Анатоль Кудравец — Каштан

Анатоль Кудравец

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Лепшае імя яму, відаць, і нельга было прыдумаць. Увесь, ад высока ўскінутай галавы да круглых чорных капытоў, ён быў нібы абліты густой цёмна-карычневай фарбай. Толькі на гладкім роўным ілбе акуратным ромбікам свяцілася белая метка, ды вышэй капыта на пярэдняй левай назе была белая палоска: быццам нехта далікатна абвязаў нагу хусцінкай.
 Каштан, жывы каштан… Так яго і назваў дзядзька Міша. Поўсць аж пералівалася, аж іграла, калі ён ішоў сваёй няспешнай упэўненай хадой…
 Першае блізкае знаёмства з Каштанам было не надта прыемным для мяне.
 Прыйшла пара садзіць бульбу, і я папрасіў у дзядзькі Мішы каня. Дзядзька Міша ахвотна даў яго, аднак папярэдзіў:
 – Ты з ім будзь строгі. Ён-то ўвогуле спакойны, слухаецца, але бывае, што і ўзбрыкне, заўпарціцца. Асабліва пасля зімы. Выгуляецца без работы, кроў кіпіць, хочацца шалець, насіцца… Запомні: конь любіць моцную мужчынскую руку. А калі што, дык вось «лякарства» для яго. Яно дзейнічае добра, – і дзядзька Міша перадаў мне доўгі лазовы дубец.
 Дзядзька Міша чалавек строгі, але справядлівы, калі нешта гаварыў, то гэта трэба было слухаць.
 Дзядзькава «лякарства» я ўзяў, хаця быў упэўнены, што з Каштанам мы паладзім і без яго.
 Прывёў каня ў двор і, перш чым запрэгчы ў плуг, вырашыў падкарміць: наперадзе чакала нялёгкая работа. Нарэзаў у таз буракоў, накрышыў хлеба: еш, конік, набірайся сілы. Каштан з прагнай ахвотай накінуўся на пачастунак, адно хутка хадзілі ў бакі магутныя сківіцы, перажоўваючы цвёрдыя буракі, ды чырвоная сліна збягала з тоўстых губ…
 На дне таза яшчэ заставалася трохі мешанкі, але час падганяў, трэба было пачынаць работу, і я ўзяў Каштана за аброць:
 – Пайшлі, дарагі, даясі пасля.
 Каштану гэта не спадабалася, ён усхрапнуў і зноў уткнуўся ў таз.
 – Ану, пайшлі! – ужо болей строга скамандаваў я і рашуча пацягнуў за аброць. I тут Каштан рэзка матануў сваёй дужай галавой, вырваў аброць з рукі і крута развярнуўся да мяне задам. Я паспеў адскочыць, і высока ўскінутыя капыты яго задніх ног злавесна мільганулі ў мяне перад вачыма. Нейкія дзесяць сантыметраў – і яны прайшліся б па маім твары.
 – Эге, галубок, дык ты можаш і гэтак, – не на жарт раззлаваўся я. Прыпомніў дзядзьку Мішу: «А калі што, дык вось "лякарства"».
 А Каштан, быццам нічога не было, працягваў даядаць недаедзенае. Ён спакойна даўся ўзяць сябе за аброць. Цяпер ужо я трымаў моцна, а ў правай руцэ ў мяне было дзядзькава «лякарства».
 – Ты хацеў «лякарства»? Дык на табе! На табе! – прыгаворваў я і разы тры прайшоўся лазовым дубцом па гладкай Каштанавай спіне. Каштан затанцаваў на месцы, але вырвацца з маіх рук не мог.
 «Лякарства» падзейнічала, Каштан стаў ціхі і пакорны, слухаўся кожнага майго слова. Такім ён быў і ў плузе, ішоў па баразне роўна і хутка, жанчыны ледзь паспявалі за ім.
 Бульбу пасадзілі.
 Я падрэзаў яшчэ буракоў у таз, дабавіў хлеба.
 – Еш, Каштан. Ты гэта зарабіў…
 I Каштан усё гэта заслужана з’еў.
 – Ну як работнічак? – спытаў дзядзька Міша, калі я прывёў Каштана назад.
 – Добры. Мы з ім паладзілі, – адказаў я. Пра непрыемны пачатак нашай работы я не стаў расказваць.
 Мінуў нейкі час. Я спяшаўся на аўтобус. Дарога, па якой ён хадзіў, пралягала за рэчкай, зарослай старымі вольхамі, кустамі лазы і чаромхі.
 Была раніца. Стаяў густы туман, і здавалася, што над рэчкай не кусты і дрэвы, а гэта выстраіўся ў дарогу незвычайны абоз, сабраны з вялізных бухматых вазоў белага сена.
 Я перайшоў мосцік. За ім пачыналася нешырокая нізіна, якую вясной і пасля вялікіх дажджоў залівала вадой. Каб можна было заўсёды праехаць, цераз яе была насыпана пясчаная дарога. Я выйшаў на яе і раптам пачуў наперадзе хрыпенне, быццам там задыхаўся цяжкахворы чалавек.
 Я прыбавіў кроку і ўбачыў у канаве ля дарогі задраныя ўгору конскія ногі. Яны сутаргава малацілі паветра. Я падбег бліжэй. Гэта быў Каштан. Ён ляжаў на спіне, а шыю яго пераціскаў туга напяты жалезны ланцуг. Ланцуг бег цераз дарогу і губляўся недзе ў траве. Каштан раскачваўся ў бакі, каб перавярнуцца і стаць на ногі, але зрабіць гэтага не мог. Чым болей ён раскачваўся, тым болей заціскалася пятля на яго шыі. З правага боку быў луг, з левага – адхон дарогі. Перавярнуцца на правы бок і скаціцца на луг не даваў ланцуг, ён усё мацней захлістваўся на шыі. Ускаціцца на дарогу не даваў круты адхон. Конь біў нагамі, хрыпеў, вочы яго сталі вялікімі, наліліся крывёй…
 Я зразумеў, што адбылося…
 У нізіне заўсёды была добрая сакаўная трава, дзядзька Міша любіў навязваць тут Каштана. Прывядзе, уваб’е ў зямлю металічны штых, якім заканчваецца ланцуг, і пайшоў, а Каштан гуляе сабе, колькі дазваляе ланцуг. Зрабіў гэта дзядзька Міша і сёння, але пралічыўся: забіў штых блізка ад дарогі. Каштан скуб траву, выйшаў на дарогу і захацеў пакачацца. А што можа быць лепей чыстага пясочку на роўнай дарозе? Для каня пясок што тая вада. Ім коні «мыюцца» – чысцяць скуру ад розных мошак-блошак. Але сёння Каштану не пашанцавала: дарожка вузкая, ён лёг каля краю і скаціўся з яе… I во б’е нагамі паветра, хрыпіць, задыхаецца. Трэба ратаваць каня!..
 Я паспрабаваў расшпіліць зашчапку на шыі – дзе там! Цяжкі жалезны ланцуг напяты, як струна. I зразумела: на ім вісіць увесь конь. Пабег да штыха, паспрабаваў выцягнуць яго з зямлі. Зноў няўдача: штых доўгі, і дзядзька Міша загнаў яго па самую плешку. Вярнуўся на дарогу, знайшоў добры камень, і толькі ім змог расхістаць, а потым і дастаў штых.
 Вярнуўся да Каштана. Ланцуг аслаб, але конь усё яшчэ ляжаў, задраўшы ногі, цяжка дыхаў. Я падцягнуў ланцуг бліжэй, аслабаніў шыю.
 – Уставай, дарагі, ты – вольны!
 Толькі цяпер Каштан рыўком перавярнуўся на жывот, устаў на заднія, потым на пярэднія ногі. Узняўся на дарожку, скалануўся ўсёй скурай. Відаць, ён усё яшчэ не верыў, што выбавіўся з пасткі, у якую сам сябе загнаў.
 Аўтобус мой даўно пайшоў, але я пра гэта не думаў. Узяў Каштана за ланцуг на шыі і павёў на луг.
 – Я цябе, даражэнькі, навяжу на добрай траве, толькі ўжо далей ад дарогі. Калі захочаш пакачацца – качайся на траве.
 Каштан слухаў мяне і пакорна цягнуў за сабой ланцуг…
 Вуліца ў нашым сяле шырокая, машын ходзіць няшмат, трава паўз платы чыстая, зялёная.
 Выходжу неяк на двор: за варотамі, па другі бок вуліцы, Каштан. Дзядзька Міша навязаў яго насупраць нашага двара. Каштан убачыў мяне, падышоў, паклаў галаву на вароты. Быццам хацеў сказаць:
 – Добры дзень.
 Я схадзіў у хату, прынёс некалькі лустаў хлеба:
 – Добры дзень, Каштан!
 Ён асцярожна, тоўстымі мокрымі губамі браў у мяне з рук лусту за лустай, еў і ківаў галавой. Няйначай дзякаваў…
 Цяпер кожны раз, як убачыць мяне, спяшаецца насустрач. А то прыйдзе да двара, пакладзе галаву на вароты і чакае. Як тут не выйсці і не павітацца з ім?..

Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий