, і легла, а я, кінуўшыся да шафкі, схапіў кроплі, піпетку і паспешліва прыступіў да сваіх абавязкаў доктара.
  — Глядзі на паляўнічых! Глядзі на паляўнічых! — нервова камандаваў я сястры, якая ніяк не магла расплюшчыць вочы. У нас над канапай вісела карціна мастака Пярова «Паляўнічыя на прывале».
  Натка глянула на паляўнічых, і я ў гэты момант капнуў ёй у вока адну кроплю.
  — Ой-ёй-ёй! — заенчыла Натка. — Холадна!
  — Дзе холадна? — здзівіўся я, мерачыся капнуць другую кроплю.
  Але Натчына вока нібы зашылі. Яна качалася па канапе і ўсё прыгаворвала:
  — Ой, Вовачка, холадна! У воку холадна!
  Ад нашага суседа, доктара Бабровіча, я чуў, што з хворымі трэба абыходзіцца ласкава і далікатна, нават калі яны гавораць глупства або патрабуюць таго, чаго і самі не разумеюць.
  — Гэта табе толькі так здаецца, — як мага больш ласкава сказаў я Натцы, хоць зараз куды з большай ахвотай тузануў бы яе за касу.— Ты глядзі толькі на паляўнічых…
  Натка паверыла мне і зноў на нейкі момант расплюшчыла вока, і ў тую ж хвіліну я капнуў ёй другую кроплю.
  — Ой, паміраю, ой, холадна!
  Я ведаў, што другой такой прытворшчыцы, як наша Натка, у цэлым свеце няма. Я раз нават чуў, як мама гаварыла пра гэта з татам. I таму зараз не звяртаў асаблівай увагі на крыкі. Калі яна ўжо схапіла кан’юнктывіт — так называў хваробу Наткі доктар Бабровіч, — дык трэба ж неяк ратавацца. Пасля, калі вочы перастануць балець, можна будзе ёй добра надаваць. Але пакуль што, добра памятаючы, як павінен абыходзіцца з хворымі доктар, я як мага больш пяшчотна ўгаворваў сястру:
  — Вось і ўсё! Вось і добра! Бачыш, адно вока ўжо закапалі. Цяпер давай другое… Глядзі на паляўнічых…
  Але Натка толькі качалася па канапе і лямантавала:
  — Ой, холадна! Ой, у нос пацяклі кроплі!
  Гэта ўжо ніяк нельга было зразумець. Мне самому не раз закапвалі вочы альбуцыдам, але я ніколі не мёрз і ніколі кроплі не цяклі мне ў нос. З такой пацыенткай я напэўна мог спазніцца ў школу, ужо не кажучы пра тое, што, вядома, не паспею паснедаць і павінен буду ісці з дому зусім галодны.
  — Ну, ведаеш, няма мне тут часу з табой цацкацца! — павысіў я нарэшце голас.— Глядзі на паляўнічых!
  Як і ўсякая, нават самая смелая дзяўчынка, Натка баялася сапраўднага мужчынскага тону. Яна спалохана маргнула, і я тут жа спрытна капнуў ёй кропельку ў другое вока!
  — Ай, Вовачка, міленькі, больш не трэба!
  Што за глупства! Засталося капнуць адну толькі кроплю…
  — Глядзі, піскуха! — далей вытрымліваць свой ласкавы доктарскі тон я не мог. — Вось я закапаю гэтыя кроплі сабе, хоць у мяне няма ніякага кан’юнктывіту…
  Я нават не лёг, як Натка, на падушкі, а толькі адкінуў галаву і — раз, два! — закапаў сабе спачатку ў адно вока! Раз… — у другое!
  I тут жа, не бачачы свету, я вобмацкам паставіў на край стала бутэлечку з лякарствам, паклаў піпетку і кінуўся на падушку поруч з Наткай.
  — Ну што? — прастагнала Натка, тручы вочы кавалкам марлі.
  — Н-нічога, зараз п-пройдзе, — не маючы сілы расплюшчыць вочы, прамармытаў я.
  — Табе не холадна?
  — Гм… Нешта халаднавата… У цябе не праходзіць?
  — Не-е, — зарумзала Натка. — Яшчэ далей у нос пацякло…
  «Пацякло ў нос» і мне. Пацякло нешта пахучае, рэзкае, халоднае. I, галоўнае, нельга было расплюшчыць вачэй.
  — Ну, табе ўжо лепш? — спытаў я.
  — Не, яшчэ горш… А табе?
  Я вымушаны быў прызнацца, што і мне «холадна» і «яшчэ горш»…
  — Што гэта за такі альбуцыд? Я больш ніколі не буду ім закапваць вочы. Я яго вон выкіну!..— хныкала Натка і совала па канапе нагамі.
  Я ўжо і сам гатовы быў выкінуць за акно агідную бутэлечку… Раптам мяне насцярожыў нейкі добра знаёмы пах. У чым справа? Альбуцыд жа не пахне.
  Я працягнуў руку да стала, схапіў бутэлечку і паднёс яе да левага вока, у якое паспеў капнуць усяго адну кроплю і якое яшчэ крышку расплюшчвалася… Цяпер ужо холадна зрабілася не толькі маім вачам, але і вушам, і нагам, і ўсяму целу…
  У руках у мяне было ментолавае масла — ад насмарку!
  — Натка, мы аслеплі! — у роспачы крыкнуў я.
  У Наташы, як і заўсёды, на ўсё быў толькі адзін адказ: яна загаласіла на ўсю кватэру.
  — Хутчэй бяжы на кухню! — крыкнуў я і, схапіўшы сястру за руку, пацягнуў яе да ўмывальніка.
  Адкруціўшы кран, я прыгаршчамі пачаў ліць ваду сабе на твар, на вочы. Тое ж рабіла і знявечаная маім лячэннем Натка. Аднак умыванне мала дапамагло. Тады я наліў у кубкі гатаванай вады з чайніка. Узяўшы па кавалку марлі, мы з Наткай пачалі прамываць вочы цёплай вадой. Нам зрабілася крыху лягчэй. Тады мы пачалі наліваць ваду з чайніка яшчэ і яшчэ…
  Нарэшце Натка спытала ў мяне:
  — Ну што, цяпер мы не аслепнем?
  Я не паспеў адказаць, бо да нас пастукалі. Мы кінуліся адчыняць. Суседка, цётка Поля, убачыўшы нашы чырвоныя твары і вочы, успляснула рукамі.
  — Бацюхны мае, што гэта з вамі?
  — Мы аслеплі! — урачыста паведаміла Натка.
  — Што-о?!
  — Мы закапалі вочы ментолавым маслам замест альбуцыду,— растлумачыў я.
  — Божа ж мой! — ускрыкнула цётка Поля і, нічога больш не сказаўшы, кінулася да дзвярэй.
  Мы былі вельмі здзіўлены яе паводзінамі: замест таго, каб пашкадаваць нас і чым-небудзь дапамагчы, яна пабегла да суседзяў.
  Мы замкнулі на ключ кватэру і зноў пайшлі мыць цёплай вадой свае вочы. Цяпер у нас ужо была маленькая надзея — а можа, і не аслепнем? Вачам стала цяплей, і яны не так слязіліся. Толькі, праўда, з насоў у нас пацякло, як пры добрым насмарку.
  Хвілін праз дзесяць у нашы дзверы застукалі так, што мы з Наткай аж скалануліся.
  — Хто гэта? — прашаптала Натка.
  — Не ведаю,— таксама шэптам адказаў я.
  Стук паўтарыўся з новай сілай.
  — Можа, зладзеі?
  — Не, зладзеі прыходзяць ноччу, — не зусім упэўнена супакоіў я сястру.
  Стук не спыняўся. За дзвярыма моцна гаманілі. Мы разабралі голас цёткі Полі:
  — Далібог, яны там, мусіць, патруціліся… Я траха не самлела, як убачыла. Белыя як палатно!..
  — Можа, у каго з суседзяў ключ падыходзіць да гэтай кватэры? А то прыйдзецца ламаць дзверы, — сказаў малады жаночы голас.
  Мы з Наткай надышлі да самых дзвярэй і насцярожыліся.
  — Няма такога ключа. Ва ўсіх у нас розныя ключы, — гаварыла цётка Поля. — Пабягу сякеру вазьму ды кватаранта свайго паклічу. Адны, без мужчыны, мы тут нічога не зробім…
  На пляцоўцы затупалі, забегалі,— відаць, пабеглі па сякеру. Мы з Наткай не дыхалі.
  За дзвярыма нехта грубым жаночым голасам сказаў:
  — Такіх матак, што пакідаюць у дзяцей пад рукамі што папала, трэба было б у турму саджаць.
  — Мяне непакоіць, што за дзвярыма не чуваць ні гуку — зусім інакш, заклапочана і мякка, азваўся другі, малады голас.
  Пры гэтых словах у нашы дзверы зноў пастукалі.
  Мы з Наткай пераглянуліся.
  — Не трэба адчыняць, — прашаптала Натка, — а то нашу маму засудзяць і пасадзяць у турму…
  — А калі дзверы пасякуць?..
  На пляцоўцы пачуліся цвёрдыя крокі, нехта моцна штурхануў дзверы, і мужчынскі голас крыкнуў:
  — Дзеці, ану адчыняйце!
  — Ён нас бачыць…
  Натка, а следам за ёю і я на пальчыках адышлі да вешалкі і схаваліся за старое маміна паліто…
  — Ламіце, кажу вам, дзверы! Гэта ж, не раўнуючы, дзеці, а не пянькі яловыя! Можа, іх там ужо і жывых няма — Цётка Поля была, відаць, страшэнна напалохана і ледзь не плакала.
  Заскрыгатала жалеза, затрашчалі дзверы… Мы з Наткай стаялі за вешалкай і чакалі, што вось-вось паляцяць трэскі… Што будзе, калі вернуцца дадому мама з татам і ўбачаць паламаныя дзверы? Больш маўчаць было нельга.
  — Мы жывыя! — нейкім вельмі тоненькім галаском закрычала Натка і кінулася да дзвярэй. Я — услед за ёю.
  — Мы жывыя! — лямантавалі мы ў адзін голас, ніяк не могучы павярнуць ключ у замку.
  Калі дзверы, нарэшце, адчыніліся, мы твар у твар сутыкнуліся з дзвюма жанчынамі ў белых халатах. За іх спіной стаялі цётка Поля, яе кватарант і яшчэ суседзі з іншых кватэр.
  — Ну што тут у вас? Жывыя? Здаровыя? — пераступаючы нарог, звярнулася да нас маладая цёмнавалосая жанчына ў белым халаце. Гэта была доктар «Хуткай дапамогі». Яна глядзела на нашы чырвоныя твары, і вочы яе смяяліся.
  Мы з Наткай збянтэжана апусцілі галовы.
  — Ну, хутчэй расказвайце ўсё па парадку.
  — А вы не будзеце саджаць у турму нашу маму? — спытала Натка. Нас цяпер больш за ўсё непакоіла гэта.
  — Не, не буду,— смеючыся паабяцала маладая жанчына.
  Старэйшая, таксама ў халаце, з чамаданчыкам, не згадзілася:
  — А варта было б!.. Каб ведалі, як дарэмна ганяць «Хуткую дапамогу»…
  — Ну, ну, Іванаўна…— мякка спыніла яе маладая і зноў звярнулася да нас:
  — Ну, дык што здарылася?
  — Вова лячыў мяне…— паказала на мяне Натка.
  Я ўжо крыху пасмялеў, перастаў баяцца доктаркі з чамаданчыкам і расказаў усё па парадку.

1957

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий