Барыс Сачанка — Ля даўняга селішча

Барыс Сачанка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном і быльнёгам селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі…
  Ля селішча двое: высокі аднарукі мужчына і яго сын – хлопчык год шасці-сямі.
  – Тата, чаго ты зноў прыйшоў сюды? – пазіраючы на селішча, пытае хлопчык. – I летась, калі прыязджалі ў вёску, былі мы тут, і во цяпер, сёння…
  – Чаго? – перапытвае ні то сам у сябе, ні то ў сына бацька і, нібыта адумаўшыся, раптам змаўкае.
  Дый што ён можа сказаць? Хіба зразумее, уявіць дзіця, што тут, дзе сівее, раскашуецца на волі палын ды быльнёг, некалі стаяла хата. Хата, у якой жыў ён, Мікалай, жыла добрая, мілая Надзя, жонка. I ў той хаце бегаў, звінеў званочкам шустры Косцік. Косцік-хвосцік… Іхні, яго і Надзін, сынок… Яны з Надзяй не зводзілі з сына вачэй, любаваліся, як борзда перабірае ножкамі, тупае па чыстых, вымытых да жаўцізны маснічынах маленечкі чалавечак, і ціха смяяліся ад радасці…
  Потым… Потым пачалася вайна. Яго, Мікалая, на фронт не ўзялі – пакінулі партызаніць. Немцы аднекуль даведаліся, што ён тут, у сваім лесе. Некалькі дзён пільнавалі яго ў засадзе, спадзеючыся, мабыць, што партызанскі камандзір наведаецца дадому, да жонкі. I, не дачакаўшыся таго, спапялілі хату. А разам з хатаю і тых, каго ён, Мікалай, любіў больш за ўсё на свеце…
  …Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном і быльнёгам селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі…
  Ля селішча двое: высокі аднарукі мужчына і яго сын – хлопчык год шасці-сямі.
  – Тата, а тат? – пазіраючы на селішча, пытае хлопчык.– Скажы, га, чаго мы зноў прыйшлі сюды?..
  Нічога не кажа бацька, маўчыць, упарта, сцята маўчыць…
  Дый што ён можа сказаць? Хіба зразумее, уявіць дзіця, што і сын у бацькі не першы і жонка таксама не першая, што ў яго былі ўжо і жонка, і сын…
  Былі…
  I на вачах у бацькі нагортваюцца, блішчаць слёзы. Ці то ад сонца, якое надта ж шчыруе, аж слепіць, быццам спяшаецца аддаць назапашанае цяпло і святло, ці то ад чагосьці іншага, таго, пра што пытае і ніяк не можа пачуць ад бацькі адказу хлопчык, сын…
  Другі сын…

1969 г.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий