Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Вось да чаго часам зайздрасць давесці можа. Прызвычаіўся кот Фокус з вёсачкі Крынічка ў доўгія зімовыя вечары са сваёй гаспадыняй да самай ночы тэлевізар глядзець. Асабліва захапляліся яны перадачамі пра падарожжы ў розныя краіны: падабаліся ім пінгвіны ў Антарктыдзе, страусы ў Аўстраліі, мядзведзі ў Расіі, львы ў Афрыцы.
– Глядзі, бабка Міла, бліжэй лупу да экрана… во якія ў мяне сваякі, – выхваляўся Фокус і паказваў лапай на львоў на экране. – Пірат бадай што і не ведае, якая ў мяне абарона. А я тутака ў холадзе мышэй вымушаны палохаць, – наракаў на свой лёс Фокус, зайздросцячы львам.
Аднойчы Фокус глядзеў мульцік і раптам убачыў паласатага ката. Той гойсаў у цяльняшцы, нібы марак. І надумаў Фокус перафарбавацца ў другі колер, зрабіцца вясковым ільвом, гразой усяго наваколля.
– Не жадаю больш мець аднолькавы колер з мышамі, – сказаў ён сам сабе.
Калі надышлі цёплыя летнія дні, Фокус выправіўся да суседа-мастака, каб папрасіць фарбы. Звычайна па абедзе мастак адпачываў і Фокуса ласкава сустрэла жонка мастака, бабуля Агапкі.
Фокус, трэба сказаць, быў добрым хітраванам. Вырашыў да часу свой план не раскрываць: хай усе здзівяцца, калі ўбачаць яго львіны нораў.
– Я вось… фарбы хацеў у вас папрасіць… пазычыць. Мы пенсію атрымалі, я вам грошай колькі трэба дам, – асцярожна пачаў размову Фокус.
– А якая табе фарба трэба? І навошта? – пацікавілася бабуля.
– Жоўтая. Мне трэба гэта… акно наша пафарбаваць. Аблезла старая фарба, – схітрыў Фокус.
– Добра. Ды вось неспадзяванка: нешта я жоўтую і адшукаць не магу. Я ў іх не разбіраюся. Прыходзь увечары, запытаем гаспадара.
– Не. Зараз трэба.
Фокус баяўся, што мастак можа не даць яму фарбы.
– Ну добра. Вось, выбірай, – згадзілася бабуля.
Фокус не марудзячы схапіў тры цюбікі зялёнай фарбы. Яго меркаванні былі такія: калі зялёным колерам пафарбаваць яго шэрую поўсць, дык абавязкова атрымаецца карычневы, як у льва.
Прыбег Фокус дахаты, выціснуў фарбу ў міску, перамяшаў і пачаў у ёй качацца. Пасля гэткай працэдуры зірнуў на сябе ў люстэрка і вохнуў. Цяльняшкі не атрымалася, як і жоўта-карычневага колеру, а зрабіўся ён зялёны, як жаба. Схаваў на ўсялякі выпадак ад гаспадыні лупу, каб яна не ўбачыла яго новую «вопратку». А сам падумаў: усё ж гэта лепш, чым звычайны шэры.
Супакоіў сябе кот і наважыўся франтам прайсціся па вуліцы. Куры, як угледзелі гэтага незнаёмага зялёнага дракона, разбегліся ў розныя бакі, вераб’і паразляталіся, варона скочыла на плот.
– Зноў у горад збіраешся? Зноў на выстаўку апрануўся? – асцярожна пацікавілася варона.
– А як жа. Гэта мой натуральны колер, як у маіх сваякоў з Афрыкі, – выхваляўся Фокус.
– А я падумала, што гэта табе касцюм жабы падаравалі. Дзе ты бачыў зялёных ільвоў? – пыталася варона.
Фокус нічога ёй не адказаў і рушыў далей па вуліцы.
– Спыніся, пудзіла, ты хто? – закрычаў на яго сабака Пірат.
– Хіба не пазнаеш? Я Фокус, блізкі сваяк афрыканскіх ільвоў, – смела адказаў Фокус.
– Ідзі адгэтуль, не палохай майго гаспадара, пудзіла ты з балота, а то яму сасняцца страшныя сны. Я табе хвост адгрыз, дык яшчэ і вуха адгрызу, – прыстрашыў Пірат.
– Хто там? – спытаў Барабанадуля, выходзячы на ганак.
– Фокус. Блазан наш вясковы. Прыйшоў нас палохаць, – адказаў Пірат.
– Які ён Фокус. Ён куртаты, хе. Ідзі далей, жаба балотная. А не, дык напішу ў сельсавет і цябе выселяць адгэтуль, мафіёзу, – паабяцаў Барабанадуля.
Засмучаны Фокус вярнуўся дамоў. Гаспадыня тым часам адшукала лупу, прыгледзелася і спалохалася.
– Ты хто? Ты чый?
– Ды гэта я… Фокус.
– Які Фокус? Ты не падобны на Фокуса. Згінь з вачэй, прападзі, нячыстая сіла, цьфу, цьфу, цьфу!
І яна тройчы перажагналася.
– Пафарбаваўся я, – вінаватым голасам сказаў Фокус.
– Не мой ты кот… і кропка. Згінь, – даводзіла сваё бабулька.
Залез Фокус на гарышча і засумаваў, вельмі засумаваў. Усе паднялі яго на смех, а гаспадыня дык тая і зусім не пазнала. Так у самоце і застаўся Фокус на гарышчы, так і ноч мінула – цёплая, летняя.
А раніцай зірнуў кот у вакно і ўзрадаваўся. Да дзядулі і бабулі на канікулы прыехала Агапка. Фокус адразу ж праз гароды паспяшаўся да дзяўчынкі па параду. Спачатку і Агапка не пазнала яго.
– Ну ты ж мяне і напалохаў, Фокус, – сказала яна.
– Ды я ўжо і сам не рады. Хацеў адзін раз у жыцці зрабіцца львом, – скрушліва адказаў Фокус, – ды перастараўся.
– А фарбы дзе ўзяў?
– У вас. Як мне зноў шэрым зрабіцца, парай, – пачаў прасіцца Фокус.
– Пакажы мне, якую ты фарбу браў і дзе? – спытала Агапка.
І Фокус паказаў на цюбікі. Агапка з палёгкай уздыхнула.
– Табе, Фокус, пашанцавала. Гэта акварэльныя фарбы, бо калі б ты пафарбаваўся алейнымі, давялося б цябе да доктара везці, і яшчэ невядома, чым бы ўсё завяршылася.
Пасадзіла Агапка Фокуса ў ночвы, прынесла цёплай вады, дадала шампуню і хуценька адмыла зялёную фарбу. Ажно настрой палепшыўся ў Фокуса.
– Прасі што хочаш! У мяне і грошы ёсць, – сказаў ён.
– Ды нічога мне не трэба, мы ж сябры.
– Сябры, – пацвердзіў кот.
– Значыцца, павінны дапамагаць адно аднаму бясплатна. Згодзен?
– Згодзен. А Барабанадуля кажа, што нічога бясплатнага няма, за ўсё трэба плаціць.
– А ты менш слухай яго. Жыві сваім розумам, як вучыць мяне бабуля, – сказала Агапка.
Пабег Фокус як найхутчэй дамоў. Гаспадыня яго ўжо з ног збілася: шукала і ў склепе, і ў хляве, і на гародзе, і ў садзе, зазірала і на гарышча, а Фокус як у ваду кануў. Хоць ты плач. А тут раптам ён і з’явіўся.
– Ну дзякуй Богу, – узрадавалася гаспадыня і тройчы перажагналася. – А то, бач ты, учора нейкае пудзіла з’явілася і дзяўбе, што яно Фокус. Я да смерці напалохалася.
Фокус, безумоўна, не расказаў старой, як ён зялёным ільвом быў. Не хацеў засмучаць гаспадыню, якую за яе дабрыню і працавітасць вельмі паважаў, шанаваў і шкадаваў.
І зажылі яны, як і раней, – у міры і згодзе.