Алесь Разанаў — Жорны

Алесь Разанаў

  Парожнія, жорны стаяць, але калі ў іхняе жарало ўсыпаецца хоць бы жменя зерня, яны ажываюць, яны разварушваюцца, яны «жораюць» пачастунак, варожачы, што ўрэшце з яго атрымаецца, ці корж, ці аладак, ці піражок.

  Тое, што распачынаў жняяр-серп і прадоўжваў цэп-малацьбіт, жорны даводзяць да ўзорнага завяршэння.

  Жорны жорсткія: яны мажджэраць, перашароўваюць, ператрушчваюць жарству жыта, ячменю, пшаніцы.

  I гэтаксама, як жорны, кружацца між сабою зямля і неба, не выпускаючы са свайго кругазвароту ні пружанца, ні ружанца, ні жупранца, пакуль кожны з іх не перамучыць сваіх шурпатасцяў, не зжыве заганаў, пакуль кожны з іх не зробіцца «зорны», пакуль кожны з іх не зведае канчатковага паражэння, а разам з тым — перамогі.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений