Францішак Багушэвіч — Думка

Францішак Багушэвіч

Чагось мне маркотна, на плач забірае:
Мусіць, душа чуе якоесьці гора
Ці штосьці зрабілась… што? Хто яго знае:
Ці град жыта выб’е, ці згіне абора,
Ці ураднік загнявіцца, пагоне падводу,
Ці знайдуць у лесе крадзену калоду?
Ці сын умрэ, што маскалём служыць,
Ці той, у Мэрыку падаўся, ды тужыць?..
От так цяжка, здаецца, каб грэху не баяўся б,
Ці ў пятлю палез бы, ці ў ваду схаваўся б!
Летась мне было так – і валы прапалі,
Свінні бульбу з’елі, гарод пакапалі,
Нябожчыца матка чыста захварэла,
І дзядзькава хата з каміном згарэла;
Сукна не звалілі – хадзіў без сярмягі,
А тут і без хлеба… прападаў ад смагі!
Хоць бы прандзэй стала, што ўжо стацца мусе,
Каб так не цягнула за сэрца, як ліна*;
Бедаваць не перша, я і не баюся:
Няхай усё згіне, дык душа ж не гліна?
Тагды б ужо ведаў, як і ратавацца,
Ці там ад няшчасця, ці з людской напасці,
Ці сядзець у хаце, ці куды падацца,
Ці, злажыўшы рукі, навекі прапасці!..
 
Ды што ж мне такога, чаго мне журыцца?
У мяне не будзе, – знайдуць людзі хлеба;
На бяду мне плюнуць, Богу памаліцца,
Да слушнага часу дажыву як трэба!
Вун стаіць бярозка тут ля самай хаткі,
Косы папусціла… плача, кажуць людзе,
А мне так здаецца, што ёй анігадкі:
Што было – не помне, не ўзнае, што будзе.
А можа ж, і помне, як то я калісьці,
Быўшы малым хлопцам, лазіў, калыхаўся.
Яна была гібка, болей было лісці…
І я дзісь не мог бы, як тагды спінаўся.
Чаго ж мне маркотна? Ты ж скажы, бярозка,
Маўчыш, як нямая, і сама смутная!..
Мусіць-такі праўда – гэта яе слёзка,
Што кажуць другія – капля расяная.
Мне жаль і бярозкі, чаго ж яна плача,
Калі ужо долі не пераінача?
Не тужы, бярозка, свет з намі не згіне,
Вецер як павее, шышачкі раскіне;
Хоць бы ты засохла – вырасце вас болей…
Перастанем плакаць мы над сваёй доляй!
Якось яно будзе, дажывём да дошкі,
Хоць лепей, хоць горай, абы не так трошкі!
Шышачкі раскіне, як параскідала
Маіх шэсць сыночкаў – здаецца, ці мала?
Усе разышліся! – Адзін у наборы**,
Адзін пайшоў прочкі, за чорныя моры,
Адзін за Дунаем саўсім асядліўся,
Адзін у Сібіры – з старшынёй пабіўся;
Пяты на пісарстве гдзесь у Патарбурку,
Кінулі у хаце вот крывога Юрку!..
Ну ды рана-позна, тыкі мне здаецца,
Кожны занудзіцца, да дому прыб’ецца…
Паглядзець, як людзі ў бядзе сабе радзяць,
Абсядуцца ў дому і лад заправадзяць.
 
 

* Ліна – канат, тоўстая вяроўка з канопляў або лёну.
** У наборы – у рэкрутах.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий