Георгій Марчук — Як памірыліся Муха і Фокус

Георгій Марчук

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Прыйшла ў вёсачку Крынічка ранняя вясна. Сонейка, па якому за зіму засумавалі, радавала ўсіх. Выйшлі на ганак пагрэцца на сонейку кот Фокус і яго гаспадыня бабуля Міла.
 – Нешта даўно на нашым клёне шпакі не сяліліся, – сумна прамовіла бабуля.
 – Шпакоўня старая, працякае. І шпакі цяпер разумныя, усе новыя шпакоўні шукаюць, – з веданнем справы зазначыў Фокус. – Досыць і таго, што салоўка ў кустах спявае, а шпакі пад вокнамі толькі спаць раніцай не даюць, – дадаў ён.
 – Не кажы. У іх свае песні, яны прыгожа спяваюць. Трэба было б для іх новую шпакоўню змайстраваць. Ды вось гора, няма каму.
 – А я? – нават пакрыўдзіўся Фокус.
 – Паспрабуй. Вось табе грошы. Купі ў суседа Барабанадулі дошак. А нажоўка, малаток і цвікі ў нас у кладоўцы… ад мужа майго засталіся.
 Схамянуўся Фокус і пачаў адгаворваць.
 – Можа, не трэба нам гэтых шпакоў? Лепш на гэтыя грошы дыскі купім з гульнямі для камп’ютара. Крута будзе.
 Ён ужо і не рады быў, што пагадзіўся, але не было куды падзецца.
 Гэту размову падслухала вялікая зялёная Муха. Яна не любіла прылятаць у двор да бабулі Мілы, бо заўсёды ганяўся за ёю гэты шкоднік – кот Фокус. Жыцця не даваў. Таму найчасцей гасцявала Муха ў Пірата, які дазваляў ёй разам з ім абедаць з адной міскі.
 Пірат хцівы быў, як і гаспадар, ды паспрабуй не пачастуй куслівую назолу Муху, ратунку не будзе. І гудзе бесперастанку над вухам, і балюча за хвост кусае, і ў вочы лезе, спаць перашкаджае. Таму ён і змірыўся з дармаедкай. Муха і прынесла ім навіну пра тое, што Фокус наважыўся шпакоўню майстраваць. За гэту навіну Муху ўхваліў сам Барабанадуля.
 – Трэба было б гэтага агіднага ката правучыць на самай справе. Каб яго, няўдаліцу, гаспадыня з двара прагнала, – прапанавала Муха.
 – Паспрабуем, – пасміхнуўся заўсёды пануры і ўсім незадаволены Барабанадуля.
 Купіў матэрыял для шпакоўні Фокус, а што з ім рабіць і не ведае.
 – Вы мне намалюйце чарцяжы… Ну, як гэту рэч робяць, – папрасіў парады Фокус.
 – Грошы давай, – сказала Муха, якая хацела дагадзіць Барабанадулю.
 Выцягнуў апошнія грошы кот і аддаў суседу, які і намаляваў яму чарцёж шпакоўні. Задаволены і самаўпэўнены Фокус порстка ўзяўся за справу.
 – Цяпер і Муха да нас носа не ўваткне. Шпакі яе адразу ж глынуць, – думаў ён.
 Да вечара справу зрабіў, узлез на клён і прыбіў шпакоўню замест старой, якая зусім развалілася.
 Пачалі яны з бабуляй Мілай чакаць гасцей.
 Адны ляцяць, другія, трэція ды ўсё міма. Ужо ўсе тры шпакоўні ў суседа-мастака, дзядулі Агапкі, шпакі пазаймалі, а клён ля дома бабулі Мілы абмінаюць.
 – І дзе твае шпакі, гора-цясляр, – смяецца з ката Муха, – яны аднаго твайго выгляду, мурзаты качагар, палохаюцца.
 Праўда, два шпакі прыляцелі, пакружылі над клёнам і чамусьці селі на плот проста пад вокнамі.
 – Штосьці ў цябе не атрымалася, – расхвалявалася бабуля Міла.
 – Гэта каб у мяне ды не атрымалася! Ды я майстра на ўсе рукі, – выхваляўся Фокус, – усё па чарцяжах рабіў! – Але таемна ад гаспадыні ўсё ж такі вырашыў патэлефанаваць Агапцы.
 Папрасіў у старога мастака сотавы тэлефон і дазваніўся сваёй сяброўцы ў горад. Агапка папрасіла сфатаграфаваць шпакоўню і даслаць праз камп’ютар здымак. Фокус гэта вельмі хутка зрабіў. Атрымала фота Агапка і адразу ўсё зразумела.
 Барабанадуля хоць і зрабіў чарцёж шпакоўні, але вырашыў пасмяяцца з Фокуса і трохі схітраваў. Шпакоўня на чарцяжы была без акенца-дзвярэй, праз якое шпакі залятаюць і вылятаюць.
 Трэба было спяшацца. І Агапка ў першы ж дзень вясновых канікул паехала з бацькамі ў Крынічку. Яны паспелі. Пара шпакоў усё яшчэ кружылася над клёнам, надта ж ім спадабалася бабуля Міла, гарод, сад, дом суседа-мастака, лугавіна за вёскай.
 Агапка і Фокус прынеслі шпакоўню дзядулю-мастаку, які прасвідраваў у ёй вакенца. І як толькі прымацавалі шпакоўню да клёна, у ёй пасялілася пара шпакоў, якія цярпліва чакалі, седзячы на плоце.
 Шпакі нават заспявалі ад радасці. Толькі Муха не радавалася. Не змагла яна падмануць Фокуса і нашкодзіць кату. Улетку шпакі спявалі на ўсе лады, ім падпявалі, седзячы на правадах, ластаўкі, дразды, быў чуваць цудоўны голас івалгі, а позна ўвечары свой канцэрт наладжвалі салаўі, якія жылі ў суседнім закінутым садзе.
 Наляцеў аднойчы на вёску такі страшны ўраган, якога і бабуля Міла не памятала. Агапка, якая затрымалася ў гасцях у Фокуса, не рызыкнула нават бегчы дадому. Вырашыла перачакаць, седзячы з Фокусам ля вакна. У Фокуса слых выдатны. Нават праз дождж пачуў ён плач яблынькі з суседняга закінутага саду.
 – Табе падалося. Гэта вецер у коміне вые, а не плач зусім, – супакоіла яго Агапка.
 – Плача. Павер мне, – пераконваў Агапку Фокус.
 – Ладна. Бяры парасон, хадзем правяраць.
 – Ага. Каб мяне знесла ў якую Інданезію? – захваляваўся Фокус.
 – Ладна. Пабеглі проста так. Дождж быццам бы ўжо і не такі моцны, – сказала Агапка і яны пабеглі ў сад.
 І сапраўды. Яны пачулі енкі і плач яблынькі. На ёй было надта багата яблыкаў і адна самая вялікая галіна ўжо не вытрымлівала пад ветрам і дажджом цяжару пладоў, хілілася да зямлі.
 Агапка адразу зразумела, што трэба рабіць. Яны пабеглі да дома старога мастака, узялі драбіны і разам з бабуляй Мілай і бабуляй Агапкі з цяжкасцю, але змаглі падперці драбінамі абцяжараную яблыкамі галіну. Бацька Агапкі, які прыехаў на выхадныя дні ў вёску, ухваліў за знаходлівасць сваю дачку і Фокуса, панасек падпорак-рагацін і ўмацаваў імі замест драбін галіны старой яблынькі.
 Так і жылі ў Крынічцы сябры, з радасцю сустракалі штораніцы сонейка. А неўзабаве праводзілі ў вырай шпакоў, ластавак, івалгу, салаўя… Толькі спеў-гудзенне Мухі на ўсю вёску і застаўся. Паехала ў горад і Агапка, пачаўся новы навучальны год.
 Зусім адны засталіся бабуля Міла і кот Фокус. І тут здарылася неверагоднае. Не пусціў да сябе ў дом на зіму Муху Барабанадуля. Засталася яна з дзецьмі на вуліцы. Што рабіць? Паляцела ў разведку да хаты Фокуса, які адразу ж заўважыў яе і схапіў мухабойку. Зусім спалохалася Муха, паляцела. Пра свой смелы ўчынак Фокус расказаў гаспадыні.
 Зазлавала бабуля Міла.
 – Гэта яна… Муха… сабе на зіму месца шукае. Яны ж у вырай не адлятаюць.
 – Хай да Барабанадулі ідзе, – адказаў Фокус.
 – Відаць, не пускае яе да сябе сусед. Шкада, – сумна сказала бабуля Міла.
 – Я што. Я нічога. Я так. Яна мяне кусала калісьці, – апраўдваўся Фокус.
 – Ты вось што… Выкінь мухабойку на сметніцу…
 – Э… як гэта…
 – Я сказала выкідай, – строга паўтарыла бабуля, – і не палохай яе больш. Хай заляціць у хату і месца сабе на зіму знойдзе.
 – Як загадаеце, – пагадзіўся Фокус і выкінуў мухабойку.
 Усё гэта чула асцярожная Муха, пралятаючы міма Фокуса ў хату.
 – Знайшла сабе месца? – спытала бабуля.
 – Дзякуй. Знайшла, калі вы не супраць… за печкай… мы будзем спаць… гудзеннем трывожыць не будзем… мы пяць месяцаў спім.
 – Хто гэта мы? – пацікавіўся Фокус.
 – Мы… Я і чацвёра маіх дзетак. Яны яшчэ зусім маленькія. Яны надта замерзлі. Ногі ўжо халодныя. Яны сядзяць у шпакоўні. Калі вы не супраць, – адказала Муха.
 – Безумоўна, не супраць, – з усмешкай пацвердзіла бабуля Міла.
 – Я што… я нічога. Я таксама не супраць, – дадаў Фокус.
 Ну, вось вы і памірыліся. І дзякуй Богу. Гэта так добра – сябраваць, жыць у міры, – ухваліла іх бабуля Міла.
 Неўзабаве ўся сям’я Мухі разам з Фокусам піла малачко. Цяпер зімы яны не баяліся.
 – А то, – сказаў Фокус, аблізваючы свае вусы, – і Агапка нас ухваліла б, у яе добрае сэрца. Праўда, бабуля Міла?
 – Праўда, – пасміхаючыся, адказала гаспадыня.
 Тут і казцы канец. Хай нам усім спявае шпак.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий