Галя

Пераказы і дыктанты

  Галя была наймалодшая ў дзявочай кампаніі. Сірата з самай беднай у Гаросіцы хаты Марыі Батрачыхі. Так іх і называлі спрадвеку – батрачкамі. У беднай сіраты – добра, хораша ў песні пяецца! – толькі чорныя бровы. Затое бровы – шнурочкам, вялікія карыя вочы, маленькія спрытныя рукі і лёгкія ножкі. Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі, неяк па-свойму, непаўторна завязаная на чорных густых валасах, была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар’яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі. А пойдзе ў танец Галачка – пастой ды паглядзі!
 Спачатку Сярожа, сірата з далёкай вёскі з дзіўным, але прыгожым прозвішчам Юрачка, толькі глядзеў. Глядзеў і рэзаў на гармоніку амаль без адпачынку. Вядома, гуляць пад добрую музыку кожны ахвочы, а падмяніць Сярожу часта не было каму.
 Ды вось у адну нядзелю прыйшоў з суседняй вёскі Качаны Іван Чарнагрэбень, які таксама мог іграць. Гэта ўжо быў пажылы кавалер, падпольшчык, шэсць год прасядзеў у турме, толькі ў гэтую восень вярнуўся. На той час свайго гармоніка Іван не меў. Пакуль сядзеў у турме, маці прыйшлося крута, і сын напісаў ёй прадаць трохрадку на хлеб.
 Цяпер, калі Юрачка паставіў на калені Івану свой гармонік, – абодва яны па-свойму ўсміхнуліся. Адзін з просьбай: «Рэзнеш, можа, Іван Сцяпанавіч, на радасць ды на лёгкі скок?», другі – ад нейкай не па ўзросце Івана маладое ўцехі: «Рэзну, браце, даўно ўжо не рэзаў!»
 I Чарнагрэбень рэзнуў. Не зусім яно так, як Сяргей, ды ўсё ж полечка «Галка» выйшла «з-пад карча», па-сапраўднаму.
 Юрачка страсянуў галавой, устрапянуўся, як выпушчаны са жмені верабей, паправіў паясок на сваёй вышыванай кашулі і рушыў у кут, дзе сядзелі дзяўчаты. I хата, поўная хата людзей – насцярожылася. «Мяне возьме, мяне», – засвяціліся вочы, забіліся сэрцы дзяўчат. А ён падышоў да Галі. Проста і спрытна, як ён рабіў усё, Сярожа пакланіўся. З усмешкай, вядома, такой, што ў ёй і просьба, і радасць: «нарэшце мы пойдзем!..»
 I вось яны выйшлі ў круг, абняліся.
 Мужчыны прыўсталі з лаў, маладзіцы націснулі з кута на сярэдзіну, моладзь нібы стаілася ў чаканні нечага, што ўбачыш не вельмі часта.
 Дачакаўшыся такту, Юрачка тупнуў і завірыў… Малыя боцікі яго то ледзь краналіся падлогі, то раптам гулка і чотка – на паваротах улева ці ўправа – білі, як выгаворвалі, чачотку. Вакол яго светлавалосай галавы толькі мільгаў румяны тварык пад чырвонай хусцінкай. А ўсё ж такі можна было прыкмеціць, разгледзець і залатыя каласы на чырвані, і чорныя бровы, і вусны, што так і не маглі стрымаць усмешкі сораму і шчасця… Усім было відаць, а Юрачку найлепш.
 – Круг, дайце круг! – крычалі дзецюкі, хоць ніхто з іх не думаў пакуль што сам выходзіць у круг. А ён сціснуўся, не стрымаць яго было нават дзесяткам плячэй. Дзядзька Раман Кругляк, стары ўжо, сівы чалавек, узбіўся з валёнкамі на лаву і зверху, падняўшы палец угару, вось-вось гатовы быў крыкнуць: «Эх!»
 Нібы пачуўшы гэты выраз усеагульнага захаплення, Юрачка заспяваў:

Чорна галка,
Чорна галка, –
Ты мая,
Ты мая!

  На гэтым песню яго абарвалі.
 – Правільна, Юрачка! Правільна! – загула, нібы ўздыхнула з палёгкаю хата. I толькі тады ўжо, нібы давёўшы да поўнага ладу тое, што трэба было давесці, моладзь пусцілася ў танец.
 Так пачалося іх каханне.
(500 слоў)

Паводле Я. Брыля.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий