Алесь Бачыла — Сваёй бядзе – не лепшыя мы суддзі…

Алесь Бачыла

Сваёй бядзе – не лепшыя мы суддзі.
Цяжэй за ўсё
Свая ірвецца ніць –
Здаецца, боль прайшоў
I больш яго не будзе,
А дакранешся –
Як яшчэ баліць.

Душэўных ран не гоіць дотык лішні,
Боль не кладуць
Павязкаю на боль…
Калі бялеюць
Белым цветам вішні,
Па іх не сыплюць
Замаразкаў соль.

Вясна зіму завейную не будзіць…
Што адбалела –
Потым не баліць…
Сваёй бядзе – не лепшыя мы суддзі…
Лягчэй за ўсё
Ірваць чужую ніць.

1978

 

Крыніца: Бачыла А. Гараць лісты кляновыя: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1981. – 159 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий