Дзед Аўсей і Палашка

Пераказы

   Дзед Аўсей, нягледзячы на свае амаль што семдзесят год, быў яшчэ рухавы, жвавы і гаваркі. У партызанскім атрадзе яму было даручана дапамагаць на кухні цётцы Палашцы. Стары хацеў устанавіць свой парадак у зямлянцы з кухняй. То яму не падабалася, як Палашка смажыць цыбулю, то здавалася, што цётка не так запраўляе кулеш, то з ярасцю змагаўся за чысціню. Кожны дзень паміж дзедам Аўсеем і цёткай Палашкай усчыналіся баталіі. Але аднойчы здарылася падзея, якая не толькі прымірыла іх, але нават зрабіла шчырымі сябрамі.
   Справа адбылася летнім днём, пад вечар. Дзед Аўсей запрог у пажарную бочку свайго каня, які за шкодны характар атрымаў мянушку Гітлер. Стары сабраўся ехаць па ваду на невялічкае азярцо за лесам. З дзедам выправілася ў дарогу і цётка Палашка, якой трэба было ручнікі папаласкаць.
   Азярцо знаходзілася кіламетры за чатыры ад партызанскага лагера. Яно падыходзіла да самай дарогі, па якой часам праязджалі нямецкія абозы. Таму дзед заўсёды браў з сабой аўтамат.
   Дзень быў спякотны. Гітлер ляніва памахваў хвастом, дзед Аўсей ледзь не задрамаў на сваёй бочцы. Да возера даехалі без асаблівых прыгод. Толькі вытыркнуліся з кустоў да берага, як напалоханая Палашка рванулася да дзеда і пачала церабіць яго за рукаў:
   – Куды ты едзеш? Хіба не бачыш?
   На самай сярэдзіне азярца, дзе было глыбей, у вадзе плёскалася трое немцаў. Дзед напнуў лейцы, каб скамандаваць Гітлеру задні ход, але згаварыцца з канём не змог. Гітлер проста пёр да берага. Дзед маланкай сігануў з бочкі, загадаўшы Палашцы схавацца ў кустах. Гітлер тым часам залез у возера з бочкай і спакойна піў ваду, ляніва адмахваючыся ад сляпнёў.
   Заўважыўшы каня з бочкай, немцы ўстрывожыліся, загаварылі між сабой, і адзін з іх пайшоў да берага. Дзед зірнуў у той бок, куды спяшаўся немец, і адразу здагадаўся: той ішоў да адзежы. Яна ляжала непадалёку ад дзеда, тры афіцэрскія мундзіры віселі на кусце. Тут жа ляжалі пісталеты і адзін аўтамат. Секунда – і дзед выйшаў з-за куста на бераг, пагрозна наставіўшы аўтамат, грымнуў:
   – Рукі ўгору! Вылазь, нячыстая сіла!
   Нават Гітлер, пачуўшы дзедаў голас, жаласна заржаў і спалохана застрыг вушамі. З аўтаматам жарты кепскія. I немцы адзін за адным павылазілі на бераг.
   Праз паўгадзіны партызаны ўбачылі незвычайную працэсію. Уперадзе паволі пасоўвалася трое немцаў. На адлегласці ад іх грозна выступаў дзед Аўсей з аўтаматам. За ім цётка Палашка вяла Гітлера, трымаючы ў руках лейцы і цэлае бярэмя з афіцэрскіх мундзіраў. Цераз плячо ў яе целяпаўся нямецкі аўтамат. Пустая бочка (вады набраць не паспелі) гучна тарахцела за Гітлерам.
   Заўважыўшы камандзіра, дзед спрытна падышоў да яго і адрапартаваў:
   – Вярнуліся з баявой аперацыі. У палон узялі трох афіцэраў. Страт не мелі.
   Дзед так урачыста ўзяў пад казырок і стукнуў ботамі, што партызаны падцягнуліся і сталі смірна.
   Хутка людзі ўбачылі, як за сталом у зямлянцы важна сядзеў дзед Аўсей, а цётка Палашка клапатліва частавала яго заціркай.
   З таго дня ў кухні ўсталяваліся мір і парадак.
(464 словы)

Паводле М. Лынькова.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий