Артур Вольскі — Беларусь – мая Радзіма

Артур Вольскі

  Якая прыгожая назва ў нашай краіны – Беларусь!
 А яшчэ мы завём яе – Радзіма. А яшчэ – Бацькаўшчына. Радзіма – бо тут мы нарадзіліся, бо яна нам самая родная з усіх краін на цэлым свеце. Бацькаўшчына – бо яна дасталася нам ад бацькоў нашых. А ім ад іхніх бацькоў – нашых дзядоў. А далей – ад прадзедаў, ад прапрадзедаў… I так – аж да самых далёкіх продкаў.
 Над шырокімі палямі, над векавечнымі пушчамі, над зялёнымі лугамі, над блакітнымі стужкамі рэк і рачулак, над люстэркамі незлічоных азёр лунаюць у высокім небе белакрылыя буслы. Таму паэт назваў краіну нашу зямлёю пад белымі крыламі.
 А колькі багаццяў схавана ў зямлі гэтай! Калійныя солі, якімі ўзбагачаюць глебу, каб яна не бяднела і давала добрыя ўраджаі. Іх здабываюць беларускія шахцёры пад Салігорскам. Вучоныя-геолагі знайшлі ў нетрах Беларусі і золата і кажуць, што ёсць нават алмазы. Трэба толькі як след пашукаць…
 Жыта ў полі, яблыкі ў садах, свойская жывёла на падворках, звяры ў лясах, рыба ў водах… Ды хіба пералічыш усё!
 Але самы вялікі скарб Беларусі – гэта людзі, беларусы.
 Побач з беларусамі жывуць у нашых гарадах і вёсках палякі, літоўцы, рускія, яўрэі, татары… – выхадцы з іншых краін. Усе разам мы складаем беларускі народ. Усе мы – грамадзяне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Так завецца наша дзяржава. Усе мы павінны памнажаць сваёй працай яе багацці, бараніць ад нягод і напасцяў, як баранілі яе нашы продкі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий