Дваццатыя. Попутчік жыве ў Вільні, ходзіць на службу, сімпатызуе Саветам, хаця і ўваходзіць па інерцыі ў антыбальшавіцкую беларускую арганізацыю, але больш за ўсё ён марыць пра працу «на карысць Бацькаўшчыны». І хаця ў тэксце пра гэта амаль нічога няма, ужо самі першыя радкі на дотык гарачыя ад вогнішча нерэалізаваных амбіцыяў Попутчіка, і ад страху, што на Радзіме яго, некалі знанага, зусім забылі.
Гэтая гарачка вымушае яго зрабіць галоўную памылку ў сваім жыцці. Ён — абсалютна несавецкі чалавек і, можа, таму так паддаецца прапагандзе адтуль. Попутчік хоча ў Менск, дзе, па чутках, буяе беларусізацыя — але гэта той выпадак, калі чуткі хочацца чуць, чуць і паўтараць. Менск. Агледзецца там, а потым і пераехаць назусім, разам з сям’ёй. Замест гісторыі пра Ікара яго малы сын чуе цяпер перад сном ад бацькі аповед пра шчаслівую казачную краіну, СССР. Каталіцкі катэхізіс для бедных падказвае словы: «Ах, як там добра!…». І Попутчік едзе.
…І вось: Менск.
СССР, што праўда, пачаўся трохі раней. «Не ведаю», — адказвае на ўсе пытанні Попутчіка пасажыр міжнароднага цягніка. І — змрочным рэхам — тое самае праз некалькі месяцаў будзе адказваць спалоханаму Попутчіку супрацоўнік ГПУ. Зрэшты, тады ніякіх Попутчікаў ужо не будзе: толькі сам аўтар, ён жа галоўны герой. А так усё добра пачыналася!.. Цёплы прыём («памятаюць! чакалі!») «ударыў у галаву, як віно». Адразу збянтэжыла еўрапейскую душу Попутчіка хіба толькі адсутнасць кавярняў, замест якіх — нейкая Сталовая № 1. Тая Сталовая ў тэксце нездарма мае першы нумар, яна — першае папярэджанне Попутчіку.
П’яныя твары гэпэушнай вярхушкі замест сям’і і сяброў, а як жа: у прыяцелі просіцца сам таварыш Апанскі — яго імя да сёння носіць адзін з менскіх завулкаў, на якія так мараць патрапіць, зноў і назаўжды, «бедныя людзі». Бутэлька з гарэлкай на фартэп’яна — замест «Антокалю, падмястовага начнога рэстаранчыка, дансінгу». І другое папярэджанне праігнараванае. Больш за тое: Попутчік становіцца савецкім грамадзянінам. І атрымлівае ў выніку — зусім хутка — дзесяць гадоў канцлагераў за «участіе в контрреволюціонной організаціі і действія в направленіі помошчі международной буржуазіі». Пачынаецца доўгая чарада кашмараў, турмаў, перасыльных пунктаў, камер, кратаў, допытаў, нараў, непасільнае паднявольнае працы, гвалту, прыніжэнняў, голаду, тугі і роспачы. Смерць ходзіць блізка, ГПУ, СССР, ГУЛАГ, Саўлаг — гэта ўсё яе імёны. «Круці ні круці — трэба памярці» — назва гэтай п’есы Аляхновіча робіцца зместам яго жыцця на доўгія сем гадоў, праведзеных збольшага на Салаўках — ажно да нечаканага вызвалення.
Праз усю гэтую кнігу праходзіць Лес. Камароўскі лес у Менску, куды вывозяць людзей на расстрэл. Лес за закратаванымі вокнамі сталыпінскіх вагонаў. Карэльскія лясы, якія нікога не ратуюць, але даюць улетку паджыву сілам вязняў. Лесапавал, лес чалавечых целаў у цесных камерах і кашарах, лес трупаў, якія звальваюцца як папала на салавецкім магільніку. Лес — жывы калючы дрот, у якім заблытваюцца тыя, хто наважыўся ўцячы, лес — адзінае месца, дзе зняволены можа хаця б зрэдку пабыць на самоце, лес — месца, дзе сустракаюцца, забыўшы небяспеку, пад уздзеяннем самага моцнага з інстынктаў салавецкія вязні з мужчынскага лагеру і «женроты» і дзе крымінальнікі гвалцяць прайграную ў карты дзяўчыну. Аляхновіча потым шмат хто абвінавачваў у тым, што ён «усё прыдумаў» — але прыдумаць такое немагчыма. Але калі і атрымалася — якая розніца для літаратуры?
«У капцюрох ГПУ» — гэта яшчэ і кніга пра трансцэндэнтнае, пра таемныя законы, якія рухаюць лёсам, пра не адразу распазнавальныя знакі і сімвалы. «Сны трэба тлумачыць наадварот» — пераконвае сябе Попутчік, якому прыснілася ў Вільні, што ён ідзе па Менску, задыхаючыся ад нейкага дужа благога пачуцця. «Грузавік будзе падскокваць па бруку Савецкай вуліцы, галава мая будзе біцца аб падлогу…» — мроіцца Францішку Аляхновічу ў менскай турме. Гісторыя пра Ікара забываецца менавіта тады, калі яе мараль ажно просіцца быць пачутай, крыкам крычыць, каб нагадаць пра сябе.
Тарашкевіч на памежным пераходзе містычна нагадвае самога Аляхновіча сем гадоў таму. Дзве цёткі, з выпадковай размовы якіх становіцца ясна, што за героем сочаць, стаяць на рагу не якіх-небудзь вуліц, а Вясёлай і Правіянцкай. Чалавек, які больш за ўсіх зрабіў для выратавання Аляхновіча, памірае, і месца ягонага пахавання аўтару невядомае — хаця гэта ён, аўтар, мусіў згінуць бясследна на сваіх Салаўках… Дый самое забойства аўтара ў 1944-м доўгі час лічылася нераскрытым — нібы з мінулага, недаадбытага аўтарам сярод спірахетаў шчасця, вярнуліся колішнія наглядчыкі і каты — і давяршылі справу.
Крыніца: Альгерд Бахарэвіч. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012. 428 с.