Апавяданне дарослага чалавека

Пераказы

   Сяджу на лаўцы ў скверыку і размаўляю з Васькам. Толькі пачну шалясцець паперай, перагортваючы старонку, як з-пад кнігі высоўваецца чорная лапка і загортвае ліст назад. Я лёгенька адводжу лапку ўбок, і тут Васька выпускае кіпцюры. Праўда, ён разумее, што перашкаджае чытаць, і такімі ўжо вінаватымі вачыма глядзіць, што я вырашаю дараваць яму. Грозна ківаю пальцам і гавару, каб сядзеў ціхенька, а то больш з сабою ў парк не вазьму.
   Васька згодна прыжмурвае вочы. Я зноў схіляюся над кнігай. Перагортваю старонку… Не, так немагчыма. Васька не вытрымлівае і зноў перагортвае старонку кнігі назад.
   – Ты ж абяцаў не турбаваць мяне. Схлусіў? – дакорліва ківаючы галавою, гавару яму.
   Ён як быццам не разумее, што ад яго хочуць, і глядзіць на мяне з недаўменнем. Трэба нарэшце пакараць ката за непаслушэнства, хоць Васька і зусім маленькі. Толькі чацвёрты месяц пайшоў. Вырашыў пасадзіць коціка на дрэва. Няхай пасядзіць там, падумае, як перашкаджаць гаспадару.
   Толькі пасадзіў Ваську на бліжэйшы сук, як пачуў голас ззаду:
   – Навошта з кацяняці здзекуецеся? Яно ж безабароннае…
   Вось табе і на! Трапіў, называецца, у сітуацыю. Нейкі прахожы, здаецца, думае, што тут крыўдзяць кацяня. Хоць добра, што ёсць на свеце чулыя людзі.
   Але Васька не слухаецца, учапіўся кіпцюрамі за ствол і не адпускае. Даводзіцца аддзіраць ад ствала кожную яго лапку асобна.
   Ззаду ўвесь час чую нечае дыханне. Цікава, хто гэта? Відаць, бабулька або старэнькі дзядок. Хоча, каб я павярнуўся тварам, і тады ўжо не чакай дабра.
   Ваську тым часам не падабаецца, што я аддзіраю яго кіпцюры, і ён жаласліва мяўкае.
   Дыханне ззаду робіцца яшчэ глыбейшым, з подсвістам. Ну, зараз будзе!
   Я хуценька азіраюся. Перада мной стаіць хлопчык, першакласнік, мабыць. I больш нікога. Кароткая паўза. Хлопчык мяняецца на вачах, вінавата просіць аддаць яму кацяня. Ён з такой надзеяй глядзіць на мяне і з такой любоўю на Ваську, што я нават разгубіўся. Не ведаю, што і адказаць. А хлопчык засоўвае руку ў кішэню і дастае адтуль нешта. Сонца якраз кінула мне ў вочы сноп яркіх промняў і асляпіла. Расплюшчваю вочы і бачу хлопчыка з працягнутай рукою. На далоні серабрыста блішчыць металічны рубель.
   – Вазьміце, калі ласка. Не дарма… – кажа ён.
   Што пачынае тварыцца ў маёй душы! Я гатовы праваліцца скрозь зямлю. А хлопчык не разумее майго душэўнага стану, кажа, што ён ужо купіў Тузіка ў аднаго нядобрага дзядзькі, а цяпер просіць прадаць яму і коціка.
   Мне ўсё ж удаецца растлумачыць хлопчыку, што кацяняці не пагражае ніякая бяда, што мы з ім шчыра сябруем, разам ходзім у гэты сквер адпачываць.
   Васька ўважліва слухае. Сцвярджальна стрыжэ вушамі, мурлыкае сваю любімую песеньку.
   Хлопчык развітваецца са мною. У кішэні ў яго ляжыць металічны рубель. На якую жывую істоту ён памяняе яго? На іншага Ваську, на звярка або птушку, якім пагражае бяда?
   У гэту хвіліну мне сорамна за ўсіх нядобрых дзядзькаў на свеце.
(453 словы)

Паводле М. Стэльмаха.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий