Алесь Разанаў — Карона

Алесь Разанаў

  Уранні карона знайшлася, а ўдзень яе ўкралі.
 Яна была залатая – і злыя суседзі зайздросцілі нашай хаце: за што ім даецца гэткае шчасце – яны такія ж, як мы.

 Маўчаць платы і вароты.
 Перамяшчаюцца ўпотай цені.
 Бацькі не знаходзяць ад роспачы месца: і хто мог падумаць, што за каронай сочаць…

 Я пералажу праз плот у суседскі, зарослы травой, падворак, дзе жылі калісьці брат і сястра.
 Былі б яны сёння тут – я расказаў бы ім пра сваё няшчасце, якое магло стаць шчасцем, я расказаў бы ім пра карону, якую не ўпільнаваў.

 Але падворак глухі: няма ні сястры, ні брата.
 Дзесьці, дзе зараз яны жывуць, таксама няма і мяне для іх.
 Брат мае сястру, сястра мае брата, а я маю тое, кім ёсць.

 А ўжо гукаюць-шукаюць мяне бацькі па сядзібе нашай.
 «Знайшлася ў другі раз карона, – кажуць яны. – Тая была залатая, а гэтая модная, але ўсё роўна карона, і зноў на тым самым месцы – у лебядзе… Золата ўкрасці зладзеі ўкралі, а ўкрасці карону саму не здолелі: вось яна…»

Крыніца: Разанаў А. Вастрыё стралы: Версэты, паэтычныя мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 159 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений