Барыс Сачанка — Жаніх і нявеста

Барыс Сачанка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Таццянчынага Паўліка ўкусіла гадзюка. Укусіла знячэўку, калі хлопчык хацеў сарваць спелую гронку парэчак. Скокнуў ён у куст і адразу ж адчуў, як штосьці апякло пятку. Падняў нагу: выгінастая, пабітая на чорныя шашачкі спіна гадзюкі віхлянулася ў траве…
 У бальніцы Паўліку далі аж два ўколы. Маці здалося гэтага мала, і надвячоркам, на захадзе сонца, яна прыцягла яшчэ знахарку. Тая доўга і часта дзьмула на нагу і шэптам усё адсылала хваробу «на дрымучыя лясы, на голыя лозы, на быстрыя воды».
 Але хвароба не паслухалася яе – не захацела нікуды ісці. Ад гэтага нага распухла, зрабілася тоўстая і цяжкая, як бервяно.
 І здарылася ўсё гэта якраз у тыя дні, калі ў лесе на дзялянках паспелі маліны, Хто б раней утрымаў у гэты час непаседу Паўліка дома! Прывяжы – і то ўцячэ. А так сядзіць ён ціха над разгалістай яблыняй у садзе і думае-варожыць: насунецца вось той беласнежны сухмарак на сонца ці праплыве бокам. I такая маркота, такі сум, што хоць плач.
 Яно каб былі кніжкі, дык час, можа б, і не так доўжыўся. Але ж за дні хваробы Паўлік прачытаў усё, нідзе ні староначкі непрачытанай няма.
 Збегаць у бібліятэку ён не можа, а ў маці і без таго работы па самае горла: і свае грады трэба ад травы ратаваць, і ў калгас дзень пры дні хадзіць…
 У садзе – гарачыня, асабліва ў абед. Пахне кропам, гуркамі. Гудуць, як на пасецы, пчолы.
 Час ад часу Паўлік мочыць у місе з сыроваткай рушнічок і прыкладвае да апухлай нагі.
 Дзеля чаго гэта – хлопчык не ведае, але сказала маці, што так трэба, – і ён слухаецца…
 Раптам з вуліцы чуецца голас:
 – Паўлік, Паўлік, дзе ты?
 Хаця ад вуліцы пляцень густа абвіты хмелем і з саду не відаць, хто крычыць, але Паўлік па голасу пазнае: гукае Анютка – дзяўчынка, да якой пасадзіла яго зімою настаўніца, каб ён меней сваволіў.
 У іншы час Паўлік, магчыма, і не адгукнуўся б на гэты голас. Але цяпер, калі ў яго баліць нага, а ніхто з аднакласнікаў яшчэ не прыйшоў праведаць, гэты голас узрадаваў яго.
 – Я тут! – крычыць ён. – У мяне нага баліць, і я не магу адчыніць. Ты давай проста цераз пляцень!
 – Добра, я зараз… – чуецца з вуліцы, і праз якую хвіліну белая ў чырвоныя бубачкі сукенка мільгае ў гародзе. Хаваючы адну руку за спіну, белагаловая дзяўчынка бяжыць па разоры ў сад.
 – Ты чаму ж гэта сёння на луг не пайшла? – пытае Паўлік, як толькі дзяўчынка садзіцца побач.
 – А мы па маліны хадзілі, кажа яна і ўсміхаецца. Густыя, белыя зубы на момант бянтэжаць хлапчука; у яго зубы мяняюцца, таму яны няроўныя і рэдкія. – Бач якія, – і Анюта з-за спіны ставіць перад хворым гранёную шклянку спелых малін.
 Паўлік доўга прыглядаецца да ягад, і яго востранькі, пасыпаны ля кірпатага носа рабаціннем, тварык прыкметна ажывае.
 – Відаць, у Дзедавых выгарах брала, – кажа ён. – Такія толькі там растуць!..
 – Умгу, – прызнаецца Анютка. – Еш, я табе прынесла. Успомніла пра цябе і прынесла. Ты ж такі хворы цяпер, слабенькі, кволенькі…
 – Хворы, нага баліць.
 – I моцна?
 – Не, не вельмі каб, але ж у лес усё роўна няможна ісці, – крывячыся, быццам ад болю, адказвае Паўлік.
 Дзяўчынка змаўкае і ўжо не на хвіліну не зводзіць вачэй з балючай нагі, калашына на якой закасана па калена, а лытка абкладзена мокрым ручніком. Потым кажа:
 – Паўлік, а што, калі ты раптам памрэш?
 – Ну-у, выдумала, – смяецца Паўлік, забыўшыся, што ў яго шчарбаты рот. – Доктар казаў, што праз які тыдзень буду бегаць яшчэ лепей, чым бегаў… Вось толькі вельмі сумна аднаму…
 – I мне сумна, – памаўчаўшы, прызнаецца дзяўчынка. – Як толькі цябе ўкусіла гадзюка, дык мне і сумна стала. I на луг хадзіла, і ў лес, а ўсе роўна сумна. Паўлік, хочаш, я буду толькі з табою таварышкаваць, як ты ачуняеш… Далібог, ні з кім, толькі э табою. Хочаш?..
 Але Паўлік не адказвае. Ён раптам успамінае: з іх кпілі аднакласнікі, калі яго перасадзіла настаўніца да Анюткі. Нават прыпеўку склалі:
 

Жаніх і нявеста
Паелі ўсё цеста.
Жанішок, жанішок
Згубіў шапку й кажушок…

 «А калі даведаюцца, што Анютка прыносіла маліны?..»
 Хлопчык хмурнее і палахліва азіраецца: ці не сочыць за імі хто-небудзь? І кажа:
 – Ага, быццам без цябе ў мяне няма з кім таварышкаваць?.. Быццам без малін я не абыдуся… – і Паўлік адсоўвае ад сябе шклянку з ягадамі.
 – Ну і не еш… – ледзь чутна шэпча Анютка. – Ну і не еш… – паўтарае яна, і вусны яе крывяцца – дзяўчынка вось-вось заплача. Яна ўстае і, не азіраючыся, павольна ідзе па разоры на падворак, а адтуль, гэтак жа павольна, на вуліцу. Вострыя плечкі яе калоцяцца Анютка плача…
 Паўлік застаецца ў садзе зноў адзін. Ён сядзіць, маўклівы і пануры, глядзіць на шклянку малін, і яму неяк не па сабе. З Анюткі ж таксама смяяліся, калі спявалі гэтую крыўдную прыпеўку. А яна, бач, прыйшла. Прыйшла сама, быццам так і трэба. I ён, замест таго, каб забыцца на ўсё, парадавацца, узяў ды так ні за што ні пра што пакрыўдзіў Анютку – лічы, прагнаў…

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий