Анатоль Бутэвіч — Прыгоды лісціка-карунчыка

Анатоль Бутэвіч

   У агародзе, каля Надзейчынай хаты, рос маленькі клёнік у махнатай зялёнай шапцы. А на ім разам са сваімі брацікамі красаваўся і раскашаваў пад шчодрым сонцам лісцік-карунчык. Надзейка часта любавалася густалістым уборам клёніка. Калі ж надарылася засуха, яна ў сваім маленькім вядзерцы насіла ваду, палівала дрэўца. I тады лісцік-карунчык і яго браты ўдзячна шапацелі, нібыта дзякавалі Надзейцы за дапамогу.
   Неўзабаве прыкаціла на рыжым кані барвова-квяцістая восень. Яна кожны дзень прыбірала ў чырвань і пазалоту дрэвы. Не абмінула сваімі чарамі і клёнік. Успыхнуў ён яркай чырванню, пачаў убор свой губляць. Лісцікі адрываліся ад дрэўца і, як гарэзлівая малеча, доўга гушкаліся на паветраных арэлях.
   Толькі лісцік-карунчык усё трымаўся за дрэўца, цяжка было адрывацца ад роднай галінкі. Ён з сумам назіраў, як ягоныя брацікі ў вясёлым карагодзе кружыліся вакол клёніка.
   У развагах, ваганнях і гушкані міналі дні. Усе больш і больш братоў лісціка-карунчыка ападала на зямлю. Толькі ён не мог вырашыць, што рабіць.
   I вось лісцік-карунчык застаўся на дрэўцы зусім адзін. Цёмнай ноччу ён трымцеў ад пранізлівага халоднага ветру. Днём яго часта паласкалі дажджы. Няўтульна і адзінока стала лісціку-карунчыку. I не было каму паскардзіцца на свой горкі лёс.
   Аднойчы да клёніка прыйшла Надзейка. Яна збірала з прыгожых лістоў букет. I тады лісцік-карунчык адважыўся. Ён заплюшчыў вочы, напружыніўся і… саслізнуў уніз.
   Вецер імкліва падхапіў яго, тузануў і панёс угару  так,   што   аж  дух   захапіла.   Пасля  лісцік-карунчык лёгка і плаўна закружыў у пругкім паветры.
   Ён і не заўважыў, як трапіў у капюшон Надзейчынай курткі. Там было цёпла і ўтульна.
   Дома мама распранала Надзейку і знайшла лісцік-карунчык.
   – Што гэта ты тут схавала? – здзівілася яна.
   – Гэта мне восень падарыла, – узрадавалася дзяўчынка.
   А лісціку-карунчыку было нявесела. Надзейцы нават здалося, што ён паскардзіўся: «Мне сумна без братоў…»
   – Ты пагрэйся ў нас, а ранічкай я аднясу цябе да тваіх брацікаў, – супакоіла дзяўчынка.
   Назаўтра Надзейка прыбегла да клёніка. Але лісця пад ім ужо не было. Тата згроб яго і вынес з агарода.
   На Надзейчынай далоньцы адзінока ляжаў лісцік-карунчык. На яго чырванаватым тварыку ірдзелі дзве маленькія кропелькі – ці то ён заплакаў ад жалю, ці то скаціліся самотныя расінкі-слязінкі з яго роднай галінкі.
   – Не гаруй, – суцешыла Надзейка. – Перазімуеш у нашай хаце. А вясной я пакажу табе на клёніку зялёныя лісточкі – тваіх новых брацікаў.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий