Генадзь Бураўкін — Што паробіш…

Генадзь Бураўкін

Што паробіш,

калі  ціхманы

Я  ніколі  не  быў  змалі.
Не чакаю нябеснай манны
I  вяду  баі на  зямлі.

Новых  ворагаў  нажываю,
Хоць  палае  у  правым  баку
Рана  даўняя  нажавая,
Нібы  вогнішча  на  скразняку.

Не  з капрону і не з  жалеза,
Нервы тонкія і ў мяне.
А  ўсё  роўна  наперад лезу,
Каб у вочы плюнуць  мане.

I  хаця  па  спіне  мне  вухалі,
Каб навекі зваліць на  дол,
Я  ўзнімаўся,

хапаючы  вуснамі

Колкі вецер,

як  валідол.

I, о  божа, як я быў рады
(Маім  ворагам і няўцям),
Калі  чыстае  зерне  праўды,
Хоць  адно,

прыносіў  людзям…

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий