Аляксей Якімовіч — Хто самы добры?

Аляксей Якімовіч

   Каля пешаходнага перахода на гулкай гарадской вуліцы паспрачаліся сябры-трэцякласнікі Ваня, Пеця і Алесь.
   – Я самы добры, – сказаў Ваня. – Я вельмі шкадую старых людзей. Яны часта такія бездапаможныя!
   – Я самы добры, – не пагадзіўся з Ванем Пеця. – Я вельмі шкадую адзінокіх старых людзей. Ім іншы раз пагаварыць няма з кім.
   – Я самы добры… – пачаў Алесь.
   Але Ваня перапыніў яго:
   – Ты лепей памаўчы. Учора задачу па матэматыцы не даў спісаць. З-за цябе перад настаўніцай прыйшлося апраўдвацца.
   – Так, так, – падтакнуў Пеця.
   – Самому трэба рашаць задачы. Будзеш спісваць – ніколі матэматыку не вывучыш, – ціха прамовіў Алесь.
   З-за рога дома, мацаючы металічным кіем дарогу, выйшла сівая жанчына і накіравалася на пешаходны пераход.
   А па дарозе суцэльным патокам машыны імчацца, злосна гудзяць.
   – Куды яна ідзе? – усклікнуў Ваня. – Зялёны агонь святлафора яшчэ не загарэўся.
   – У яе кепскі зрок! – здагадаўся Пеця. – Мама неяк казала, што людзі з кепскім зрокам заўжды ходзяць з кійком.
   Стаяць Ваня і Пеця, дзівяцца. А Алесь падбег да жанчыны і дакрануўся да яе рукі.
   – Пачакайце, не пераходзьце дарогу! Зараз я вас перавяду. Вы мне дазволіце?
   Жанчына павярнула галаву да хлопчыка і ўсміхнулася. Калі б яна чула нядаўнюю спрэчку, то, напэўна, здагадалася б, хто тут самы добры. І вы здагадаліся?

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий