Белавежа

Пераказы і дыктанты

  Сям’я Макара Ігнатавіча жыла ў леснічоўцы на паўднёвай ускраіне пушчы. Жылі ўтраіх – бацька, маці і Пятрусь. Старэйшы Петрусёў брат працаваў недзе на будоўлі і прыязджаў дахаты рэдка. Школа, дзе вучыўся хлопчык, знаходзілася ў вёсцы, кіламетры за два ад леснічоўкі, за пералескам. У вёсцы жылі і сябры Петруся. Улетку яны часта прыходзілі ў леснічоўку, разам з Петрусём блукалі па ўскраіне пушчы, збіраючы ягады і грыбы, хадзілі на рэчку купацца, лавіць акунькоў і плотак. Хадзіць жа далей у пушчу бацька ім строга забараніў.
 Бацькава пасада Петрусю падабалася. Перш за ўсё трэба быць вельмі адважным чалавекам, каб рабіць тое, што рабіў бацька. У яго былі дзве стрэльбы, яны віселі на сцяне ў бакоўцы, і ён не часта браў каторую з іх: тады, калі наладжвалася паляванне на ваўкоў і іншых лясных драпежнікаў або калі праводзіўся спецыяльны адстрэл дзічыны для якіх-небудзь мэт. А ў большасці абыходзіўся без стрэльбы, нават калі ўдзельнічаў у лоўлі жывых звяроў, каб адправіць іх у заапарк.«Здарыцца яшчэ, – казаў ён, – стрэліш пад гарачую руку і заб’еш каштоўную жывёліну, якую трэба берагчы».
 Частымі гасцямі ў пушчы былі экскурсанты. Прыязджалі аўтобусамі – і дзеці, і моладзь, і пажылыя. Суправаджаць іх, паказваць, тлумачыць бадай заўсёды запрашалі Макара Ігнатавіча. Іншы раз паважныя людзі з горада выязджалі і ў леснічоўку. Падоўгу гутарылі з гаспадаром, распытвалі яго, штосьці запісвалі ў блакнотах, і хто-небудзь пры гэтым заўважаў:
 – Белавежа – гэта наша багацце, незлічоны наш скарб. Куток некранутай прыроды. Для вучонага-прыродазнаўца тут прастор бязмежны.
 З пушчай і яе жыхарамі Пятрусь быў знаёмы, хоць і не забіраўся далёка ў нетры. Бачыў ён і даўганогіх стройных ласёў, што часам паяўляліся на лясной ускраіне. Напалоханыя некім, яны з маланкавай хуткасцю праносіліся хмызнякамі. Бачыў неяк увосень на бульбяным полі зусім недалёка ад вёскі статак яршыстых даўгалычых дзікоў, – калгасны вартаўнік тады пачаў страляць і прагнаў іх назад у пушчу, а то яны перакапалі б усё поле. Ведаў хлопчык і бабровую хатку з плацінай перад ёю на рэчцы. Саміх баброў, праўда, цяжка падпільнаваць, хоць ты ад рання да позняга вечара цікуй за імі.
 Некалькі разоў бацька вадзіў Петруся да загарадкі, дзе жывуць зубры. У загарадцы, што ахоплівае вялікую плошчу лесу, іх было трое: пара старых зуброў і зубраня, якому яшчэ і года няма. Стары зубр проста дзіва, не налюбуешся! Вялізны, грузны, з пакатым гарбом, з прыгнутай галавой, над якой завостранымі падковамі раскідваюцца рогі. Нетаропка сунецца ён гэткай махінай між дрэў – сустрэнься з ім адзін на адзін, страху не абярэшся! Але за агароджай ён выглядае зусім мірным: падыдзе да самага плота з тоўстых жэрдак, прыўзніме барадатую пысу і ўтаропіцца на цябе праз шчыліны дабрадушнымі маленькімі вочкамі. Так і цягне пагладзіць яго.
 Іншыя зубры вольна пасвяцца ў пушчы. Макар Ігнатавіч расказваў сыну, што сустракаў іх неаднойчы. I ён, і другія даглядчыкі запаведніка назіраюць за імі, а ўзімку і падкормліваюць іх, развозячы ў пэўныя месцы корм. Баяцца зуброў няма чаго, калі іх не чапаць, яны спакойныя. Аднак асцярожнасць захоўваць не шкодзіць. Раззлаваны зубр надзвычай хуткі і ярасны, можа накінуцца нават на чалавека. «Такія выпадкі былі і на маёй памяці, – гаварыў бацька. – Праўда, кожны раз усё неяк абыходзілася, ні разу не здаралася, каб звер забіў чалавека».
(508 слоў)

Паводле Т. Хадкевіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий