Данута Бічэль-Загнетава — Ведаю ўсё і як быццам нічога…

Данута Бічэль-Загнетава

Ведаю ўсё і як быццам нічога.
Болем істоту запоўніла ўчора.
Шкода чужой мімалётнай навукі:
моцна трымацца, узяць сябе ў рукі.

Як утрымаць збунтаванае мора
слабым рукам?
Але не пратэстую.
Свет цэлы быць вінаватым не можа,
то вінавачу дачушку, матулю.

Ноччу бяссоннай буру ўтаймую…
Зойдуць сябры – мала іх засталося
у пасівелым гаёчку валосся.
Навідавоку сяброў не сумую…

Ды зацяжною гульнёй у маўчанне
звязаны, слова баімся пустога…
Шмат што сказалі б, не скажам нічога.
Болем ачышчаны, лепшымі станем…

Рупнасць у нас неспадзеўкі разбудзіць,
часта пастукаўшы ў бубен палёгкі
шротам дажджынак, дождж касавокі…
Дожджык сляпы.
Дзеці мы – людзі.

Птахі мы – людзі.
Да голлечка промняў
цягнемся слабым даверлівым крыллем.
Хмараў галінкі сонца адкрылі –
болем знявечаны, болю не помнім.

Людзі – аблокі.
Над выраем-краем
нас да магіл узвышае штосілы
з фрэскі азораны твар Еўфрасінні.
Маем свой край і нічога не маем.

Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. Даўняе сонца: Лірыка. – Мн: Маст.  літ., 1987. – 398 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений