Белая гліна

Пераказы і дыктанты

  Сказаць, каб змалку прывабіў Ціхана ганчарны круг – не скажаш, але тырчаў ля яго часта. Бацька круціў, а ён глядзеў, пэцкаўся ў гліне. Аднак, даўшы сыну папэцкацца ў гліне, бацька ўсаджваў яго за круг, гаварыў: «Ну, паспрабуй, паспрабуй. Спатрэбіцца мо калі».
 I спатрэбілася, пасля вайны, з якой бацька не вярнуўся. Працадзень тады быў скупы, як і колас на полі – з мышыны хвосцік. А Ціхан, дачасна вярнуўшыся па хваробе з арміі, яшчэ добра не паправіўшыся, ажаніўся і хутка прымеў сына. Трэба карміць было, і Ціхан на падмогу працадню пусціў ганчарны круг. Гаршкі, збанкі, міскі ішлі на расхоп – посуду ў вёсцы тады было вобмаль, – і ён меў з гліны неблагую па тым часе капейку. Але гады праз два ў Прыгузках і суседніх вёсках Ціханавым посудам пазастаўлялі паліцы ў судніках, і збыту болей яму не было.
 Ціхан зарокся рабіць гаршкі. Гадоў пяць не браў у рукі гліны. А пасля зноў закруціўся ганчарны круг. Закруціўся як бы выпадкам, ды так і не спыніўся.
 А было так. Неяк жонка сказала:
 – Посуду ты нарабіў – куды дзяваць яго? А каб што-небудзь такое для красы… Вазу, напрыклад.
 «Чаму я сам не дадумаўся раней?..» – пашкадаваў Ціхан.
 Ваза выйшла неблагая, але непаліваная, без акрас. Выкінуў яе. Расстараўся палівы, нарабіў стэкаў: валошкі, кружочкі, кубікі і розныя іншыя спакусы. Другая ваза атрымалася куды прыгажэйшая, і жонка, пахваліўшы – «заглядзенне», – паставіла яе на камодзе, на самым відавоку.
 Але не толькі жончына пахвала падахвоціла яго.
 Начаваў неяк у Ціхана ўпаўнаважаны з раёна. Узяў на камодзе вазу і доўга, як нейкае дзіва, разглядаў яе.
 – Хто гэта рабіў?
 Ціхан глядзеў на ўпаўнаважанага і не разумеў. Да чаго ён пытае? Зрабіў абыякавы выгляд.
 – Забаўляюся, як выпадае час.
 – Экспанаваў дзе-небудзь?
 – Навошта?
 – Сапраўднае мастацтва. Вось калі б з белай гліны…
 Гэтыя словы здзівілі Ціхана і абнадзеілі.
 – А дзе такая гліна?
 – Далекавата адсюль – пад Галаўкамі. Гара там, Веравойша. I Ціхан дабраўся да Галаўкоў – якраз ішла машына па вапну ў той бок. Белай гліны прывёз многа, але талковага з яе зрабіў мала. Як ні стараўся – не выходзіла.
 Можа б, і махнуў рукой Ціхан на белую гліну, калі б не ўбачыў аднаго разу ў часопісе здымак: вусаты мужчына сядзіць за ганчарным кругам. Унізе на ўсю старонку тэкст. Пісалася пра літоўскага мастака-ганчара Пятраса Цякопіса – вялікі талент. Ціхан напісаў яму пісьмо, прасіў расказаць пра сваю работу. Адказ прыйшоў хутка. Цякопіс запрашаў прыехаць: паглядзець Цякопіса і паказаць сваё.
 Ад Цякопіса Ціхан прыехаў прыбадзёраны.
 – Прывёз тайну, Наталля. Тая кінула свой хатні занятак:
 – Пакажы.
 Ціхан выняў з кішэні штосьці загорнутае ў паперу. Разгарнуў – шчэць, сівая казіная шчэць.
 Наталля скрыжавала на грудзях рукі.
 – Божухна мой – тайну прывёз!.. Ці ты не мог настрыгчы шчаціны ў Лукер’інай казы?
 – Казіная шчэць – не ўсё. Трэба яшчэ тое-сёе ведаць. Тайну белай гліны, палівы, гарачай печы. Адно ўпусціш – усё прападзе. З’ездзіў я недарма.
 Праз год Ціханавы сувеніры экспанаваліся на абласной выстаўцы. Потым пайшлі далей – аж да Масквы. Цяпер, магчыма, паглядзяць на іх і за мяжою – у Лейпцыгу. Пятрас Цякопіс усё-такі не жартаваў – ён чалавек сур’ёзны.
(477 слоў)

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий