Анатоль Грачанікаў — Лісты франтавыя

Анатоль Грачанікаў

Чытаю лісты франтавыя,
I сэрца трапеча і ные,
I лезе фраза ў галаву:

– Мама, я не дажыву…

У змрочнай нятопленай хаце
Уголас чытае ліст маці,
А я ўпрыхліпку раву:

– Мама, я не дажыву…

Ніхто з нас, малодшых, не знае,
Дзе яна, перадавая,
Што косіць людзей, як траву:

– Мама, я не дажыву…

А трэці свой ліст
Наш брат Міша
Ніколі дамоў не дапіша.
Навекі, – ў канцоўцы таксама, –
Застыла кароткае:

– Мама…
 

Крыніца: Грачанікаў Л. Я вас люблю…: Лірыка. – Мн.: Macт. літ., 1986. – 143 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий