Дзед

Пераказы

   Пры выпадку Пятро ўсім расказваў, што ён страшэнна падобны да дзеда. Усе людзі паўтараюць сваіх дзядоў, гаварыў Пятро, і ён падобны да дзеда і ўнутрана, і знешне, хоць, канечне, свайго дзеда Пятро не ведаў ніколечкі. Іншы раз, прыкмячаючы ў сабе якую рысу – ці залішнюю запальчывасць, ці няўпэўненасць, ці катэгарычнасць, ці адчувальнасць да чужога слова, – ён думаў: а ці не такі і дзед Адам?
   Абяцанні прыехаць на дзедаў хутар так і засталіся абяцаннямі. Аднак дзед не-не ды прыходзіў да хлопца, напамінаў пра сябе. Не, ён не пісаў пісьмаў і нават не перадаваў прывітанні праз сваякоў – ён успамінаўся пры сустрэчах з чужымі незнаёмымі людзьмі.
   На Палессі Пятро павінен быў запісваць салдацкія і чумацкія песні. Гэтыя песні маглі ўсплысці ў памяці толькі дзядоў, што прайшлі не па адной вайне. Пятро шукаў дзядоў па вёсках – і амаль не знаходзіў, тым больш тых, што спявалі. Нарэшце яму пашанцавала. У вёсцы Церабеі яму паказалі на дзеда, якому было ўжо восемдзесят два гады, – і ён калісьці спяваў так, як ніхто. Дзед Антон быў высокі, хоць і сагнуты, з белымі вусамі і блякла-блакітнымі вачыма. Гаварыў ён слабым голасам, часта перхаў і ўвесь час круціў з хатняга тытуню самакруткі. Вочы ў яго былі вільготнымі, і ён ужо толькі зрэдку выціраў іх – слёз, каб вылівацца на шчокі, не хапала. Баба Тэкля, ягоная жонка, жвавая і дужа галасістая, папярэдзіла Пятра: «Ён-то, можа, праспявае, але будзе плакаць. Ён, як спявае свае песні, пра салдатаў, плача. На германскай быў, у рэвалюцыю таксама ваяваў. На апошнюю не ўзялі, то партызанам памагаў. Як што пра вайну – не можа, плача. Стары ўжо».
   Дзед пазіраў на Пятра пустымі, здавалася, вачыма, і хлопцу падумалася, што ён ужо мала разумее мову іншых, маладзейшых за сябе людзей, што ён ужо з тых, пракаго гавораць – старое, што малое. Але раптам дзед Антон без ніякага ўступу, усё гэтак жа гледзячы кудысьці далёка – у тыя часы, дзе блукала ягоная памяць, – зацягнуў: «Ой да ішлі хло-опцы з ярмаркі, ой да залама-алі яблынькі…» Пятро дык і не паспеў у час уключыць магнітафон. Дзіўна, але слабы дзедаў голас у песні мацнеў, нават чысцеў, не дрыжэў і не перарываўся да той самай хвіліны, як працяглая і балючая мелодыя не пераціскала горла. Слёзы не каціліся кроплямі і тым больш не беглі раўчукамі – яны заўважаліся па мокрым следзе між зморшчын. Мусіць, гэтых слёз не было тады, калі яны патрэбны былі, калі прагнула іх душа, – і сплывалі з дзедавай памяці зараз. Старых песень дзед Антон ведаў шмат: як забіты быў салдат на чужыне – і не было каму над ім пагараваць, як перадаваў вестачку з тых далёкіх земляў чорны воран; як весяліўся салдат у карчомцы, бо і хаты ягонай ужо не было, і жоначка не дачакалася, і дзеткі па чужых разышліся; як ехалі па соль казакі за далёкія землі, да сіняга мора, тры гады ехалі, а бліз дома іхняга бяда хадзіла, хадзіла ды прыглядалася, куды носа ўтачыць і забраць што. Адзінае – дзед плакаў, і баба Тэкля на яго сварылася: «Ну што ты плачаш? Гэта ж даўно было. Пра гэта ніхто не памятае, акрамя цябе. Чыста дзіця малое!» Дзед слухаў, паспешліва выціраў рукой слёзы і зацягваў далей.
(506 слоў)

Паводле А. Кажадуба.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий