Артур Вольскі — Безбілетная падарожніца

Артур Вольскі

  Жульцы неаднойчы даводзілася ездзіць з намі ў тралейбусе. Мы часам бралі яе з сабой на работу. Нават у госці. У дарозе яна заўсёды вельмі хвалявалася. Доўга не магла ўседзець на адным месцы. То мне на рукі ўскочыць, то да гаспадыні перабяжыць, то ў Сярожы на каленях уладкуецца.
 Аднаго разу кантралёр, правяраючы білеты, пажартаваў:
 – Безбілетніца! Таму і баіцца, каб не высадзілі, хвалюецца…
 Неяк раніцай я пайшоў у магазін па хлеб. I Жулька за мной увязалася. Перайшлі на другі бок вуліцы. А тут якраз тралейбусны прыпынак. I тралейбус падыходзіць. I дзверы адчыняюцца. Не паспеў я і вокам міргнуць, а Жулька – ужо ў тралейбусе. Пабег я за ёй, але дзверы перад самым маім носам зачыніліся. I тралейбус рушыў далей.
 Кінуўся я спачатку ўслед. Ды дзе там! Хіба дагоніш…
 Ну, думаю, усё. Бывай, Жулька!.. Як я зараз дадому вярнуся? Што скажу?
 Сумна мне стала. I горка. Нават пра хлеб забыўся. Без пэўнай мэты брыду сабе па вуліцы да наступнага прыпынку. Для ачысткі сумлення. Аж бачу – ляціць мне насустрач белы пуховы камяк і вішчыць на ўсю вуліцу Жульчыным голасам.
 Яна! Жулька!
 А тая з радасці як скочыць з ходу мне проста на грудзі. I лізь сваім гарачым ружовым язычком проста ў нос. Падхапіў я яе на рукі, прыціснуў да шчакі.
 Ідуць людзі. Глядзяць на нас. Дзівяцца. Ну і няхай сабе!
 А хлеба ў той дзень мы так і не прынеслі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий