Аляксей Пысін — Трывога ў бары

Аляксей Пысін

Завіталі хлопцы ў бор
I расклалі там касцёр.
Быў спачатку ён маленькі,
Быццам жоўты матылёк,
Потым выпырхнуў са жменькі
I ў галлё сухое – скок!
I смяецца, і трапеча,
Хлопцам ён амаль па плечы.
Хлопцы хвораст падкідалі,
Як язычнікі, скакалі.
Забаўляліся, дурэлі,
Покуль бровы абгарэлі.
Узялі свае кійкі
I – дадому нацянькі.

А касцёр? Ён задаецца,
На сасновы бор злуецца:
– Мне не трэба адпачынак,
Дайце палак і галінак,
Дайце тоўстых мне калод,
Павяду свой карагод.
Не дасцё – па лісцях скокну,
Падыду да дрэў высокіх,
Дабяруся да смалы,
Абдыму агнём ствалы.

Сосны к ветру – з угаворам:
– Уратуй ты ад бяды.
Дзесьці хмарка ёсць пад морам,
Добра, каб яе сюды.
Крылы разгарнуў вятрыска,
Паімчаўся ён з-пад дрэў.
Ці далёка, а ці блізка
Хмарку лёгкую сустрэў.
– Хмарка любая, паслухай,
Плачуць сосны у бары.
Ты зрабі, зрабі паслугу,
Мора ў бочкі набяры!
Трэба хутка, хутка, хутка –
Пагражае злы касцёр.
Хмарка глянула з-пад хусткі
Ды паклікала сясцёр.
 

* * *

I, пачуўшы трывогу,
Паплылі на падмогу
З мора Чорнага
Хмаркі шчодрыя,
З мора Белага
Хмаркі смелыя,
I азоўскія,
I балтыйскія,
I высокія,
I нізкія.
Едуць, едуць сто хмар
На вялікі пажар.
Толькі грукат і гром,
Пацямнела кругом.
 

* * *

Кружаць хмары па-над борам:
– Дзе той дым,
Дзе той дым?
Вось мы зараз пагаворым
З дымам тым,
З дымам тым!
Мы пажар тушыць умеем.
Дзе агонь,
Дзе агонь?
Кінем пругкія струменні
На яго,
На яго.
Кружаць хмары нізка, нізка,
Аж чапляюцца за сук.
– Падмануў ты нас, вятрыска,
Ах, свавольнік, ах, блазнюк!
Толькі тоненькі дымочак,
Аніякае бяды,
I навошта столькі бочак
Прыцягнулі мы тады?
Жартаваць не ўмееш, брат, ты,
Не даруем мы віны…

– Гэта сосны вінаваты,
Хай адказваюць яны!
I пытаюць хмары злосна:
– Вы скажыце праўду, сосны,
Хто трывогу узнімаў,
Хто ганца к нам пасылаў?
– Мы трывогу
Узнімалі.
Мы ганца ў дарогу
Слалі.
 

* * *

На ялінцы ля палянкі
Ёсць гняздзечка берасцянкі.
Чула птушка, як касцёр
Выхваляўся знішчыць бор,
I ўступіла ў бойку з ім.
Засцілаў ёй вочы дым,
А смурод
Лез у рот.
Берасцяначка лятала
Ды ігліцу адмятала
I адносіла лісты
За ядлоўцавы кусты.
У крынічку каля дубу
Брала кропельку у дзюбу,
Залівала галавешку,
Каб не выбіўся на сцежку
Ды не выбег у гушчар
Неўтаймованы пажар.
Абпаліла крылы,
Выбілася з сілы.

А касцёр яшчэ жывы,
Хоць і ніжай ён травы.
Падымаецца дымок,
Не здаецца аганёк.
Кажуць хмары берасцянцы:
– Ты зрабіла што магла,
Вось мы пройдзем па палянцы
I агонь зальём датла.
Сойдзе дым, і сойдзе чад,
Ну, ляці да птушанят.

Хлынуў лівень шчодры, цёплы,
Мые дрэвы і кусты.
I зліліся хутка кроплі
У адзін паток густы.
Не паток,
А патоп.
Крэкча дуб:
– Душ мне люб.
Па каленкі
Ў лужах елкі.
Ўсё бярозы
Мыюць косы.
А ядловец
Пену ловіць.

I няма, няма трывогі,
Рады дрэвы і кусты.
Чыста вымыты дарогі,
Па каторых пойдзеш ты
У шчаслівую часіну
Па суніцы і маліну.

1962 г.

 

Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий