Алесь Звонак — З табою памяць зрошчана…

Алесь Звонак

З табою памяць зрошчана. Нявер’е
Хай пажаўцелым лісцем ападзе.
Губляе верасень залочанае пер’е
I ў пераддзвер’е восені вядзе.

Няхай. А ты запомні пералівы
Апоўначы раптоўных бліскавіц,
Нясмелы стук усхваляванай слівы
У глухату закрытых аканіц.

А ты запомні мяккі жнівень, лівень,
Раскат грымот, маланак апаяс…
Тады, і толькі, ты была шчаслівай,
Аб немагчымым марачы падчас.

Запомні плач самотнае каліны
Слязамі лістападаўскіх завей,
Як сэрца – птах у кіпцях сакаліных –
Хацела роспач выклеваць з грудзей…

Запомні расставанне без праводзін,
Свіст цягніка і доўгі шлях на ўсход,
Усё, усё, з чым быў з табой не згодзен,
I нават мой раптоўны адыход…

Не, я не зрокся даўніх спадзяванняў,
Скрозь дым пранёсшы чыстату душы,
Дзе ўсё – парыў юнацкіх хваляванняў,
Дзе ўсё – імкненне да крутых вяршынь…

Запомні, што над словамі маімі
Не ўладны забыцця пабляклы час:
Я сто разоў прайду слядамі тымі.
Дзе ты прайшла, быць можа, толькі раз!

1953

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий