Георгій Марчук — Як Агапка мальвы ўратавала

Георгій Марчук

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Быў май. Дзесяцігадовая кірпатая, з доўгай густой касой дзяўчынка Агапка гасцявала ў сваіх дзядулі і бабулі. Агапкавы бацькі – смелыя і шчырыя людзі. Яны працавалі выратавальнікамі і таму накіраваліся ў далёкую краіну Грэцыю, каб гасіць лясныя пажары. Агапка любіла вёску і ёй там было цікава. А яшчэ ва ўтульным доме бабулі і дзядулі была печка, у якой бабуля рабіла смачныя бліны і варыла прасяную кашу. А яшчэ бабуля навучыла Агапку даіць казу Марфу. Часцяком да іх увечары прыходзіў суседскі кот Фокус, каб пачаставацца малаком. У Фокуса была гаспадыня – адзінокая старая, якая чытала газету, трымаючы ў руках вялізную лупу. Яны не мелі ні каровы, ні казы, ні качак, ні гусей. Кот меў здольнасць дэманстраваць розныя фокусы, таму і мянушку яму далі – Фокус. Скокне, здаралася, на вакно, а праз імгненне вылезе ўжо праз комін на страху. Ці вытыркне праз шчыліну ў плоце свой шыкоўны хвост і пачынае ім круціць, палохаць галубоў ды вераб’ёў. Меў Фокус адну незвычайную мару: трапіць у той горад, дзе жыве Агапка. Ён жа далей за сваю вёску нідзе не быў. Нават на другі канец адной-адзінай вуліцы не хадзіў – баяўся. Там жыў пануры і заўсёды ўсім незадаволены былы вартаўнік малочнай фермы Піліп Барабанадуля. У двары ягонага дома бегаў на доўгім ланцугу гэткі ж злосны, як і гаспадар сабака Пірат. Барабанадуля нават не вітаўся з Агапкавымі бабуляй і дзядулям, калі ехаў на ровары паўз іхні дом. Ён майстраваў клеткі для птушак, прылады розныя, каб лавіць мышэй ці птушак і вазіў іх на кірмаш – прадаваў. Ён быў малы, заўсёды насіў чорны капялюш. Востры нос, як ў коршуна дзюба, ды густыя чорныя вусы рабілі яго яшчэ больш панурым і насцярожаным. "Мне не зманіш. Старога вераб’я на мякіне не ашукаеш. Я вас усіх добра ведаю", – заўсёды казаў ён адно і тое, калі сустракаў людзей. Ён і Пірата свайго амаль не карміў, каб той быў зусім злосны.
 Агапкаў дзядуля быў мастаком. Ён маляваў гэткія прыгожыя кветкі, што проста дзіва. Усе нібыта жывыя – і півоні, і гладыолусы, і браткі, і лілеі. Проста вачэй не адвесці ад яго карцін, прыгажосць такая. Не было на дзядулевых карцінах толькі адной кветкі – мальвы. Адна на ўсю вёску мальва расла як раз пад плотам Барабанадулі. Ды вось гора, не мог дзядуля выправіцца ў такі далёкі шлях: цяжкая хвароба не дазваляла. З цяжкасцю ён соваўся па хаце ды часам у цёплы сонечны дзень выходзіў на падворак, каб пакарміць з рукі куры. Агапка ведала, што дзядуля хоча намаляваць мальву, бо кветка гэты была для яго дарагая – яе вельмі любіла яго мама.
 Прачула аднойчы Агапка – кот Фокус цішком паведаміў – што Барабанадуля намерыўся новы плот вакол сваёй сядзібы майстраваць і ўжо прывёз першую партыю жалезабетонных слупоў. Агапка адважылася, наблізілася да Піліпавай сядзібы. Пірат гучна забрахаў на ўсю ваколіцу, пагрозліва выставіў іклы, тузаў ланцуг, скакаў ля плота. Агапка змеціла, што жалезабетонны слуп амаль прыціснуў мальву, якая добра расла, выкінула ўжо зялёныя лісцікі.
 Тады і вырашыла Агапка ўратаваць мальву: выкапаць яе таемна і пасадзіць ля свайго дома. "Гэта будзе падарунак да дня нараджэння дзядулі", – падумала яна. Агапка разумела, што адна яга гэтага не зробіць і ўгаварыла ката Фокуса дапамагчы.
 Дачакаліся яны, калі Барабанадуля зноў паехаў па слупы і хуценька накіраваліся да сядзібы панурага суседа. Скокнуў Фокус на падворак з боку сада і пачаў надакучліва мяўкаць. Пірат, як ракета, адразу ж кінуўся да парушальніка мяжы. Гэтага і чакала Агапка. Яна хуценька пачала выкопваць мальву. Карані кветкі былі глыбока пад зямлёй і дзяўчынка з цяжкасцю выцягвала іх.
 А тым часам, шалеючы ад злосці, Пірат лавіў Фокуса. Трэба сказаць, што Фокус ужо добра-такі стаміўся і не на жарт спалохаўся, бо Пірата пад час сваёй адсутнасці гаспадар здымаў з ланцуга, і сабака бегаў, дзе хацеў. Фокус трымаўся з апошніх сіл. Плот быў невысокі, Пірат падскокваў і жахлівыя сківіцы сабакі ляскалі ля самага Фокусавага вуха.
 Прывёз Бварабанадуля слупы для плота і выгрузіў іх акурат на тое месца, дзе расла мальва. Не жыць бы ёй, калі б не Агапка. Фокус схаваўся ў гумне, залізваючы рану. Агапка адшукала яго, падзякавала за смеласць.
 Вярнуўся кот на вёску і яшчэ доўга расказваў сваёй гаспадыні пра падарожжа ў сталіцу, пра новыя прыгожыя будынкі, пра выставу. У сярэдзіне лета расквітнелі вялікія цёмна-малінавыя кветкі мальвы, на прыгажосць якой дзівіліся і бабуля з дзядулям, і Агапка з бацькамі, і Фокус са сваёй гаспадыняй, якая прыйшла як заўсёды з лупай, каб лепей бачыць прыгажосць мальвы. І ўсім было добра і хораша ад прыгажосці свету.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений