Чары жыцця

Пераказы і дыктанты

  Малы Івась час ад часу любіў рабіць абходы сваіх улюбёных куточкаў, якіх было нямала. Бывала, раніцай выйдзе ён на свой дворык, стане дзе-небудзь у куточку на сонейку, сцішыцца, задумаецца. Стаіць, разважае, прыслухоўваецца да тых радасных гукаў і шуму, якімі жыве гэты вольны белы свет, або проста цешыцца хараством летняга дзянька. I нейкае няяснае жаданне цягне Івася далей з двара, на той прастор, дзе прырода стварае чары жыцця.
 На ўскрайку поля стаяў лес, пачынаючыся чародкаю высокіх і роўных дубоў. Крыху воддаль ад чыгункі яны злучаліся з таўшчэзнымі хвоямі. Здавалася, што нейкі лясны цар павыбіраў іх з усяго лесу – такія яны былі высокія, стромкія, гладкія, а вершаліны іх – адна любата, як пышныя шапкі. Далей, каля поля, цягнуўся купчасты прысадзісты хвойнік, сярод якога зрэдку разгортвалі свае прыгожыя верхавіны старыя хвоі. У гэтым хвойніку было многа зарослых ям.
 Вучоныя людзі, якія хадзілі сюды з горада пагуляць (горад быў не так далёка), казалі, што гэтыя ямы – знакі глыбокай старажытнасці, даўнейшыя акопы. Простыя людзі пра ямы гаварылі не так. Сяляне сцвярджалі, што тут не так даўно, на памяці многіх з іх, варылі піва, і ў гэтых ямах закопвалі бульбу.
 Івася не так цікавіла гэтая спрэчка вучоных з невучонымі, як самі тыя ямы, на якіх глеба ўжо даўно зацвярдзела і расла траўка ды розныя краскі, дзе так многа было ўсякіх конікаў і жучкоў. А самае важнае – каля ям пад купчастымі хвойкамі расло многа добрых грыбоў, пра якія ведаў адзін толькі Івась. Часта малы, узяўшы з сабой кошык і лустачку хлеба, прыбягаў сюды пагуляць, паглядзець на вежы цэркваў і касцёлаў (яны былі адгэтуль добра відаць), на стары манастыр, самы высокі ва ўсім горадзе, на коміны фабрык і заводаў. Сюды падыходзілі роўненькія загоны жыта, тут было многа птушынага спеву, шуму і звону ўсяго жывога. Хлопчык так заглыбляўся ва ўсе гэтыя малюнкі і з’явы, так зліваўся з жыццём поля, лесу і ўсяго гэтага белага свету, што, напэўна, быў бліжэй да пазнання таемнасці, чым які-небудзь вучоны.
 Каля ям быў высокі пагорак, з якога было далёка відаць. Івась часта ўзбягаў сюды, каб паглядзець, што творыцца навокал. Ён прыслухоўваўся да цішы, нібы яна павінна былі штосьці яму адкрыць. Яго вуха ўспрымала далёкі-далёкі гул, бы гром. Але неба было яснюткае, дзе-нідзе злёгку засцілалася яно тонкімі светлымі хмаркамі. А ў полі і ў лесе было ціха, толькі ўгары жаласна пасвістваў каршун. Сярод гэтай агульнай цішы свіст яго быў надта смутны. А гром усё гучаў, раскаты яго былі такія глухія і далёкія, што толькі чуйнае вуха магло пачуць іх. Нейкая няясная трывога калыхала Івасеву душу.
 Але што гэта за гул, адкуль ён? Нічога падобнага Івась раней не чуў. Гул быў густы, магутны і блізкі, цяжка было па знаць, адкуль ён ішоў. Хлопчык аглядаўся, гул не пераставаў і назойліва лез у вушы. Ускінуўшы вочы ў неба, Івась убачыў, як высока над галавою ляцела невядомая і незвычайная птушка.
(461 слова)

Паводле Я. Коласа.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий