Анатоль Вялюгін — Лета

Анатоль Вялюгін

Паглядзі з гары, дзе ў поўдзень ясны
ад спякоты млеюць саснякі –
бліснуць цёплыя пяскі,

як дзясны

абмялелае ракі.

Перакаты плыткія іскрацца
вогненнымі дыскамі святла.
Жоўты рай, дрымотны рай акацый
паланіла рупная пчала.

I бальшак, і лес – усё спавіта
душнаю зялёнаю смугой:
гэтак хораша красуе жыта,
сонца засланяючы сабой.

Астравок шыпшыны ў ціхім полі
пахавалі хвалі збажыны.
Крыламі махаючы паволі,
над зямлёй павіслі каршуны.

Адвячоркам падае барометр.
Наплываюць хвалі спакваля.
У вятрах,
у клубах пылу,
ў громе
страпянецца чэрствая зямля.

Скокам-бокам – кінецца, як заяц,
застукоча ў шыбы спорны дождж.
I адрэжа хмар цяжкі акраец
кожнай ніве

бліскавіцы нож.

Падстаўляй далоні вадаспаду,
слова цёплае сябрам скажы:
– Хай для нас
па нашаму нараду
смаліць сонца і шумяць дажджы!..

1948

Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий