Алесь Бадак — Белы Пеўнік

Алесь Бадак

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Аднаго разу Белы Пеўнік знайшоў на падворку некім забыты буквар і навучыўся па ім чытаць.
 – Мама! – радасна закрычаў ён на ўвесь падворак. – Я ўмею чытаць!
 На гэты крык збегліся і мама Чорная Курыца, і ўсе яго чацвёра сясцёр.
 – Гэтага не можа быць, – сказала мама. – Мы, куры, не ўмеем чытаць!
 – Не ўмеем! Не ўмеем! – тоненькімі галаскамі паўтарылі ўслед за Чорнай Курыцай яго сёстры.
 – А я ўмею! – з гонарам сказаў Белы Пеўнік.
 Мама пагладзіла Белага Пеўніка па галаве і, смеючыся, сказала:
 – Але раз ніхто ў нашым родзе не ўмее чытаць, то хто ж цябе навучыў гэтаму?
 – Я сам навучыўся! – адказаў Белы Пеўнік.
 – Так не бывае, – пакруціла галавой Чорная Курыца.
 – Не бывае! Не бывае! – запішчалі сёстры.
 – Калі вы не верыце, тады паслухайце, – сказаў Белы Пеўнік і пачаў чытаць па складах: – «Падаў з неба снег уранку на дарогі і на ганкі». Мама, а што такое «снег»?
 – Ну, вядома, – усміхнулася Чорная Курыца, – ты нарадзіўся на пачатку лета і яшчэ ніколі не бачыў снегу… Але ж гэта значыць, – разгубілася яна, – што ты… што ты, і праўда, умееш чытаць?!
 – Умееш! Умееш! – радасна закрычалі сёстры.
 Вестка пра тое, што Белы Пеўнік умее чытаць, хутка абляцела суседскія падворкі. Кожнаму хацелася паслухаць, як ён чытае.
 Неяк суседская Пярэстая Курыца спытала ў Белага Пеўніка:
 – А ты любыя кнігі ўмееш чытаць ці толькі гэтую?
 – Не ведаю, – шчыра прызнаўся Белы Пеўнік. – Я ніколі не спрабаваў чытаць іншыя кнігі, таму што на нашым падворку была толькі адна.
 – Значыць, не ўмееш, – упэўнена сказала Пярэстая Курыца.
 Белы Пеўнік толькі ўздыхнуў і вінавата апусціў галаву.
 – Як гэта не ўмее! – заступілася за сына Чорная Курыца. – Вядома, умее!
 – Умее! Умее! – запішчалі яго сёстры.
 – А вось мы зараз праверым! – хмыкнула Пярэстая Курыца і неўзабаве прынесла са свайго падворка кавалак газеты. – Ану, прачытай, што тут напісана!
 – «У бліжэйшыя суткі будзе воблачна, без ападкаў», – прачытаў Белы Пеўнік.
 – Ура! – у адзін голас закрычалі ўсе куры. – Без ападкаў!
 З таго часу, калі нехта знаходзіў у сябе на падворку ці кавалак газеты, ці так якую паперчыну, на якой было што-небудзь напісана, яе тут жа неслі Беламу Пеўніку. Магчыма, з яго б вырас не проста грамацей, а сапраўдны вучоны, але, на жаль, на падворках ды на ўзлеску, каля якога стаяла вёска і куды любілі хадзіць вясковыя куры, валялася не так і шмат папер, па якіх можна было вывучыцца на вучонага.
 Аднаго разу Беламу Пеўніку трапілася парваная кніга з малюнкамі розных жывёл і раслін. «Чырвоная кніга», – прачытаў Белы Пеўнік на вокладцы. Ён пачаў гартаць уцалелыя старонкі, учытвацца ў тое, што было на іх напісана. І раптам спалохана кінуўся да маці.
 – Мама! – закрычаў Белы Пеўнік. – Я прачытаў, што ў лесе расце трава, якая называецца лясны кураслеп. Значыць, мы можам ад яе аслепнуць?!
 Куры, як вядома, вельмі любяць дзяўбці траву, таму тое, што сказаў Белы Пеўнік, усіх вельмі ўсхвалявала.
 – А як выглядае гэтая трава? – спытала Чорная Курыца.
 – Я не ведаю, – ціха сказаў Белы Пеўнік. – Якраз на гэтым месцы была вырвана старонка.
 – Вось як кепска рваць кнігі! – усклікнула Чорная Курыца. – Ды яшчэ такія патрэбныя!
 – Я толькі ведаю, што гэтая трава расце не толькі ў лясах, але яшчэ і каля рэк, – дадаў Белы Пеўнік.
 – Яна расце там, дзе мы часта бываем! – закрычала Чорная Курыца. – Значыць, мы ў любы момант можам з’есці яе і аслепнуць!
 – Мы можам аслепнуць! Аслепнуць! – спалохана запішчалі сёстры Белага Пеўніка.
 – А каб гэтага не здарылася, – стала супакойваць іх Чорная Курыца, – нам, на ўсялякі выпадак, трэба перастаць дзяўбці любую траву.
 Сёстры Белага Пеўніка ўжо сабраліся паўтарыць услед за маці: «Трэба перастаць дзяўбці! Перастаць дзяўбці!», ды замест гэтага закрычалі:
 – Але мы так любім дзяўбці траву! Так любім!
 Чорная Курыца падумала і сказала:
 – Калі трапляеш у складаную сітуацыю і не ведаеш, што рабіць, трэба звярнуцца па дапамогу да каго-небудзь старэйшага.
 – Але сярод нас ты самая старэйшая, – нагадаў ёй Белы Пеўнік.
 – Не забывайце, што ў мяне таксама ёсць мама, ваша бабуля Сівая Курыца. Праўда, яна такая старая, што рэдка выходзіць з куратніка, але ў яе яшчэ добрая памяць, і можа, яна ўспомніць, як выглядае трава кураслеп.
 І ўсе накіраваліся ў куратнік.
 Сівая Курыца выслухала іх, доўга маўчала і нарэшце прамовіла:
 – Я ніколі не чула пра лясны кураслеп. Але я так доўга жыву на гэтым свеце, што перакаштавала ўсю траву, якая расце і на падворку, і ў лесе, і каля ракі. І хоць я, і праўда, кепска бачу, але хаджу куды горш.
 – Значыць, у кнізе напісана няпраўда? Значыць, у кнізе пішуць няпраўду? – расчаравана сказаў Белы Пеўнік.
 Сівая Курыца зноў доўга маўчала.
 – Даўно, я тады была яшчэ зусім маладая, – нарэшце сказала яна, – адна гаспадыня з нашай вёскі прывезла сабе курыцу з такой далечыні, што тая напачатку нават не ўсё разумела, калі мы з ёй спрабавалі загаварыць. Можа, і гэтая кніжка трапіла сюды здалёку, можа, кураслеп расце там, а не ў нас?
 Усім, а найперш Беламу Пеўніку, спадабаўся адказ Сівой Курыцы, і неўзабаве яны забыліся пра небяспечную траву.
 Потым наступіла восень, за ёй прыйшла зіма, затым пачалася вясна. Неяк раз адна з сясцёр Белага Пеўніка напілася з лужыны халоднай вады, прастудзілася і памерла.
 А на пачатку лета гаспадыня аднекуль прывезла маладзенькую курачку. Яна была белая, толькі адно крыло ў яе было чорнае. Можа, з-за гэтага, а можа, з-за таго, што падалася ганарліўкай, але яна Беламу Пеўніку адразу не спадабалася. Нават калі ён пахваліўся ёй, што ўмее чытаць, Курачка з Чорным Крылом не выказала яму такога захаплення, як гэта рабілі іншыя.
 Яна спытала:
 – А мяне навучыш чытаць?
 – Вось яшчэ! – прамармытаў Белы Пеўнік, не жадаючы прызнавацца, што ён сам не ведае, як навучыўся чытаць, таму не можа навучыць іншых.
 З гэтага часу Белы Пеўнік не прапускаў ніводнай магчымасці, каб не пакпіць з Курачкі з Чорным Крылом. А калі яна аднаго разу першай падбегла да місачкі з ячменем, якую паставіла на падворку гаспадыня, Белы Пеўнік закрычаў на Курачку з Чорным Крылом:
 – Ну ты, разагналася! Спачатку адмый сваё крыло ад сажы! З’явілася тут невядома адкуль, а паводзіш сябе так, быццам гэта мы ў цябе ў гасцях!
 Пачуўшы такое, Курачка з Чорным Крылом перастала дзяўбці ячмень. На яе вачах з’явіліся слёзы. Яна кінулася з падворка на агарод, адтуль – у лес.
 Мінуў дзень, надышоў вечар, а Курачка з Чорным Крылом усё не вярталася. А тут яшчэ пачаўся дождж. Сёстры Белага Пеўніка ўсё расказалі маці – і як ён накрычаў на Курачку з Чорным Крылом, і як тая ўцякла ў лес.
 – Як табе не сорамна было такое гаварыць на яе, – паўшчувала сына маці. – Я думала, раз ты ўмееш чытаць, значыць, ты самы выхаваны і самы разумны сярод нас. Я таксама чорная, што ж, відаць, і пра мяне можна сказаць, што я запэцкалася ў сажу…
 Белы Пеўнік усю ноч не мог заснуць. І дождж не сціхаў усю ноч. А раніцай Курачка з Чорным Крылом вярнулася з лесу. Яна была ўся мокрая. Зірнуўшы на яе, Белы Пеўнік падумаў, што яна, як увесну яго сястра, таксама можа прастудзіцца і памерці. І вінаваты будзе ён. Ад страху і сораму Белы Пеўнік кінуўся ў агарод, адтуль – на ўзлесак. Пакуль ён, апусціўшы галаву, блукаў па ўзлеску, хмары зніклі за даляглядам. Прыгрэла сонца, і стала зусім цёпла. «Яна сагрэецца на сонцы і не памрэ, – пачаў суцяшаць сябе Белы Пеўнік. – Ну, вядома, не памрэ!»
 Тым часам стала зусім горача. Белы Пеўнік вельмі стаміўся і вырашыў вярнуцца дадому. Па дарозе ён убачыў белую кветку, якая яму вельмі спадабалася. Яшчэ не разумеючы добра, для чаго, ён сарваў яе і ўсю дарогу не выпускаў з дзюбкі. Здаецца, пра тое, навошта рвуць кветкі, ён чытаў у нейкай кнізе, але гэта было так даўно, яшчэ летась, і ў той кнізе, як заўсёды, не хапала старонак.
 Заняты сваімі думкамі, Белы Пеўнік не заўважыў, што ўжо не ішоў, а бег, усё хутчэй, хутчэй. Ён спыніўся толькі тады, калі апынуўся на сваім падворку. Перад ім стаяла Курачка з Чорным Крылом.
 Ён працягнуў ёй кветку і сказаў:
 – Гэта табе… Прабач, калі ласка, за ўчарашняе…
 – Дзякуй, – сумеўшыся, ціха сказала Курачка з Чорным Крылом.
 З гэтай белай кветкай яна была такая прыгожая, што Белы Пеўнік, пазіраючы на яе, усклікнуў: «Нічога сабе! Аслепнуць можна! – А потым яшчэ падумаў: – А можа, гэтая кветка і ёсць кураслеп, бо, гледзячы на яе, здаецца, што аслепнеш?!»
 Так ён падумаў, але пра гэта нікому не сказаў.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий