Георгій Марчук — Парада добра, а свой розум лепш

Георгій Марчук

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Зусім пагоршыўся зрок у бабулі Мілы, Фокусавай гаспадыні. Яна трымала лупу перад вачыма, але ўсё роўна з цяжкасцю чытала свае любімыя газеты і часопісы пра прыроду, космас і розных звяроў. Гэта заўважылі Агапка і яе бабуля, калі прынеслі суседзям пачастунак – смачныя сакавітыя ігрушы.
 – Ты б, суседачка мая даражэнькая, да доктара звярнулася. Кажуць, у сталіцы на вачах аперацыі робяць, – раіла Агапкава бабуля.
 – Ды дзе ж мне грошай на аперацыю ўзяць? Барабанадуля гаварыў, што багатыя ў сталіцы ўжо за ўсё грошы патрабуюць, – адказвала засмучаная бабуля Міла.
 – А сын твой дзе? Хай пра грошы для роднай маці парупіцца.
 – Ён далёка. Дзесьці ля Ціхага акіяна… за светам. Ужо і лістоў цэлы год не дасылае… можа, ён там без працы, – абараніла старая сына.
 – Вы ж так зусім зрок страціць можаце. Гэта хвароба называецца катарактай, – далучылася да размовы Агапка.
 – Што я тады з ёю рабіць буду? – ажывіўся Фокус.
 – Пакуль, дзякуй Богу, вочы трошкі бачаць. Я іх кожную раніцу вадой з крынічкі прамываю… чарніцы ем, нібыта лепей робіцца, – супакойвала ўсіх старэнькая Міла.
 Запомніў Фокус словы пра грошы на аперацыю і вырашыў самастойна іх зарабіць, каб ніхто не ведаў. Зрабіць сваёй гаспадыні сюрпрыз. І выправіўся па параду не да Агапкі, а да Барабанадулі.
 – І колькі ж табе грошай трэба? – пагардліва спытаў Барабанадуля.
 – Я па тэлебачанні рэкламу гэтай клінікі бачыў… 500 долараў амерыканскіх трэба, – ціха адказаў Фокус.
 – Гэта вельмі вялікія грошы для вёскі.
 – Я магу адпрацаваць. Усё зраблю. Загадвайце… што трэба? – зацікавіўся Фокус.
 – Усё, кажаш? Хе… Гэта добра. Мне твой спрыт падабаецца. У вас на гарышчы ластаўка гняздо зладзіла.
 – Так. Штовесну прылятае, – з гонарам адказаў Фокус.
 – Хе. Вось табе сетка і клетка. Ты птушаня маленькае, якое толькі-толькі лётаць пачынае, злаві і мне прынясі… Вось тады і атрымаеш грошы, – прапанаваў Барабанадуля.
 – А вы не падманеце? – рызыкнуў спытаць Фокус.
 – Я? Ды ніколі.
 – Вы ж казалі, што зараз усё на падмане і грашах трымаецца, – узгадаў Піліпавы словы Фокус.
 – Дык тое ў горадзе. А я слова сваё купецкае трымаю. Бяры сетку ды клетку і дзейнічай.
 Трэба сказаць, што птушкі не рабілі гнёздаў пад страхой Барабанадулевай хаты і ў яго садзе – баяліся. Ніколі ён не майстраваў дамкоў і для шпакоў. Ён птушак не любіў, а тыя не любілі яго. Вясковая ж ластаўка штогод вярталася толькі на гарышча да старэнькай Мілы. Вось і сёлета з гнязда паказвалі свае чорна-белыя галоўкі трое птушанят. Яны ўжо рыхтаваліся да самастойнага палёту. Бацькі іх пакінулі гарышча.
 Фокус стаіўся ля вакенца і чакаў. Неўзабаве праляцелі зусім блізка ад ката два птушаняці, а трэцяе, самае малое і слабое, затрымалася, замітусілася па гарышчы. Тут Фокус спрытна накінуў на вакенца сетку і зноў стаіўся. Памкнулася ластавачка да вакенца і трапіла ў сетку. Фокус не марудзячы схапіў яе і пасадзіў у клетку. Так небарака ластавачка міжволі апынулася ў палоне. Спрабавала знайсці якую шчыліну, ды зусім знясілілася. Фокус накрыў анучкай клетку, каб ніхто нічога не заўважыў, і вырашыў раніцай аднесці птушку Барабанадулю.
 Не дачакаўшыся птушаняці, дружная і вясёлая сям’я захвалявалася і пачала актыўна яго шукаць. Ластаўкі пікіравалі ля вакон старэнькай Мілы, лёталі проста над яе галавой, гучна крычалі.
 – Ды што гэта з імі? Быццам бы і ў вырай збіраліся, ды не адлятаюць. Нібы шукаюць каго, – зацікавілася бабуля Міла.
 – А я адкуль ведаю. Можа, з’елі што дрэннае… жываты ў іх баляць. У мяне так бывае, – схлусіў Фокус.
 Надвячоркам вярнуліся ластаўкі на гарышча, але знайсці накрытую клетку было немагчыма.
 Раніцай усё паўтарылася. Ластаўкі не ляцелі на поўдзень, яшчэ гучней крычалі і лёталі па ўсёй вёсцы.
 Западозрыла штосьці нядобрае і Агапка, вырашыла наведаць бабулю Мілу і ката Фокуса. Кот тым часам спалохаўся, што птушаня ў клетцы ляжыць і не рухаецца, і вырашыў пакарміць яго кавалачкам рыбы, што застаўся ад вячэры.
 – Ты што тут робіш? Чыя гэта клетка? Адкуль тут ластаўка? – строга запытала Агапка, калі паднялася па лесвіцы на гарышча.
 Дзецца не было куды, і спалоханы Фокус усё расказаў.
 – Хоць бы са мной параіўся, – дакарала Агапка.
 – Хацеў сюрпрыз зрабіць, грошы зарабіць і дапамагчы сваёй гаспадыні, – апусціў пыску ўніз і панура адказаў Фокус.
 – Ластаўкі ў палоне не жывуць, гэта па-першае, а па-другое, як вучыць мяне дзядуля: злом добрыя справы не робяцца, а толькі дабром. Вынось клетку на двор і адсоўвай засаўку. Яшчэ б трошкі і птушачка памерла б без ежы.
 – Мама! – зусім спалохаўся Фокус.
 – Вось табе і мама. Вынось.
 Так і зрабілі. Ластаўкі адразу ж згледзелі сваяка, прынеслі ў дзюбачках вады.
 Птушачка акрыяла, махнула крылцамі і вылецела з клеткі. Пакружылася сям’я ластавак над домам, над калодзежам, над садам, над вёскай і адляцела ў вырай.
 – І што цяпер рабіць? Грошай Барабанадуля не пазычае, – бедаваў Фокус.
 – Знойдзем выйсце. Хадзем да дзядулі. Ён намалюе твой партрэт, мы паедзем у горад, прададзім партрэт і заробім грошай, – параіла кемлівая Агапка.
 – Ага… Што я, зусім дурны. Каб з адгрызеным хвастом пазіраваць? – насцярожыўся Фокус. – Смяяцца ж усе будуць.
 – Дзядуля што-небудзь прыдумае. Замест хваста табе дзьмухавец намалюе, – жартавала Агапка.
 Атрымаўся Фокус на партрэце выдатна – усім катам кот. Усе адзначылі: як жывы.
 Кот пераканаўся, што на партрэце ён выдае героем і прыгажуном, і наважыўся сам прадаваць свой партрэт. Бацька Агапкі адвёз іх на вернісаж.
 Нейкі спагадлівы чалавек купіў партрэт, праўда, за палову цаны. Грошы, якіх не хапала, збіралі ўсёй вёскай. Унеслі сваю лепту і бацькі Агапкі, і бабуля з дзядулем.
 Спачатку старая Міла не згаджалася ехаць у сталіцу, баялася аперацыі, але яе ўгаварылі.
 – Я буду побач. Я залезу на дрэва пад вакном аперацыйнай, – супакойваў гаспадыню Фокус.
 Усё, дзякуй Богу, абышлося. Больш лупа бабулі Міле не спатрэбіцца. Як жа яна радавалася, што зноў добра бачыць прыгажосць навакольнай прыроды, і неба, і лес, і рэчку, і поле. Па дарозе дамоў нават песні народныя спявала, хоць у апошнія гады ад яе ніхто іх не чуў. Агапка і Фокус і радыя былі падпяваць ёй, але слоў не ведалі. Бабуля Міла абяцала іх навучыць. І яна гэта зробіць – бо да пенсіі працавала настаўніцай спеваў у школе ў суседняй вёсцы.
 Тут і казцы канец.
 Калі яны хорам заспяваюць, за табою, чытач, прыскача пасланец.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий