Алесь Якімовіч — Аладкі

Алесь Якімовіч

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Ганна вярнулася дахаты позна. Але дзеці яе яшчэ не клаліся спаць. Яны сядзелі моўчкі ў цёмнай хаце з двума замерзлымі акенцамі, напалову заткнутымі анучамі замест шыб, і насцярожана прыслухоўваліся да кожнага шоргату за дзвярыма. Іх было чацвёра. Самаму большаму, Віцю, ішоў дзесяты год, а самай меншай, Ядзі, – чацвёрты. Яны былі падобны адно на другое, і на ўсіх празрыста-васковых тварыках ляжала пячаць бядоты і голаду. За дзень яны набегаліся па хаце, нагуляліся ва ўсе гульні, якія ведалі, і зараз цярпліва чакалі матку. На двор гуляць зімой у маразы яны не хадзілі, бо не было ў іх ні адзення цёплага, ні абутку.
 Раніцой выходзячы з хаты, Ганна сказала дзецям: «Калі будзеце хораша гуляць, я вам прынясу гасцінца. Можа, нават і хлеба дастану». Дзеці цвёрда запомнілі матчыны словы. Ганна пакінула ім гаршчочак бульбы ў печы і крыху саладухі – з астачы ўчарашняга дня. Дзеці з’елі бульбу і саладуху за раз, як толькі засталіся адны. Потым увесь дзень яны жылі падзеяй, што ўвечары вернецца маці і прынясе хлеба. I калі маленькая Ядзя раптам, між гульняў, пачынала плакаць і прасіць есці, яе цешылі старэйшыя: «Пачакай, мама прыйдзе, хлеба прынясе». Яна паслухмяна выцірала слёзы і, паглядаючы сваімі круглымі, як пацеркі, вачанятамі, дапытвалася, ці скора ўжо той вечар. Вельмі ж здоўжыўся ёй дзень. На змярканні яна перастала дапытвацца, ці скора вечар, і толькі рупліва сачыла за дзвярыма. У хаце пад вечар стала вельмі холадна. Дзеці сабраліся на палок, абхінуліся коўдрамі і сядзелі, цесна прытуліўшыся адно да аднаго. Кожны гадаў пра сябе, колькі хлеба прынясе мама і які кавалак прыпадзе на яго долю. А калі, нарэшце, за дзвярыма зашоргалі крокі, дзеці, як па камандзе, усхапіліся з палка з радасным крыкам: «Мама! Мама ідзе!» Яны не памыліліся, бо маміна хада была ім знаёма больш, чым свая ўласная.
 Усю апошнюю зіму мама часта пакідала іх адных, зыходзячы з хаты па ўвесь дзень. Яны ўжо бадай і не памятаюць таго часу, калі мама іх была ўсе дні з імі разам, варыла ім есці, даглядала іх, ласкава гаварыла з імі і як з дзецьмі, і як з дарослымі. Гэта было тады, калі ў іх быў свой хлеб і ў хляве стаяла стракатая Манька з адным рогам, якую мама штодня даіла і частавала іх цёплым салодкім малаком. У такія ўрачыстыя хвіліны ўсе яны збіраліся каля Манькі і мамы і з дзіцячай цікавасцю назіралі, як жвава і спрытна бегаюць маміны пальцы ля тугога вымя і як белымі пахучымі шнурочкамі струменіць малако ў даёнку.
 Пераступіўшы парог, Ганна сказала:
 – Вы яшчэ, дзеткі, не спіце?
 – Не, мамка, – загаманілі дзеці. – Мы цябе чакаем…
 Уздыхнуўшы, Ганна зняла з плеч торбачку і паклала на лаве. Дзеці з цікавасцю кінуліся да торбачкі, уважліва абмацалі яе і сумныя адышліся.
 – А дзе ж хлеб, мамка?
 Ганна падышла да стала, цяжка асунулася на лаву. Дзеці акружылі яе. Маленькая Ядзя ўспаўзла на яе калені і абхапіла яе за шыю худымі кволымі ручкамі. Ганна прытуліла дзяцей і, стрымліваючы сябе, спакойным голасам сказала:
 – Прыйдзецца, дзеткі, так спаць класціся. За работу дастала крыху ячменю. Заўтра нядзеля, я нікуды не пайду, і мы з вамі намелем мукі ды напячом сапраўдных смачных аладак… Добра?
 Замаркоціліся дзеці ад такой навіны, але шчырыя спачувальныя матчыны словы падбадзёрылі іх, і яны пакорна згадзіліся пацярпець да заўтра.
 Назаўтра сям’я ўстала досвіткам. Маці запаліла газоўку і пачала малоць ячмень у жаронцах, што стаялі тут жа ў хаце, побач са ступай. Дзеці сачылі за рухам каменя і маміных рук з такой увагай, як сачылі яны раней за даеннем Манькі. Яны мацалі мяккую, яшчэ цёплую муку, спрабуючы яе на смак, і ўсе прыходзілі да вываду, што аладкі будуць смачныя і яны наядуцца ўволю.
 Пакуль ішла падрыхтоўка да такога важнага доўгачаканага моманту, мінула, як здалося дзецям, шмат-шмат часу. Але ніхто не падганяў маму, хоць голад апякаў нутро і яны, каб мама дазволіла, з’елі б усю муку, не чакаючы аладак.
 Нарэшце маці запаліла ў печы. Замешанае цеста падыходзіла, кавалачак здору, пазычаны ў суседкі, ляжаў па тапчане ў чаканні выканання сваёй не апошняй ролі ў гэтай справе, дровы ў печы пачыналі гусці. Маці весялейшымі вачыма глядзела па дзяцей, і дзеці, глытаючы сліну, весялей глядзелі на маці.
 Эх, дзеткі, каб была ў нас Манька, я б вам зараз па кубку малачка да аладак надаіла…
 Успаміны пра Маньку былі самымі горкімі ў сям’і. Пра яе ўспаміналі, як пра самага блізкага сем’яніпа, і той час, калі яны жылі з Манькай, здаваўся цяпер самым шчаслівым. Манька карміла сям’ю і малаком і хлебам, бо частку малака Ганна мяняла па хлеб.
 З хлебам пачалася нястача з першых дзён вайны. Муж Ганны пайшоў на фронт, пакінуўшы сям’і свае працадні ў калгасе. Фашысты адабралі запрацаваны хлеб. З таго часу паратункам была карова. Ганна садзіла крыху бульбы, пад рыдлёўку, і клапацілася аб харчах карове – посцілкамі збірала траву і запасіла на зіму сена. Гэтай работы хапала ёй на ўсё лета. Стараста не раз квапіўся на Ганніну Маньку, мецячы яе на чарговыя здачы немцам, але ратавалі людзі, бо ўсе ведалі, што без каровы ёй не пражыць з малымі дзецьмі.
 Так жылося праз два першыя гады вайны. На трэці год, перад самай зімой, здарылася гэтае няшчасце ў жыцці Ганны. Аднойчы, вярнуўшыся з работы, яна не застала ў хляве Манькі: яе забралі фашысты з паліцаямі… У роспачы яна пабегла да каменданта нямецкага атрада са скаргай. Даведаўшыся, аб чым ідзе рэч, камендант загадаў старасту даць Ганне дваццаць пяць розгаў за тое, што яна асмелілася прыйсці да яго з такой скаргай. Стараста добрасумленна выканаў загад, і Ганна пасля – і ад перажытага гора, і ад болю – два тыдні праляжала ў пасцелі. Людзі пачалі заўважаць, што яна загаварваецца. Але з часам утрапенне прайшло. Яна ачуняла. Цяпер яна скупа мерала гаршчочкамі бульбу, а сама хадзіла па людзях у пошуках заработкаў ці горкага жабрацкага хлеба.
 …Яшчэ не спяклася першая скаварада аладак, як у хату ўвайшоў «госць». Гэта быў нямецкі салдат, укручаны ў шарсцяную бабскую хустку, з-пад якой тарчалі рыжыя шчаціністыя вусы. Маленькія шустрыя вочкі і тонкі сіні нос былі дапаўненнем да яго смешнага ў такім уборы твару. На нагах яго красаваліся растаптаныя саламяныя боты. Адным словам, гэта быў досыць тыповы прадстаўнік фашысцкай арміі ўзору апошніх гадоў вайны.
 Дзеці з цікавасцю заглядзеліся на гэтую недарэчную мешаніну салдата і бабы. Ім было і страшна, і смешна.
 Немец падышоў да печы, локцем адштурхнуў Ганну з чапялою, а сам выставіў рукі ў чалеснікі, бліжэй да агню. Ганна моўчкі глядзела на «госця», баючыся вымавіць слова. Аладкі на скаварадзе пачыналі гаманіць, іх трэба было варочаць. Дзеці паглядалі то на маці, то на салдата, то на печ са скаварадою прывабных аладак.
 Немец сагрэў рукі і адвярнуўся.
 – Матка, яйкі! – шпарка забалбатаў ён, смешна выгаварваючы гэтыя даўно завучаныя ім словы.
 – Няма курэй у мяне, – адказала Ганна.
 – Матка, яйкі! – жэстыкулюючы рукамі і вусамі, упарта паўтараў немец.
 Ганна адказвала адно і тое ж. Немец гарачыўся, даводзячы, што яму трэба. Але не дабіўшыся нічога, ён зноў адвярнуўся да печы і з рукамі залез у прыпечак, куды ссыпаўся жар і дзе заўсёды збіраўся попел. Ён жвава разграбаў попел і, чмыхаючы, пераціраў яго пальцамі. Але яек у попеле не было. Толькі горкі пыл, якога ён наглытаўся, непрыемна пяршыў у горле, і немец зачхаўся. Потым, адкашляўшыся, ён пачаў аглядаць хату. Ён ніяк не мог паверыць гаспадыні, каб у яе не было яек, бо добра ведаў з практыкі ў гэтай галіне, што па добрай волі ніхто яек не даваў і заўсёды прыходзілася іх здабываць, ужываючы розныя метады і прымяняючы ваяцкую хітрасць. Вочы яго затрымаліся на лахманах, што валяліся ў беспарадку на палку і на печы. Са спрытам ката, які заўважыў здабычу, ён раптам лёгка ўскочыў на палок і, злосна мармычучы, параскідаў лахманы па хаце. Але і там яек не было.
 Тым часам Ганна, улучыўшы момант, дастала скавараду з першымі аладкамі. Дзеці працягнулі да яе рукі. Маленькая Ядзя закрычала: «Мама, мне першай!»
 Немец павёў сінім носам. Пах свежых аладак, відаць, прывабіў яго, бо ў той жа момант ён апынуўся каля скаварады. Паразганяўшы дзяцей, ён выхапіў адну аладку.
 – Матка, мне! – загаварыў ён, коўтаючы аладку.
 На скаварадзе заставалася яшчэ тры аладкі. Ганна памкнулася раздаць іх дзецям, але немец хапіў яе за руку і паказаў на тапчан.
 – Матка, мне! – з пагрозай паўтарыў ён.
 Бляднеючы, Ганна паклала аладкі на тапчан. Дзеці заплакалі. Ганна глянула ў дзежачку і падумала: «Дзецям яшчэ хопіць, самой ужо такой бяды…» I яна наліла на скавараду новыя чатыры аладкі. Немец тым часам праглынуў аладкі, аблізаў вусы і сеў на тапчан, прагна ўглядаючыся ў дзежачку.
 Другую скавараду аладак ён адабраў таксама. Тады Ганна парашыла болей не пячы. Яна паставіла скавараду на прыпечак, а сама з дзецьмі адышлася да стала. Немец скеміў яе намер і грозна крыкнуў, паказваючы на дзежку:
 – Матка, мне!
 Ганна прыкінулася, што не разумее, чаго патрабуе няпрошаны госць. У яе ўсё гарэла ўсярэдзіне ад жалю і злосці. Яна душылася ад слёз, гледзячы на галодных дзяцей. Але яна рабіла адчайныя намаганні стрымліваць слёзы, каб не паказаць дзецям сваёй пакуты. Аднак дзеці зразумелі з усяго, што аладак ім не дачакацца, і былі так уражаны няшчасцем, што не ведалі, як трымаць сябе: адбіраць у немца аладкі ці вінаваціць маму, што яна не прагоніць драпежніка, які з рота вырваў у іх доўгачаканыя аладкі.
 Расправіўшыся з другой скаварадой аладак, немец падскочыў да Ганны, хапіў яе за руку і падвёў да печы, паказваючы жэстамі, што яна павінна рабіць.
 Шклянымі непрытомнымі вачыма Ганна абвяла дзяцей, немца і, уздыхнуўшы, паставіла скавараду на самы жар. Супакоены немец сеў на тапчан і зноў пачаў углядацца ў дзежачку. Там, на дне, была яшчэ кучка цеста, і ён, відаць, прыкідваў, колькі яшчэ аладак можна спячы з гэтага цеста.
 На жару скаварада хутка нагрэлася амаль дачырвана. Ганна выняла яе чапялой, паднесла да дзежкі і рашуча шпурнула немцу ў твар…

1944 г.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений