Беларуская літаратура 10 клас

Беларуская літаратура

Уводзіны

(1 гадзіна)

Літаратура – спецыфічная форма пазнання жыцця народа, выяўлення мастацкага спосабу мыслення. Асноўныя этапы развіцця беларускай літаратуры.

Тэорыя літаратуры. Літаратурны напрамак.

Даўняя літаратура (ХІ—ХVІІІ стст.)

(5 гадзін)

  • Літаратура эпохі Сярэдневякоўя. Агульная характарыстыка літаратуры Сярэдневякоўя (ХІ–ХV стст.) (з абагульненнем раней вывучанага). Кірыл Тураўскі. Словы. Казанні. Павучанні. Жыццё і літаратурна-асветніцкая дзейнасць К. Тураўскага. Пропаведзь маральнага ўдасканалення чалавека і грамадства, крытыка чалавечых заганаў. Высокае паэтычнае майстэрства К. Тураўскага (метафарызм, красамоўства, багацце лексікі) (1 гадзіна).

Тэорыя літаратуры. Жанры літаратуры Сярэдневякоўя.

Мастацтва. Скульптура: помнік Кірылу Тураўскаму ў Тураве (скульптар М. Інькоў, архітэктар М. Лук’янчык); М. Інькоў. «Кірыла Тураўскі»; I. Пратасеня. «Кірыла Тураўскі».

  • Літаратура эпохі Адраджэння. Агульная характарыстыка літаратуры эпохі Адраджэння (ХVІ ст.) (з абагульненнем раней вывучанага). Пашырэнне гуманістычнага светаўспрымання і светаадчування. Чалавек як мера каштоўнаснага і прыгожага ў мастацтве. Эпоха Адраджэння ў Беларусі (1 гадзіна).
  • Францыск Скарына. Прадмова да ўсёй Бібліі, прадмова да кнігі Псалтыр. Развіццё беларускага кнігадрукавання (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і інш.) (1 гадзіна).

Ф. Скарына – першадрукар і асветнік (з абагульненнем раней вывучанага). Пераклад і выданне кніг Бібліі. Імкненне Ф. Скарыны наблізіць кнігу да народа (старабеларуская мова, прадмовы, тлумачэнні). Вершатворчасць Ф. Скарыны. Рысы рэнесанснага гуманізму ў творчасці Ф. Скарыны.

Тэорыя літаратуры. Жанры літаратуры Адраджэння.

Мастацтва. Скульптура: З. Азгур. «Францыск Скарына»; А. Глебаў. Помнік Ф. Скарыну ў Полацку; помнік С. Буднаму ў Нясвіжы (скульптар С. Гарбунова, архітэктар Ю. Казакоў); А. Шатэрнік. «Мікола Гусоўскі». Жывапіс: I. Ахрэмчык. «Францыск Скарына»; Г. Вашчанка. «Роднае слова. Францыск Скарына»; Л. Шчамялёў. «Францыск Скарына. Вяртанне». Музыка: Д. Смольскі. Опера «Францыск Скарына». Кінамастацтва: «Я, Францыск Скарына…» (рэжысёр Б. Сцяпанаў).

  • Літаратура эпохі Барока. Агульная характарыстыка літаратуры барока (XVII–XVIII стст.). Асаблівасці беларускага барока, яго праявы ў літаратуры і іншых відах мастацтва. Палітычная сатыра і гісторыка-мемуарная проза («Прамова Мялешкі»). Вершатворчасць на беларускай мове (Сімяон Полацкі). Станаўленне беларускага тэатра (батлейка, школьная драма і інтэрмедыя) (1 гадзіна).

Літаратура эпохі Асветніцтва. Агульная характарыстыка літаратуры Асветніцтва (другая палова XVIII – пачатак XIХ ст. Рысы Асветніцтва ў беларускай літаратуры. Развіццё паэзіі і драматургіі (1 гадзіна).

Мастацтва. Архітэктура: Мірскі замак; Нясвіжскі палац. Жывапіс: партрэты Юрыя Радзівіла (XVI ст.), Януша Радзівіла (XVII ст.), Ежы Радзівіла (XVII ст.). Музыка: М. Агінскі. Паланэз «Развітанне з Радзімай». Кінамастацтва: «Ветрык арэляў» (рэжысёр С. Гайдук); «Паланэз Агінскага» (рэжысёр Л. Голуб).

Развіццё новай беларускай літаратуры XIX ст.

(5 гадзін)

  • Агульная характарыстыка беларускай літаратуры ХІХ ст. Асноўныя фактары станаўлення новай беларускай літаратуры (цікавасць да фальклору, народнага побыту, гістарычнага мінулага і традыцый). Пераважна ананімны характар бытавання твораў. Узнікненне камічных, бурлескных твораў (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Дзейнасць студэнцкіх таварыстваў Віленскага ўніверсітэта (1 гадзіна).
  • Рамантызм у еўрапейскім і беларускім мастацтве слова канца ХVІІІ – першай паловы ХІХ ст. як вядучы літаратурны напрамак (з абагульненнем раней вывучанага). Перадумовы ўзнікнення рамантызму. Пошукі ідэалу ў мінулым, мастацкіх уяўленнях пра будучыню, апісаннях экзатычных зямель. Асаблівая ўвага да індывідуальнага свету чалавека. Роля А. Міцкевіча ў развіцці рамантызму на тэрыторыі Беларусі (1 гадзіна).
  • Ян Чачот. Вершы «Покуль сонца ўзыдзе…», «Да мілых мужычкоў», «На прыезд Адама Міцкевіча» (1 гадзіна).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

Беларускамоўная творчасць. Маральна-этычная і сацыяльная праблематыка твораў Я. Чачота. Уплыў творчасці Я. Чачота на А. Міцкевіча.

Тэорыя літаратуры. Рамантызм як літаратурны напрамак.

Мастацтва. Архітэктура: палац у Снове (XIX ст.); сядзіба Ваньковічаў у Мінску (XIX ст.). Скульптура: В. Янушкевіч. Помнік Адаму Міцкевічу ў Навагрудку. Жывапіс: У. Пракапцоў. «А. Міцкевіч. Боль паэта»; Р. Вільчынскі. «Ян Чачот».

  • Францішак Багушэвіч. Паэма «Кепска будзе!» (2 гадзіны).

Звесткі пра жыццё і творчасць (з абагульненнем раней вывучанага).

Выкрыццё сацыяльнай несправядлівасці ў паэме «Кепска будзе!». Паказ жыццястойкасці беларускага народа. Роля айчыма ў лёсе Аліндаркі. Матыў трагічнасці і безвыходнасці.

Тэорыя літаратуры. Рэалізм як літаратурны напрамак.

Мастацтва. Скульптура: З. Азгур. Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах; К. Асадаў. «Францішак Багушэвіч» (скульптурны барэльеф); Жывапіс: Я. Ціхановіч. «Партрэт Францішка Багушэвіча».

Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы XX стагоддзя

(34 гадзіны)

  • Беларуская літаратура пачатку XX ст. (1 гадзіна).

Агульная характарыстыка беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. Роля газет «Наша доля», «Наша ніва» ў гісторыі айчыннай культуры і мастацтва слова.

Фарміраванне класічных асноў беларускай літаратуры. Праявы мадэрнізму ў беларускай літаратуры. Прыход у літаратуру Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Алеся Гаруна, Максіма Гарэцкага, Вацлава Ластоўскага, Каруся Каганца, Ядвігіна Ш. і інш.

Станаўленне беларускага прафесійнага тэатра.

Тэорыя літаратуры. Літаратурны працэс.

  • Цётка. Вершы «Мае думкі», «Вера беларуса», «Мора» (1 гадзіна).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

Патрыятычны змест лірыкі Цёткі, паэтызацыя непаўторнасці і хараства Бацькаўшчыны. Асноўныя матывы і пафас вершаў, іх рамантычна-сімвалічная вобразнасць. Яскравасць паэтычнага стылю: рытміка, інтанацыя, гукапіс, тропы, паэтычны сінтаксіс.

Мастацтва. Скульптура: А. Заспіцкі. Помнік Цётцы ў г.п. Астрына; А. Ліпень. Помнік Цётцы ў Шчучыне. Жывапіс: М. Купава. «Алаіза Пашкевіч (Цётка)»; І. Пратасеня. «Думы Цёткі»; Ф. Янушкевіч. «Роздум. А. Пашкевіч (Цётка)»; Л. Шчамялёў. «Родны край». Музыка: І. Лучанок. «Кася», «Як Лілея на Дунаі»; Ю. Семяняка. «Люблю мой сад…»; Д. Смольскі. «Арлы-брацці», «Вера беларуса», «Скрыпка».

  • Ядвігін Ш. Апавяданне «Дуб-дзядуля» (1 гадзіна).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

Увага да праблем чалавечага быцця, сэнсу і каштоўнасці чалавечага існавання. Філасофскі сэнс твора «Дуб-дзядуля». Лірызм апавядання. Прытчавая аснова. Адметнасць творчай манеры Ядвігіна Ш.

Мастацтва. Жывапіс: А. Крывенка. «Пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч Ядвігін Ш. (Лявіцкі Антон Іванавіч)».

  • Янка Купала. Драма «Раскіданае гняздо» (2 гадзіны).

Звесткі пра жыццё і творчасць (з апорай на раней вывучанае).

«Раскіданае гняздо». Сацыяльна-філасофскі змест п’есы. Асноўныя сюжэтныя лініі. Жанравыя асаблівасці, кампазіцыя, развіццё канфлікту. Галоўныя героі, матывы іх паводзін. Пошукі маладым пакаленнем рэальных шляхоў вызвалення Бацькаўшчыны. Праўда Сымона і праўда Зоські. Вобраз Старца як выразніка народнай маралі. Вобраз Незнаёмага ў сістэме дзеючых асоб п’есы. Ідэйны сэнс Вялікага сходу. Рэалізм твора, сімвалічнасць яго назвы. Сцэнічнае ўвасабленне п’есы.

Значэнне творчасці Янкі Купалы ў беларускай літаратуры.

Тэорыя літаратуры. Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў драматычным творы.

Мастацтва. Скульптура: А. Анікейчык. Помнік Янку Купалу ў Ляўках; «Малады Купала» ў Акопах (скульптары А. Заспіцкі і Г. Мурамцаў, архітэктар Ю. Казакоў). Жывапіс: Д. Полазаў. «Партрэт Янкі Купалы».

Тэатральнае мастацтва: спектакль «Раскіданае гняздо» (Нацыянальны дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага; рэжысёр Б. Луцэнка). Кінамастацтва: «Раскіданае гняздо» (рэжысёр Б. Луцэнка).

  • Якуб Колас. Трылогія «На ростанях» (частка першая «У палескай глушы») (4 гадзіны).

Звесткі пра жыццё і творчасць (з апорай на раней вывучанае).

Трылогія «На ростанях». Гісторыя напісання і праблематыка, аўтабіяграфізм твора, яго сюжэтныя і кампазіцыйныя асаблівасці.

Жанравая спецыфіка аповесці «У палескай глушы». Прататыпы галоўных герояў. Вобраз Андрэя Лабановіча – беларускага інтэлігента, шукальніка ісціны, сэнсу жыцця. Народ і інтэлігенцыя ў творы. Жаночыя вобразы. Майстэрства Коласа-празаіка: псіхалагізм, багацце мовы, мастацкая дэталізацыя. «Палескі каларыт» твора.

Месца і значэнне творчасці Якуба Коласа ў беларускай літаратуры.

Мастацтва. Жывапіс: Я. Кругер. «Партрэт Якуба Коласа»». I. Лучанок. «Роднаму краю»; У. Мулявін. «Каханне». Кінамастацтва: «Першыя выпрабаванні» (рэжысёр У. Корш-Саблін).

  • Максім Багдановіч. Вершы «Песняру», «Кніга», «Летапісец», «Мяжы», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…» (2 гадзіны).

Звесткі пра жыццё і творчасць (з апорай на раней вывучанае).

Погляды М. Багдановіча на прызначэнне паэта ў грамадстве. Зварот да культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі. Філасофскі пачатак у лірыцы. Скіраванасць да агульначалавечых гуманістычных каштоўнасцей. Багацце духоўнага свету лірычнага героя. Рытмічная разнастайнасць і меладычнасць верша. Сувязь творчасці М. Багдановіча з класічнай спадчынай і сусветнай паэзіяй.

Тэорыя літаратуры. Верлібр і вольны верш.

Мастацтва. Скульптура: Л. Гумілеўскі. «Максім Багдановіч»; В. Янушкевіч. «Зорка Максіма Багдановіча» (бронза). Жывапіс: I. Рэй. «Шлях паэта». Музыка: песні і рамансы на словы паэта (кампазітары А. Абіліёвіч, М. Аладаў, А. Багатыроў, У. Мулявін, І. Палівода, А. Туранкоў, Э. Тырманд).

  • Алесь Гарун. Вершы: «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам…», «Ідуць гады» (1 гадзіна).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

Вызваленча-патрыятычныя матывы, агульначалавечыя каштоўнасці ў вершы «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам…». Абвостранае пачуццё любові да радзімы. Праблемы сэнсу жыцця, прызначэння чалавека («Ідуць гады»). Філасафічнасць і публіцыстычнасць вершаў.

  • Беларуская літаратура 1920-х – 1930-х гадоў: агляд (1 гадзіна).

Актывізацыя літаратурна-грамадскага руху і культурнага будаўніцтва ў 1920-я гады.

Літаратурныя аб’яднанні «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», БелАПП і інш., іх роля ў гісторыі айчыннага пісьменства. Творчыя здабыткі і пошукі ў літаратуры 1920-х гадоў і іх спад у 1930-я гады пад уплывам ідэалагізацыі літаратурнага жыцця. Становішча, у якім апынуліся беларускія пісьменнікі ў 1930-я гады.

Літаратура Заходняй Беларусі, яе сувязь з агульнанацыянальнай літаратурай (Уладзімір Жылка, Максім Танк і інш.).

Мастацтва. Скульптура: А. Грубэ. «Трактарыстка», «Беларус»; А. Арлоў. «Пагранічнік і калгасніца». Жывапіс: І. Ахрэмчык. «Падпісанне Маніфеста аб утварэнні БССР»; М. Філіповіч. «На Купалле», «Стары беларус з люлькай»; В. Бялыніцкі-Біруля. «Пачатак вясны». Музыка: опера «У пушчах Палесся» А. Багатырова.

  • Максім Гарэцкі. Апавяданне «Літоўскі хутарок» (1 гадзіна).

Звесткі пра жыццё і творчасць (з абагульненнем раней вывучанага).

«Літоўскі хутарок». Аўтабіяграфічнасць апавядання. Трагізм лёсу герояў. Антываенная скіраванасць твора. Чалавек і абставіны ў творы.

Тэорыя літаратуры. Аўтабіяграфізм і дакументалізм у літаратуры.

Мастацтва. Скульптура: М. Рыжанкоў. Помнік М. Гарэцкаму ў Мінску. Кінамастацтва: «Максім Гарэцкі. Прысады жыцця» (рэжысёр І. Калоўскі).

  • Змітрок Бядуля. Апавяданне «Бондар» (1 гадзіна).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

«Бондар». Асэнсаванне праблемы мастака і мастацтва. Асуджэнне эстэтычнай неразвітасці, чэрствасці і абыякавасці. Мастацкія адметнасці твора: сцісласць, драматызм, псіхалагізм.

  • Уладзімір Дубоўка. Вершы «О Беларусь, мая шыпшына», «Залатая асенняя раніца…», «Родная мова, цудоўная мова!» (1 гадзіна).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

Асноўныя матывы лірыкі. Паэтызацыя прыроды, кахання. Вобразнасць, багацце форм вершаў. Традыцыі фальклору ў лірыцы, уздзеянне паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча на творчасць У. Дубоўкі.

Тэорыя літаратуры. Мастацкія тропы (паглыбленне паняцця).

Мастацтва. Музыка: М. Шчаглоў-Куліковіч. «О Беларусь, мая шыпшына»; М. Равенскі. «На прасторах сініх», «Ліпнёвы гімн». Жывапіс: П. Драчоў. Ілюстрацыі да выдання (Дубоўка, У. Выбраныя творы : у 2 т. – Мінск, 1965).

  • Кандрат Крапіва. Камедыя «Хто смяецца апошнім» (2 гадзіны).

Звесткі пра жыццё і творчасць (з абагульненнем раней вывучанага).

«Хто смяецца апошнім». Час напісання твора. Актуальнасць праблем, узнятых у камедыі. Канфлікт у п’есе. Маштабнасць сатырычных вобразаў Гарлахвацкага і Зёлкіна. Эвалюцыя характару Тулягі. Вобразы – носьбіты аўтарскай пазіцыі: Чарнавус, Левановіч, Вера. Раскрыццё характараў праз маўленне персанажаў. Сцэнічнае жыццё камедыі. Значэнне творчасці Кандрата Крапівы ў развіцці беларускай драматургіі.

Тэорыя літаратуры. Сатырычная камедыя. Канфлікт у драматычным творы (паглыбленне паняцця).

Мастацтва. Кінамастацтва: «Кандрат Крапіва» (рэжысёр М. Купеева); «Загадкі дзеда Кандрата» (рэжысёр А. Леўчык); «Хто смяецца апошнім» (рэжысёр У. Корш-Саблін).

  • Міхась Зарэцкі. Апавяданне «Дзіўная» (1 гадзіна).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

Адлюстраванне псіхалогіі людзей з новым светапоглядам у апавяданні «Дзіўная». Драматызм лёсу Шумавай. Маральная праблематыка, асэнсаванне вечнага і часовага ў творы.

М. Зарэцкі – майстар мастацкай дэталі, глыбокі псіхолаг.

Тэорыя літаратуры. Псіхалагізм у мастацкім творы.

  • Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945). Агляд (1 гадзіна).

Антываенны пафас і вызваленчыя матывы беларускай літаратуры. Тэма Радзімы, яе будучыні. Паказ суровай праўды вайны, услаўленне мужнасці і гераізму народа-змагара, асуджэнне здрады Радзіме. Адлюстраванне трагедыі чалавека на вайне. Адметнасць творчасці беларускіх пісьменнікаў у гады вайны: перавага лірыкі, публіцыстыкі, сатыры.

Пісьменнікі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны: А. Куляшоў, П. Панчанка, А. Астрэйка, А. Бялевіч, У. Карпаў, М. Сурначоў і інш.

Патрыятычная публіцыстыка.

Мастацтва. Скульптура: М. Кандрацьеў. «Загінуўшых чакаюць вечна (удовы вайны)». Жывапіс: В. Грамыка. «Балада пра ваенную маладосць»; М. Савіцкі. «Партызанская мадонна»; М. Тарасікаў. «Брацкія магілы». Музыка: І. Лучанок. «Ёсць у горада слава гордая» (словы А. Вярцінскага).

  • Героіка-патрыятычны пафас ваеннай лірыкі (3 гадзіны).

Пятрусь Броўка. Звесткі пра жыццё і творчасць (з абагульненнем раней вывучанага).

Лірыка. Агляд творчасці П. Броўкi перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Патрыятычны і грамадзянскі пафас твораў паэта. Выяўленне палымянай веры ў перамогу (верш «Спатканне»).

Аркадзь Куляшоў. Звесткі пра жыццё і творчасць (з абагульненнем раней вывучанага).

Ваенная лірыка А. Куляшова. Суровая праўда ў паказе народнага подзвігу. Трагічнае і лірычнае, фальклорныя матывы ў баладзе «Над брацкай магілай».

Максім Танк. Звесткі пра жыццё і творчасць (з абагульненнем раней вывучанага).

Адметнасць лірыкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Сцвярджэнне нязломнай духоўнай сілы беларускага народа ў вершы «Родная мова».

  • Кузьма Чорны. Раман «Пошукі будучыні» (4 гадзіны).

Звесткі пра жыццё і творчасць (з абагульненнем раней вывучанага).

«Пошукі будучыні» – буйны эпічны твор часоў вайны. Сацыяльна-філасофскі змест рамана. Асаблівасці сюжэтна-кампазіцыйнай будовы твора. Драматычны лёс ахвяр Першай і Другой сусветных войнаў. Аўтарская канцэпцыя будучыні беларускага народа. Няздзейсненыя мары старэйшага пакалення (Нявады, Сымона Ракуцькі). Тэма «скрадзенага дзяцінства». Выкрыццё ідэалогіі фашызму. Асуджэнне авантурысцкіх планаў графа Паліводскага і Густава Шрэдэра – новых прэтэндэнтаў на панаванне ва ўмовах акупацыі. Антываенны пафас рамана. К. Чорны – майстар мастацкай дэталі, партрэтнай і моўнай характарыстыкі, пейзажнай і бытавой замалёўкі, разгалінаванага сюжэта.

Стылявыя адметнасці творчасці і псіхалагізм у прозе Кузьмы Чорнага.

Тэорыя літаратуры. Раман як эпічны жанр.

Мастацтва. Скульптура: З. Азгур. «Пісьменнік Кузьма Чорны». Жывапіс: І. Ахрэмчык. «Партрэт К. Чорнага».

  • Беларуская літаратура пасляваенных дзесяцігоддзяў (1945–1965) (1 гадзіна).

Патрыятычны і жыццесцвярджальны пафас творчасці, абумоўлены заканчэннем вайны, мірным будаўніцтвам. Тэмы вайны і адраджэння мірнага жыцця як цэнтральныя ў літаратуры.

Вяртанне да класічных традыцый рэалістычнага мастацтва (проза І. Мележа, В. Быкава, Я. Брыля, А. Кулакоўскага, паэзія А. Вялюгіна, А. Пысіна, М. Аўрамчыка, К. Кірэенкі, А. Вярцінскага, драматургія К. Губарэвіча, А. Макаёнка).

Здабыткі ў жанры паэмы (Максім Танк «Люцыян Таполя», П. Броўка «Голас сэрца») (твор на выбар настаўніка).

  • Пімен Панчанка. Вершы «Герой», «Родная мова», «Той дзень прапаў і страчаны навекі…», «Спарышы», «Крык сойкі» (2 гадзіны).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

Лірыка. Патрыятычны пафас ваеннай паэзіі П. Панчанкі. Гераічнае і трагічнае ў вершы «Герой».

Роздум пра сэнс жыцця, гарманічныя адносіны паміж людзьмі і наваколлем. Спавядальны характар, адкрытасць, шчырасць лірычнага пачуцця. Публіцыстычная завостранасць верша, разнастайнасць рытміка-інтанацыйнага малюнка, багацце сродкаў мастацкага выяўлення.

Тэорыя літаратуры. Лірычны герой, лірычнае «я» і аўтар.

Мастацтва. Музыка: П. Падкавыраў. Фрагменты з вакальнага цыкла «Партызаны» (словы Янкі Купалы, Максіма Танка, Пімена Панчанкі). Жывапіс: М. Будавей. «Партрэт Пімена Панчанкі».

  • Iван Мележ. Раман «Людзі на балоце» (4 гадзіны).

Звесткі пра жыццё і творчасць.

«Людзі на балоце». Творчая гісторыя, тэматыка і праблематыка «Палескай хронікі».

Нацыянальныя характары ў рамане. Майстэрства раскрыцця ўнутранага свету галоўных герояў – Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі. Настойлівае імкненне Васіля да самасцвярджэння і незалежнасці, яго цярплівасць, працавітасць, разгубленасць у складаных жыццёвых абставінах. Драматычны лёс Ганны.

Нетрадыцыйны падыход аўтара да раскрыцця псіхалогіі заможных сялян. Драматызм становішча Глушака ў час калектывізацыі.

Чалавек і прырода ў творы. Псіхалагічнае майстэрства Мележа-празаіка.

Нацыянальная самабытнасць творчасці I. Мележа і яе агульначалавечая значнасць.

Мастацтва. Жывапіс: Г. Вашчанка. «Маё Палессе»; А. Гараўскі. «Пінскія балоты»; Ю. Зайцаў. «Людзі Палесся». Кінамастацтва: «Людзі на балоце» (рэжысёр В. Тураў).

Рэзерв вучэбнага часу (1 гадзіна)

 Паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год

(1 гадзіна)

Усяго:      

  • на вывучэнне твораў – 46 гадзін;
  • на творчыя работы – 4 гадзіны;
  • на ўрокі па творах для дадатковага чытання – 2 гадзіны;
  • рэзерв вучэбнага часу – 1 гадзіна.

 

Спіс твораў для завучвання на памяць

  • Максім Багдановіч. «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…».
  • Уладзімір Дубоўка. «О Беларусь, мая шыпшына…».
  • Пімен Панчанка. «Герой».
  • Іван Мележ. Урывак з рамана «Людзі на балоце» (ад слоў «Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна…» і да слоў «…так і відаць – маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!»).

Спіс твораў для дадатковага чытання

  • Гіём Апалінэр. Зб. «Зямны акіян».
  • Максім Гарэцкі. «Дзве душы».
  • Анатоль Грачанікаў. Зб. «Палессе».
  • Уладзімір Жылка. «Хараство», «Няма збавення», «Максім Багдановіч».
  • Уладзімір Дубоўка. Пераклады санетаў У. Шэкспіра.
  • Міхась Зарэцкі. «Кветка пажоўклая».
  • Зб. «Іскры вечнага агню» (уклад. А. Васілевіч і інш.).
  • Лукаш Калюга. Апавяданні.
  • Казімір Камейша. 2-3 вершы са зб. «Курганны звон» (з серыі «Дзеці вайны»).
  • Якуб Колас. «У глыбі Палесся», «На ростанях» (2-я і 3-я кнігі трылогіі «На ростанях»).
  • Тодар Кляшторны. Вершы са зб. «Кляновыя завеі».
  • Кандрат Крапіва. «Мілы чалавек».
  • Міхась Лынькоў. Апавяданні.
  • Алесь Марціновіч. Зб. «Хто мы, адкуль мы…».
  • Андрэ Маруа. «Пакаранне золатам».
  • Андрэй Мрый. «Запіскі Самсона Самасуя».
  • Міхась Пазнякоў. «Хлеб для партызанаў».
  • Язэп Пушча. Вершы са зб. «Дні вясны».
  • Эрнэст Хэмінгуэй. «Бывай, зброя!».
  • Мікалай Чаргінец. «Вам – заданне» (пераклад А. Марціновіча).
  • Міхась Чарот. Вершы.
  • Ян Чачот. «Наваградскі замак».
  • Кузьма Чорны. «Зямля».
  • Стэфан Цвейг. «Нябачная калекцыя».
Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий