Бясхвосты шпак

Пераказы і дыктанты

  Вясна была ў поўным разгары, і шпакі спяшаліся аблюбаваць сабе жытло. Але чамусьці яны абміналі нашу шпакоўню, быццам якое пачварнае пудзіла. I што ім не падабалася ў нашым дамку? Нават вераб’і не пажадалі заняць вольную жылплошчу.
 – Можа, дзірка занадта вялікая? – выказаў сваё меркаванне брат. Толькі змяніць што-небудзь мы ўжо не маглі, даводзілася чакаць і спадзявацца.
 I вось аднойчы чаканне было ўзнагароджана: мы ўбачылі шпака, які сеў на нашу шпакоўню. Гэта быў нейкі дзіўны шпак, вяртлявы, неспакойны і баязлівы. А яшчэ ён дзесьці страціў свой хвост і таму выглядаў даволі смешна.
 Спачатку бясхвосты з прыдзірлівай падазронасцю агледзеў шпакоўню звонку, нібы баючыся хітрага падвоху. Потым з яшчэ большай асцярожнасцю пераскочыў да квадратнай дзіркі, якую мы з братам выдзеўблі долатам у дошцы. Нарэшце ён асмеліўся зазірнуць у акенца і, пераканаўшыся ў сваёй бяспецы, нырнуў у шпакоўню.
 Мы, узрушаныя і заінтрыгаваныя, працягвалі сваё назіранне, схаваўшыся за вугал хаты. Нас турбавала адно: чым закончацца агледзіны? Вельмі ж ужо дзікаваты гэты навасёл! Такога паспрабуй улагодзіць.
 Праз хвіліну-другую бясхвосты выскачыў са шпакоўні, ён па-ранейшаму быў нейкі ўзбуджаны і яршысты. Нібы толькі што вырваўся з кіпцюрастых каціных лап. А хіба свой хвост шпак згубіў па асабістым жаданні? Вось і асцярожнічае, вось і не давярае.
 Шпак узляцеў на шпакоўню, агледзеўся і тут жа ўзняўся ў паветра. Так і ведалі: усё, і гэты шустрык даў драпака! Але наша расчараванне было заўчаснае. Бясхвосты вярнуўся з доўгай саломінкай у дзюбе і ўжо без усякай асцярожнасці нырнуў у шпакоўню.
 «Ага, не ўцёк!» – мы ледзьве стрымаліся, каб сваімі крыкамі радасці не спужаць доўгачаканага навасёла.
 Шпак пачаў будаваць гняздо. За першай саломінкай ён хуценька прынёс поўную дзюбу сухой травы, потым яшчэ і яшчэ. Бясхвосты лётаў, нібы апантаны, і зносіў у шпакоўню ўсё, што траплялася яму ў дзюбу: і салому, і сухія травінкі, і курынае пер’е. Шпак вельмі спяшаўся, быццам баяўся, што яго могуць апярэдзіць і ён не паспее зладзіць сваё гняздо.
 I тут здарылася неверагоднае. Раптам мы сталі сведкамі нейкага дзіўнага цыркавога нумара, які праз гады бачыцца вясёлым, камічным здарэннем.
 У такое і самі не паверылі б, калі б хто расказаў. Але ж гэта не выдумка!
 I яшчэ раз пераконваешся: жыццё іншы раз падкідвае такія сюрпрызы, што і насмяешся да слёз, і рукамі развядзеш. Толькі ў той вясновы дзень нам было не да смеху, як і ў той дзіўны вечар.
 Спачатку ад шпакоўні адвалілася донца. Вось жа майстравалі мы з братам птушыны домік, а цвікі ў нас былі старыя, іржавыя. Таму і зладзілі яго на скорую руку. За донцам шухнула саламяна-травяное гняздо, адразу ж падхопленае раптоўным парывам ветру. Услед за донцам і гняздом сігануў уніз бясхвосты. Ён бездапаможна перакуліўся ў паветры, страшна перапалоханы такой неспадзяванкай, але тут жа стаў на крыло, зрабіў круты віраж, жаласліва свіснуў і адчайна паляцеў у вышыню. Толькі мы і бачылі яго.
 Мы з братам знялі шпакоўню, прыбілі донца і зноў паднялі над хлявом.
 Але птушыная хатка пуставала да самага лета.
 Гэта была першая і апошняя шпакоўня майго дзяцінства, якая так ашаламіла бяздомнага шпака.
(486 слоў)

Паводле М. Зарэмбы.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий