Алесь Звонак — Арлан

Алесь Звонак

Лунаў арлан над сопкай беласнежнай,
Дзе сонца, ў вочы блікамі б’ючы,
Сляпіла пільны зрок арліны.
Яго ўсё вабіў акіян бязмежны,
I бліскавіцы грозныя мячы,
I дзікія міжгорныя лагчыны.
I, ўзняўшыся да краю хмары срэбнай,
Ён крылле белае над светам распластаў,
Пільнуючы нядбайную здабычу.
А дзесьці там, між сланцаватых рэбраў,
Ля выемкі бясцэннага пласта
За ім сачыў здабытчык-паляўнічы.
I грымнуў стрэл.

I вось шпарчэй, чым камень,

Паў белакрылы на скалу арлан
З асколкам неба ў воку ашклянелым…
…I мне знаёма рызыка шуканняў
I самародкаў рэдкасны паклад,
I ўзлёт увысь,

і ў бездань крок нясмелы…

Адно нязменна: вечны рух наперад
I мараў раззалочаны спічак,
I радасць лёту думкі белакрылай…
Таму лаўлю жар-птушкі алай пер’е,
А сам нашу, пакуль жывы, ў вачах
Асколак неба бацькаўшчыны мілай…

1951

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий