Я зноў прыйшоў у наш зарослы сад,
Дзе пахне зазімкам і лісцем прэлым.
Ён не такі, як дваццаць год назад.
Ён,
як і я,
здаецца пастарэлым.
Мне вусцішна між яблыняў ступаць,
Страсаць з галін абуджаныя згадкі.
I за спіной не веснічкі рыпяць,
А памяці разгойданыя кладкі…
I
У ціхім садзе нашага дзяцінства
Даўно сабе звіваюць гнёзды птушкі.
I я не часта ў сад хаджу, каб раптам
Няўклюднага падлётка не спалохаць.
А можа быць,
я больш за ўсё баюся,
Што ўспырхне,
нібы жаўранак вясновы,
Забытае імя дзяўчынкі мілай
У белай блузцы і спаднічцы сіняй,
З чарнілам перапэцканымі пальцамі
I русаю худзенькаю касой?
Што, як яна жыве ў забытым садзе –
Абсыпаная рыжымі вяснушкамі,
Абстрыканая крапівой пякучай,
Цыбатая,
нібыта бусляня?..
Чаго баюся –
Успамінаў смешных
Ці горкай і запозненай сустрэчы
З юначаю неразгаданай тайнай
I першым неўсвядомленым каханнем?
Ды не,
якое там было каханне!
Было няўцямнае зямное шчасце,
Што вось жыве дзяўчо на белым свеце
I лічыць мяне дужым і прыгожым
I з захапленнем на мяне глядзіць.
I я пераканаць яе стараўся,
Што я папраўдзе нейкі незвычайны,
Што я прыгожы,
дужы
і разумны,
А быў няўклюдны і дурны,
як бот.
Я пасмяяўся з той дзяўчынкі мілай
Па-хлапчукоўску жорстка і бяздумна –
З яе вяснушак,
і з касы худзенькай,
I з нехаванай радасці ў вачах.
I я хадзіў, як певень, ганарысты,
Суровы,
незалежны
і дасціпны,
I быў не варты нават шкадавання,
Не тое
што яе няўцешных слёз…
Мы вельмі часта позна разумнеем…
Цяпер я ў сад заходжу асцярожна –
А што, як раптам хрусне пад нагою
Птушынае гняздо?..
II
Ты помніш сад,
Парэчкамі зарослы,
Дзе ля паркана быў куток таемны,
Куды ўцякалі мы з табой штовечар
Ад пільных матак і сяброў цікаўных?
Ты помніш?
Там нас хавала яблыня старая.
Мы слухалі маўчанне цёплай ночы,
I я нямеў, калі плячом гарачым
Ты прыпадала да майго пляча.
Там я аднойчы
пры святле маланкі,
Як цуд, нікім нязведаны,
убачыў
Твае блакітныя, як неба, вочы
I белыя, як яблыкі, калені.
На круглыя, як белыя налівы,
Клаў галаву я на твае калені
I піў каўшом Мядзведзіцы Вялікай
Тваё такое блізкае дыханне,
Наіўны і салодкі наш спалох.
I валасоў тваіх густая хмара
Мне засланяла і зямлю, і неба –
I гасла ўсё ў вачах,
I толькі вусны,
Твае сляпыя і сухія вусны,
Як месяц,
прабіваліся праз цемру
I зноў вярталі мне ў душу святло…
Ты помніш?
Растуць парэчкі ў садзе,
як калісьці.
А ля паркана –
восеньскае лісце…
Сюды з табой штовечар мы ўцякалі
Ад пільных матак і сяброў цікаўных.
Тут пры святле маланкі я аднойчы
Зірнуў табе ў спалоханыя вочы…
Стаіць пад ветрам яблыня старая.
Ні павуцінкі – на галінках голых…
А я вачамі маладымі бачу
два белыя налівы…
ІІІ
Быў позні і туманны адвячорак.
Сад звонка лапатаў пасля дажджу –
Як быццам тысяча срабрыстых гномікаў
Саскоквала з галінкі на галінку,
З ліста на ліст,
А з лісця –
на траву.
Я ў сад пабег
Паслухаць гэты вэрхал,
Палюбавацца,
Як цяжкія кроплі
Ляцяць свінцовым шротам на пясок,
А яблыні абмытыя стаяць,
Нібыта маладзіцы пасля лазні.
Па лужынах і ручаях імчаў я.
У сэрцы калацілася гарэзнасць,
I мне хацелася такое крыкнуць,
Каб цэлы свет,
уражаны,
пачуў.
Тады арліным хлапчукоўскім вокам
Я ўгледзеў іх пад вымаклаю вішняй –
Яны застылі ў доўгім пацалунку,
Як у палёце спыненыя птушкі.
Яны мяне не бачылі,
не чулі,
I я падкраўся –
I зарагатаў,
Спалохаў тое светлае імгненне,
Якое ўжо не зможа паўтарыцца.
Я загалёкаў:
«Цілі-цілі цеста!..»
Улёг за імі шчанюком звяглівым
I ўсё чакаў,
Як голас мой падхопіць
I панясе пад гулкім небам рэха.
А сад маўчаў.
Маўчалі змрочна кроплі,
Што на лістах званочкамі віселі.
А яблыня старая
поўнай жменяй
Дажджу мне сыпанула за каўнер.
I я замоўк,
Як быццам спатыкнуўся.
Мяне спыніў цяжкі дарослы сорам.
Пачуў я раптам,
Як замоўк чамусьці
У шапатлівых кронах
звонкі лопат,
Як стала ў садзе золка і будзённа…
Мой сад,
ты помніш гэты адвячорак.
Я дзякую,
што ты маўчыш,
мой сад…
Мой сад…
1973