Дачка Марыйка

Пераказы

   У апошні час Люба столькі думала аб ім і так чакала, што, здавалася, калі б ён ні прыйшоў, калі б ні вярнуўся ў гэты чысценькі і ўтульны домік на краі сяла, ці ўдзень, ці сярод ночы, усё роўна ён не застаў бы яе знянацку. Яна ўжо даўно перадумала ў самых дробязях, якой будзе іх сустрэча: Рыгор уваходзіць у хату, ён няголены, пастарэлы за гэтыя пяць суровых гадоў вайны, яна кінецца яму насустрач, за ёю маці, маленькая Марыйка…
   Марыйка была яе прыёмнай дачкой. Яна ўзяла яе на выхаванне з дзіцячага дома, калі была ў эвакуацыі, у далёкім гарадку на Волзе. За два гады, што прайшлі з таго часу, Люба моцна палюбіла Марыйку і прывыкла да яе. Якая гэта была мілая дзяўчынка. Яе наіўнасць, даверлівасць часамі даводзілі Любу да слёз. Дзяўчынка расла на славу, вясёлая, разумная, ёй пайшоў толькі шосты гадок, а яна ўжо ведала на памяць столькі вершаў, казак. А як забаўна спявала яна свае дзіцячыя песенькі, якія сама і складала, гуляючы з лялькамі!
   А найбольш кранала Любу тое, што Марыйка наіўна верыла, што Люба гэта і ёсць сапраўдная яе маці, якая «знайшлася». Схіліць яна звычайна на бок сваю прыгожую галоўку з чорнымі, густымі, па-ўкраінску раскідзістымі броўкамі і пытаецца:
   – Мамка, а ці хутка наш тата паб’е фашыстаў? Ці хутка прыйдзе дадому?
   Даўно, яшчэ будучы ў эвакуацыі, ледзь толькі Люба даведалася Рыгораў адрас, яна напісала яму аб Марыйцы. Рыгор адказаў, што ён вельмі задаволены яе ўчынкам і будзе рады замяніць сіраціне бацьку.
   Але трывожылася Люба. То ёй думалася, што ў Рыгора не знойдзецца пры сустрэчы з Марыйкай патрэбнай радасці і цяпла. А ад чуллівага дзіцячага сэрца не схаваеш фальшу. А то баялася яна, што, можа, Марыйка трымае дзе-небудзь у далёкай падсвядомасці вобраз роднага бацькі, загінуўшага недзе на фронце, і не захоча прызнаць за бацьку Рыгора.
   I ўсё ж як ні чакала яго, як ні падрыхтавана была ў любую хвіліну сустрэцца з ім, а, калі аднойчы вечарам нехта тройчы ціхенька пастукаў у акно, сэрца Любы ёкнула і зайшлося – гэта ён, ён, яна пачула гэта душой. Усю яе пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Яна як сядзела, так і засталася сядзець за сталом побач з Марыйкай, якая нешта малявала на паперы.
   I ўсё прайшло не так, як думала Люба. Маці, а не яна, выйшла першай яму насустрач у сенцы, адчыніла дзверы і за руку ўвяла Рыгора ў пакой.
   – Добры вечар у хату, – спыніўшыся ў парозе, гукнуў Рыгор.
   Абліваючыся слязамі радасці, маці кінулася сыну на шыю. Ён абняў і пацалаваў яе моцным салдацкім пацалункам. Потым ён ступіў крок на хату, прасцяг уперад рукі.
   – Люба!..
   А яна… Яна была цяпер падуладна той невыразнай трывозе, што тачыла яе праз увесь час. Ёй хацелася, каб у сённяшні шчаслівы вечар усё абышлося шчасліва. Яна падняла на руках Марыйку і, нібы ў сне, падышла да Рыгора.
   – Рыгор, – ціха прамовіла яна. – Глядзі, вось наша дачка Марыйка.
   – Ну, хадзі, Марыйка… – працягнуў насустрач дзяўчынцы рукі Рыгор.
   Нейкі момант, прыціскаючыся да Любы, Марыйка ў маўчанні з недаверлівасцю пазірала на Рыгора. Хто ведае, якія думкі роіліся ў яе дзіцячай галоўцы. Чорнымі праменнымі вочкамі з-пад густых раскідзістых броваў яна ўважліва вывучала Рыгора. Але гэта цягнулася адзін кароткі момант. Ледзь пачула яна Рыгораў голас – ірванулася да яго, тоненькімі ручкамі моцна абхапіла за шыю і прыціснулася так, што ажно заплюшчыла вочкі.
   У Любы нібы нешта цяжкае звалілася з грудзей. З лёгкасцю і радасцю яна ўздыхнула і падышла да Рыгора.
(531 слова)

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий