Артыстка

Пераказы

   Кінастудыя здымала фільм пра вайну. Рыхтаваўся эпізод – бежанцы на дарозе. Трэба было арганізаваць масоўку – гэта значыць сабраць людзей, апрануць іх так, як маглі быць апрануты ў той час бежанцы, і каб яны з клункамі, з мяшкам і ішлі па дарозе, вялі з сабою кароў, гналі гусей, свіней.
   Здымкі рабіліся каля вёскі, праз якую прайшла вайна, людзі з якой сапраўды хадзілі ў бежанцы, ды немцы перахапілі іх, вярнулі.
   У гэтай вёсцы і з’явілася прыгожа напісаная аб’ява, у якой гаварылася, што кінастудыя запрашае жыхароў прыняць удзел у здымках фільма. Унізе аб’явы адзначалася, што кожнаму ўдзельніку будзе заплачана па тры рублі.
   У назначаны дзень людзей сабралася вельмі многа. Рэжысёр – нізенькі, каржакаваты, з чорнаю барадою, у палінялым камбінезоне, з тоўстым кіем у руцэ – у яго балела нага – выйшаў перад людзьмі і растлумачыў, як яны павінны апрануцца, што ўзяць з сабою.
   – Адным словам, каб было так, як у сорак першым, – заключыў рэжысёр.
   Пра тое, як хадзілі ў бежанцы, помніла яшчэ амаль палова вёскі. Многія з іх былі шчыра перакананы, што ў кіно паказваюць толькі тое, што сапраўды было ў жыцці. I пачалі ўспамінаць, як хто ў той дзень быў апрануты, які клунак ці чамадан нёс з сабою.
   Асабліва шчыравала бабка Мар’я, старая ўжо, зусім сівая, бяззубая. Але і ёй хацелася трапіць у кіно, і яе ўсхваляваў успамін – як гэта было тады, у тыя часы, каб яны век не вярнуліся.
   – Зоська, Зоська, як цяпер помню, ты была ў каптане з жалезнымі гузікамі, – напамінала яна сваёй суседцы. – I чамайдан драўляны несла. У зялёны пакрашаны.
   – Цётачка, дык жа той чамадан Міцька забраў, як у тэхнікум ехаў.
   – А ты ў Іваніхі вазьмі. У той акурат такі чамайдан. А яна з клункам ішла, як цяпер помню…
   Сама бабка Мар’я завязала і тую хустку, у якой хадзіла ў бежанцы, – вялікую, шэрую, у клеткі – і клунак сабрала акурат такой велічыні, як быў той.
   З бабкаю збіраўся ісці «здымацца ў кіне» і яе ўнук трактарыст Косця. Яму цяпер было столькі гадоў, як у вайну яго бацьку, сыну бабкі Мар’і, якога забілі немцы. I падобны ж быў Косця на бацьку – ну выліты Віця, бабчын сын.
   Калі амаль усе жыхары вёскі выйшлі на тракт – з клункамі, з чамаданамі, з дзецьмі на вазах, – карціна сапраўды атрымалася такой жа, як тады, у сорак першым. У бабкі Мар’і аж забалела сэрца. Успомнілася ўсё да драбніц, як было ў вайну. А ў гэты час артысты, апранутыя ў нямецкую форму, схапілі яе ўнука Косцю і пацягнулі з дарогі ў лес.
   I бабка Мар’я нема загаласіла, падалася за ўнукам. З вачэй яе паліліся непадробныя слёзы. Яна не бачыла апарата, які ў гэты час здымаў яе буйным планам.
   Пасля спецыялісты, якія глядзелі гатовы фільм, казалі, што артыстка вельмі добра сыграла эпізод. Вельмі праўдзіва.
(440 слоў)

Паводле Л. Арабей.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий