Беларуская літаратура 6 клас

Беларуская літаратура

Уводзіны. Кніга адкрывае свет

(1 гадзіна)

Кніга – мудры спадарожнік і дарадца чалавека. Пазнаваўчае багацце кніг і іх вялікі чалавеказнаўчы змест. Літаратура як люстэрка мінулага і сучаснасці.

I. Мой род. Родная зямля. Народ

(6 гадзін)

  • Уладзімір Ліпскі. «Ад роду – да народу» (з кнігі «Я»). Радавод – гісторыя сям’і і роду, якая сведчыць пра паходжанне чалавека, пераемнасць розных пакаленняў людзей. Уяўленне пра радаводнае дрэва. Гісторыя краіны ў лёсе кожнай сям’і. Памяць аб продках – аснова годнай будучыні беларускага народа.
  • Алесь Пісьмянкоў. «Продкі». Услаўленне паэтам моцы, мужнасці і працавітасці продкаў, іх песеннай душы. Асноўная думка твора: памяць пра радаводныя карані, вопыт папярэднікаў – духоўны грунт чалавека і крыніца яго аптымізму. Эмацыянальнасць мовы.
  • Пятрусь Броўка. «Зямля Беларусі» (урывак з паэмы «Беларусь»). Родная зямля – вялікі духоўны скарб. Успрыманне паэтам бацькоўскага краю як адзінага і непаўторнага. Выяўленне патрыятычных пачуццяў праз паэтызацыю прыроды. Услаўленне беларускай зямлі, яе мінулага і велічы. Эмацыянальна-выяўленчая роля асноўных мастацкіх сродкаў у творы.
  • Уладзімір Караткевіч. «Лебядзіны скіт». Легенда пра паходжанне назвы «Белая Русь». Сутыкненне дабра і зла. Увасабленне ў вобразе старца лепшых чалавечых якасцей – адданасці свайму народу, гатоўнасці прыняць смерць дзеля яго выратавання. Маральная перамога старца над Батыем. Роля вобраза Юсуфі ў раскрыцці ідэі. Патрыятычнае гучанне твора.
  • Люба Тарасюк. «Імя Айчыны». Лірычная споведзь паэтэсы, абвостранае пачуццё любові да сваёй Айчыны. Запавет нашчадкам берагчы і шанаваць Радзіму. Эмацыянальная насычанасць выказвання, своеасаблівасць рытму, метафарычнасць мовы.

Мастацтва1. Жывапіс: «Мая зямля: жывапіс беларускіх мастакоў»: альбом. Фотамастацтва: Г. Ліхтаровіч. «Добры дзень, Беларусь»: альбом.

______________________________

1 Разгляд твораў рубрыкі «Мастацтва», якія выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу, адбываецца ў першую чаргу з апорай на вядомае і на выбар настаўніка. Дадатковыя гадзіны для знаёмства з такімі творамі вучэбнай праграмай не прадугледжаны.

II. Фальклор i літаратура

(14 гадзін)

Міфы

Узнікненне вобразнага мастацкага слова. Паэтычнае асэнсаванне жыцця ў вуснай народнай творчасці. Беларускія міфы пра Сварога, Перуна, Дажбога, Ярылу, Жыжаля, Вялеса, вадзянікоў, лесавікоў, дамавікоў, ваўкалакаў, ліхаманак і інш. Міфы як этап культурнага развіцця народа. Пераход міфалагічных вобразаў і матываў у павер’і, легенды, літаратурныя творы.

  • «Дамавікова ўдзячнасць». Адлюстраванне ў легендзе язычніцкіх уяўленняў нашых продкаў пра гарманічнае ўладкаванне свету. Напружанасць і дынамізм сюжэта, адметнасць вобразаў. Жыццёвая мудрасць гаспадара, непасрэднасць і легкадумнасць дзяцей, удзячнасць і спагадлівасць вужа-дамавіка, агрэсіўнасць і помслівасць гадзюкі.
  • Ян Баршчэўскі. «Вужыная карона». Міфалагічная аснова твора. Узаемасувязь і ўзаемазалежнасць чалавека і прыроды. Лёс лоўчага Сямёна. Фантастычнае і чароўнае ў апавяданні.
  • Максім Багдановіч. «Вадзянік». Паэтычнае апісанне вадзяніка як аднаго з герояў міфалогіі. Адухоўленасць паэтычнага светаўспрымання, меладычнасць гучання твора. Жывапіснасць вобразаў і карцін прыроды.
  • Казімір Камейша. «Камень ля вёскі Камень». Міфалагічная аснова твора. Паэтычная легенда пра паходжанне каменя-валуна. Займальнасць сюжэта, арыгінальнасць вобразаў. Адметнасць будовы і мовы верша.
  • Якуб Колас. «Жывая вада». Сувязь апавядання з народнай казкай. Алегарычна-філасофскі змест твора, яго патрыятычны пафас. Адказнасць кожнага чалавека за лёс роднай зямлі як асноўная ўмова ўласнага дабрабыту і шчасця. Вобразны лад апавядання. Роля пейзажу ў раскрыцці асноўнай думкі твора.

Беларуская песня

  • «Прыехала Каляда на белым кані…», «Вы, калядачкі, бліны-ладачкі…», «Благаславі, маці, вясну заклікаці…», «А на Купалу рана сонца іграла…». Увасабленне ў народных песнях мар і спадзяванняў народа, паэтызацыя яго побыту. Выяўленне поглядаў на свет, прыроду і чалавека, міфалагічныя матывы ў народных песнях. Еднасць чалавека і прыроды. Глыбокі лірызм, напеўнасць народных песень.
  • «Каля месяца, каля яснага…», «А ў суботу проці нядзелі…», «Рэчанька». Сувязь сямейна-абрадавых песень з асноўнымі этапамі жыццёвага шляху чалавека – нараджэннем, шлюбам і смерцю. Мэта песень – абараніць чалавека ад усяго злога і шкоднага, спрыяць шчасліваму жыццю. Паэтычная ідэалізацыя – асноўны мастацкі прыём абрадавых песень. Велічанне і заклінанне як неад’емныя элементы абрадавай паэзіі.
  • Алесь Ставер. «Жураўлі на Палессе ляцяць» як адна з песенных візітак Беларусі. Патрыятычны пафас твора. Апяванне непаўторнай красы роднай зямлі. Радаснае пачуццё еднасці з радзімай, яе прыродай і дарагімі сэрцу краявідамі. Усхваляванасць і пранікнёнасць радкоў верша, іх мілагучнасць і ўзнёсласць гучання. Выкананне песні ансамблем «Песняры» (муз. I. Лучанка).
  • Алесь Бачыла. «Радзіма мая дарагая…». Спавядальны характар верша. Спалучэнне высокага патрыятычнага пафасу з гранічнай шчырасцю і эмацыянальнасцю выказвання. Паэтызацыя прыгажосці роднай зямлі, захапленне яе краявідамі, пажаданне шчаслівага лёсу. Адчуванне паэтам сваёй моцнай духоўнай повязі з Радзімай, яе народам. Напеўнасць радкоў верша (муз. У. Алоўнікава).

Тэорыя літаратуры. Агульнае паняцце пра міф. Беларускія народныя песні. Мастацкія прыёмы і сродкі: алегорыя, вобразы-сімвалы, звароты, паўторы, эпітэты, параўнанні, памяншальна-ласкальныя словы (пачатковыя паняцці). Літаратурная песня.

Мастацтва. Музыка: І. Лучанок. «Жураўлі на Палессе ляцяць» (сл. А. Ставера); У. Алоўнікаў. «Радзіма мая дарагая…» (сл. А. Бачылы); творы I. Лучанка ў выкананні ансамбля «Песняры»: кампакт-дыск; «Лепшае»: кампакт-дыск (гурт «Палац»); «Ой, у лузе, лузе…»: кампакт-дыск (гурт «Ліцвіны»); «Троіца»: кампакт-дыск (этнагурт «Троіца»); тэлепраект «Сто песень для Беларусі» (Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь).

ІІІ. Мастацкае слова: вобразнасць, выразнасць, хараство

(8 гадзін)

  • Змітрок Бядуля. «Зямля». Паэтызацыя роднай зямлі і крэўнай еднасці з ёю. Вобразнасць пейзажнага малюнка, яскравасць аўтарскай мовы. Мастацкая роля ў тэксце эпітэтаў, параўнанняў, метафар.
  • Паўлюк Трус. «Падаюць сняжынкі…» (урывак з паэмы «Дзясяты падмурак»). Хараство зімовага пейзажу. Выяўленне аўтарскіх пачуццяў у творы. Мілагучнасць мовы. Яркасць выяўленчых сродкаў (метафар, эпітэтаў).
  • Рыгор Барадулін. «Уцякала зіма ад вясны». Казачна-адухоўлены свет верша. Арыгінальнасць паэтычнай вобразнасці. Роля ўвасабленняў і метафар у стварэнні запамінальнай карціны вясновай прыроды.
  • Янка Брыль. «Над зямлёй – красавіцкае неба…». Маляўнічасць вясновага пейзажу. Багацце тропаў у тэксце, іх роля ў выяўленні хараства навакольнага свету.
  • Анатоль Вялюгін. «Спелы бор». Успрыманне паэтам бору як велічнага храма прыроды. Адметнасць паэтычнай вобразнасці, заснаванай на адухаўленні прыроды, яркіх асацыяцыях. Музычнае гучанне верша.
  • Іван Мележ. «Першы іней» (урывак з рамана «Подых навальніцы»). Яркасць і вобразнасць пейзажнага малюнка ранняй восені. Вастрыня ўражанняў, маляўнічасць і эмацыянальная вобразнасць мовы аўтара. Выяўленчая роля эпітэтаў, увасабленняў, метафар.
  • Аляксей Коршак. «Кляновы ліст». Выяўленне хараства і непаўторнасці навакольнай восеньскай прыроды, яе вобразаў, пахаў, фарбаў. Вобраз кляновага лістка як увасабленне восеньскай красы і нязгаснасці чалавечай памяці. Роля мастацкіх тропаў у творы. Шчырасць і прачуласць аўтарскай інтанацыі. Напеўнасць верша.
  • Іван Грамовіч. «Воблакі». Захапленне незвычайнай прыгажосцю воблакаў, іх колерам, рухам па небе. Выяўленне багатай аўтарскай фантазіі. Эмацыянальная афарбаванасць апавядання. Разнастайнасць выяўленчых сродкаў у творы.

Тэорыя літаратуры. Выяўленчыя сродкі мастацкай выразнасці мовы. Эпітэт, параўнанне (паглыбленне паняццяў). Метафара, увасабленне (пачатковыя паняцці).

Мастацтва. Жывапіс: Ф. Рушыц. «Вясна»; В. Бялыніцкі-Біруля. «Зімовы сон», «Веснавы дзень»; У. Кудрэвіч. «Раніца вясны»; П. Крахалёў. «Блакітная вясна»; П. Масленікаў. «Зацвіло жыта»; Ф. Дарашэвіч. «У пойме ракі Бярэзіны»; С. Каткоў. «Хутар Альбуць»; I. Карасёў. «Залатая восень»; В. Цвірка. «Верасень»; А. Бараноўскі. «Воблакі плывуць над зямлёй роднай». Музыка: І. Лучанок. «Падаюць сняжынкі…» (сл. П. Труса). Фотамастацтва: В. Алешка. «Пакланіся прыродзе»: альбом; С. Плыткевіч. «Спатканне з лесам»: альбом; «Мая Беларусь»: альбом.

ІV. Літаратура як чалавеказнаўства

(8 гадзін)

  • Алена Васілевіч. «Сябры». Маральна-этычная праблема твора. Узаемаадносіны Лёні і Грышы. Хвароба Лёні як вынік легкадумнага ўчынку сябра. Прыёмы псіхалагічнай абмалёўкі характараў. Сюжэт і кампазіцыя апавядання. Аўтар-апавядальнік у творы.
  • Кузьма Чорны. «Насцечка». Бацькі і дзеці: праблемы гуманнасці, высакароднасці, сумленнасці. Пісьменнік як знаўца чалавечай душы і псіхалогіі: тонкая назіральнасць, увага да жыццёвых падрабязнасцей, унутранага стану герояў, раскрыццё матываў іх учынкаў і паводзін. Вобраз Насцечкі – галоўнай гераіні аповесці. Характарыстыка Сержа праз канкрэтныя выразныя дэталі. Тэма мінулага ў аповесці як сродак раскрыцця характараў герояў старэйшага пакалення. Адметнасць будовы твора.

Тэорыя літаратуры. Апавяданне і аповесць.

V. Тэмы i вобразы мастацкай літаратуры

(20 гадзін)

Гістарычная тэма

(4 гадзіны)

  • Лявон Случанін. «Рагнеда» (урыўкі з паэмы). Паэтызацыя мінулага роднай зямлі ў творы. Вобраз князёўны Рагнеды як увасабленне знешняй і ўнутранай прыгажосці.
  • Уладзімір Бутрамееў. «Славутая дачка Полацкай зямлі». Жыццё Рагнеды, яе прыгажосць і пачуццё годнасці. Сутыкненне яе свабодалюбівай натуры з эгаізмам і злом. Спалучанасць лёсу Рагнеды з гісторыяй роднай зямлі.
  • Сяргей Тарасаў. «Ефрасіння Полацкая». Мастацкае ўвасабленне ў творы вобраза Ефрасінні. Усведамленне ёю ў раннія гады свайго прызначэння, сэнсу жыцця. Раскрыццё пісьменнікам падзвіжніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай – самаадданай, руплівай асветніцы беларускай зямлі.

Ваенная тэма

(5 гадзін)

  • Мікола Сурначоў. «У стоптаным жыце». Словы пра лёс паэта, які загінуў на вайне. Час напісання верша (1941 г., Заходні фронт), трагізм яго гучання. Сэнс назвы твора. Паэтызацыя вобраза салдата як старажытнага волата-віцязя, які аддаў жыццё за Радзіму.
  • Аляксей Пысін. «Проня». Вобраз зняволенай беларускай ракі, якой чужынцы ўчыняюць допыт. Адухаўленне ракі, наданне ёй гераічных рыс характару чалавека: вальналюбства, смеласці, мужнасці. Рака як алегарычнае (іншасказальнае) увасабленне народа і няскоранасці яго духу. Роля дыялогу ў стварэнні яе вобраза.
  • Анатоль Вярцінскі. «Два полі». Элегічнасць і пяшчотнасць паэтычнага выказвання, задушэўнасць і пранікнёнасць гучання. Кантраснасць вобразаў, эмацыянальная стрыманасць і лаканізм апісанняў, светлы сум аўтарскага пачуцця.
  • Вячаслаў Адамчык. «Салодкія яблыкі». Рэальна-жыццёвая аснова твора. Вайна праз прызму дзіцячага ўспрымання. Заўчаснае сталенне хлопчыкаў, іх беды і клопаты, дзіцячыя забавы. Сумленнасць і праўдзівасць Тоніка, абвостранае адчуванне ім уласнай віны ў гібелі Арсенікавага бацькі. Адносіны аўтара да герояў і падзей. Кампазіцыя апавядання.

Экалагічная тэма

(8 гадзін)

  • Пімен Панчанка. «Сармацкае кадзіла». Паэтызацыя аўтарам багацця і разнастайнасці флоры. Трывожны роздум аб прыродзе, знявечанай чалавекам. Запозненае раскаянне чалавека за свае ўчынкі, страту адказнасці за лёс усяго жывога на зямлі. Ідэя твора: занядбанне і спусташэнне прыроды – непазбежнае збядненне свету і чалавечай душы. Апавядальнасць інтанацыі.
  • Іван Пташнікаў. «Алені». Гуманістычны пафас твора. Майстэрства пісьменніка ў стварэнні яркіх, маляўнічых карцін прыроды, псіхалагічная глыбіня ў абмалёўцы аленя Рагатага. Вобраз дзяўчынкі Іркі. Напружанасць у развіцці сюжэта. Фінал апавядання як праява чалавечай хцівасці і жорсткасці. Лірычнасць твора.
  • Алесь Жук. «Стары бабёр» (урывак з аповесці «Паляванне на Апошняга Жураўля»). Непаўторны свет прыроды, якая жыве па сваіх законах. Эмацыянальная афарбаванасць твора, адухоўленасць аўтарскіх апісанняў прыроды. Вобраз старога бабра, яго трывога за лёс бабрынай сям’і. Тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды. Багацце сродкаў мастацкага выяўлення.
  • Янка Маўр. «Багіра». Рэальна-жыццёвая аснова твора. Займальнасць і дынамізм сюжэта. Гісторыя Багіры і яе кацянятак, адносіны да іх дарослых і дзяцей. Асоба аўтара-апавядальніка ў творы.

Алегарычныя i сатырычныя вобразы

(3 гадзіны)

  • Якуб Колас. «Конь і сабака». Сюжэт байкі, яе алегарычны змест. Вобразы пазбаўленага волі каня і нахабнага, агрэсіўнага сабакі Рудзькі. Выкрыццё ўяўнай смеласці і дужасці. Мараль байкі.
  • Алесь Звонак. «Гарбуз». Высмейванне зазнайства, самаўпэўненасці, ганарыстасці, пахвальбы праз абмалёўку вобраза велікана-гарбуза. Роля параўнанняў у паказе паводзін героя твора. Мараль байкі.
  • Уладзімір Корбан. «Малпін жарт». Арыгінальнасць сюжэта байкі. Асуджэнне ў творы людзей, якія распальваюць звадкі ды сваркі і адчуваюць пры гэтым радасць.
  • Тэорыя літаратуры. Тэма мастацкага твора (паглыбленне паняцця), ідэя мастацкага твора, літаратурны вобраз (пачатковае паняцце). Кампазіцыя мастацкага твора (пачатковае паняцце). Літаратурны герой (паглыбленне паняцця). Аўтар-апавядальнік у творы. Байка.
  • Мастацтва. Жывапіс: А. Сцяпанаў. «Цугам»; М. Савіцкі. «Поле»; В. Бялыніцкі-Біруля. «Зноў зацвіла вясна»; В. Юркоў. «Апошнія яблыкі»; Ф. Янушкевіч. «Рагнедзін лёс. Сцяна памяці». Музыка: Э. Ханок. «Два полі» (сл. А. Вярцінскага).

VI. Фантастыка

(3 гадзіны)

Раіса Баравікова. «Гальштучнік» (урывак з «Аповесці чатырох падарожжаў»). Фантастычныя падзеі як аснова сюжэта твора, яго займальнасць. Наведванне астранаўтамі невядомай Зялёнай планеты, сустрэча з яе жыхарамі. Незвычайны падарунак, які атрымаў доктар Савіч ад гуманоідаў, рэзкія перамены ў яго паводзінах. Жыццё Савіча пасля міжпланетнай вандроўкі. Неверагоднае, чароўнае пераўвасабленне на Зямлі загадкавай істоты ў птушку з чорнай палосачкай-гальштукам. Новая экспедыцыя да сузор’я Дзевы.

Мастацтва. Жывапіс: Я. Драздовіч. «Космас», «Фантастычны замак»; цыклы «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Месяцы», «Жыццё на Сатурне»; Г. Вашчанка. «Подых стагоддзя».

Рэзерв вучэбнага часу — (1 гадзіна)

Паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год

(1 гадзіна)

  • Усяго: на вывучэнне твораў – 62 гадзіны;
  • на творчыя работы – 4 гадзіны;
  • на ўрокі па творах для дадатковага чытання – 4 гадзіны.

Спіс твораў для завучвання на памяць і мастацкага расказвання

  • Алесь Пісьмянкоў. «Продкі».
  • Алесь Ставер. «Жураўлі на Палессе ляцяць».
  • Паўлюк Трус. «Падаюць сняжынкі…» (урывак з паэмы «Дзясяты падмурак»).
  • Мікола Сурначоў. «У стоптаным жыце».
  • Якуб Колас. «Конь і сабака».
  • Спіс твораў для дадатковага чытання

  • Янка Брыль. «Маці».
  • Анатоль Бутэвіч. «У гасцях у вечнасці».
  • Васіль Вітка. «Трывога ў Ельнічах».
  • Якуб Колас. «Купальскія светлякі».
  • Янка Маўр. «У краіне райскай птушкі».
  • Алесь Наварыч. «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу».
  • Іван. Навуменка. «Дзяцінства».
  • Алесь Пальчэўскі. «Рэкс і Казбек».
  • Іван Пташнікаў. «Арчыбал».
  • Генрых Сянкевіч. «Незабыўная старонка славянскай мінуўшчыны».
  • Андрэй Федарэнка. «Шчарбаты талер».
  • Дзінтра Шулцэ. «Роберцік».
  • Алесь Якімовіч. «Эльдарада просіць дапамогі».
Оцените содержание
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий