Аркадзь Куляшоў — Плыла, цалавалася хмара з зямлёй…

Аркадзь Куляшоў

Плыла, цалавалася хмара з зямлёй,
Аж жнеі сярпы пакідалі,
Бо ўгледзелі ўжо, як збягаюць па ёй
Маланкі
На жытнія далі.

Таму, што нясе яна мёд для пчалы
І робіць дарогу лягчэйшай,
Ўсе рэкі прыцягваць яе пачалі,
І хмара плыве да шырэйшай.

Сябе яна хоча ў тым люстры пазнаць,
Прыціхла,
На цыпачкі стала,
Глядзіць з вышыні ў пацямнеўшую гладзь,
Глядзіць,
Толькі плошчы ёй мала.

Зноў хмара злуецца, зноў, мусіць, з тугі
Кідае свае бліскавіцы,
Рассунуць хацела б яна берагі,
Хацела б
Краямі ўмясціцца.

І не ўпершыню з непакоем былым
Удаль адплывае без згадкі.
А следам за ёй,
Як за лёсам сваім,
Спяшаюцца воблакаў статкі.

Глядзяцца – адбітыя ў завадзяў шкле –
З нябёс у люстраную плошчу,
Красу сваю бачаць, блакіт свой.
Але
Я воблакам тым не зайздрошчу.

Хачу неспакойнаю хмарай грымець,
Маланкамі ўвесь апавіты,
Каб цяжка адразу было зразумець
Ці вокам акінуць, які ты.

Спакою не ведаць ні ноччу, ні днём
І не прыставаць у знямозе,
Вялікай любові дажджом
І агнём
Зямлю цалаваць па дарозе.

1940

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий