Гісторыя палярнай авіяцыі пачыналася з яго

Пераказы

   Першы палярны лётчык у сусветнай авіяцыі, пілот расійскага ваеннага флоту Іван Нагурскі нарадзіўся на Беласточчыне ў сям’і беларуса. Яму было суджана першым у свеце ажыццявіць арктычныя палёты ў раёне Новай Зямлі і Баранцава мора.
   У 1914 годзе Нагурскі, кваліфікаваны лётчык і інжынер, удзельнічаў у вялікай выратавальнай экспедыцыі па пошуках у Арктыцы палярнай экспедыцыі Георгія Сядова. Іван Нагурскі зрабіў упершыню ва ўмовах Арктыкі пяць палётаў, старанна даследаваўшы ўсё заходняе ўзбярэжжа Новай Зямлі і паказаўшы магчымасць дасягнення Паўночнага полюса на самалёце. Іван Нагурскі не толькі даказаў магчымасць і карыснасць палётаў у Арктыцы, але і выказаў думкі, якія далёка апярэдзілі яго час. У сваім рапарце ён адзначаў: «Авіяцыя ў будучым можа зрабіць гідраграфіі вялікую паслугу ў наступных выпадках: пры абследаванні льдоў, у адкрыцці новых зямель, выяўленні і нанясенні на карту падводных перашкод, якія замінаюць суднаходству».
   Вяртанне Івана Нагурскага ў Пецярбург супала з пачаткам Першай сусветнай вайны і, напэўна, з гэтай прычыны гістарычнае значэнне яго першых палётаў у высокіх шыротах не набыло належнай ацэнкі ў расійскай і замежнай прэсе. Яго імя доўга заставалася невядомым для гісторыі паветраплавання.
   У час Першай сусветнай вайны Іван Нагурскі служыў у Петраградзе і здзяйсняў баявыя палёты ў акваторыі Балтыйскага мора, камандаваў паветраным атрадам, затым дывізіёнам Балтыйскага флоту. У небе над Балтыкай Нагурскі паўтарыў «пятлю Несцерава», але на гідрасамалёце, а летам 1917 года быў збіты ў адным з паветраных баёў і ўпаў у мора на самалёце, ахопленым полымем.
   Рапарт пра гібель лейтэнанта флоту Івана Нагурскага стаў тым дакументам, які дазволіў гісторыкам авіяцыі завяршыць яго біяграфію ў 1917 годзе. Але Нагурскі, чалавек сапраўды незвычайнага лёсу, не загінуў. Паранены ў баі, ён быў падабраны англійскай падводнай лодкай. Усё гэта адбывалася напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі, пасля якой Нагурскі, не прыняўшы ідэй савецкай улады, вярнуўся ў 1919 годзе ў Беласточчыну. Тут, не жадаючы ваяваць на баку белапалякаў супраць маладой савецкай Расіі, утаіў свой вайсковы чын і працаваў пасля інжынерам-канструктарам цукровых заводаў.
   Паведамленне праз сорак гадоў аб яго «ўваскрашэнні» ў газетах, часопісах і па Усесаюзным радыё выклікала велізарную цікавасць да пакарыцеля арктычнага неба. Паводле рашэння Савецкага ўрада яго імем была названа палярная станцыя на Зямлі Франца-Іосіфа. I імя легендарнага Івана Нагурскага, які «трагічна загінуў», было ва ўсіх на слыху. Савецкія палярнікі тут жа запрасілі лётчыка ў Маскву, а з архіва дасталі многія дакументы, сярод якіх былі і справаздачы Нагурскага аб арктычных палётах. У дзень свайго васьмідзесяцігоддзя ён атрымаў тэлеграму: «Дарагі Іван Іосіфавіч! Віншуем Вас з днём нараджэння! Жадаем бадзёрасці, добрага здароўя, доўгіх гадоў жыцця. Сяброўскае прывітанне перадае Вам калектыў станцыі Нагурская».
   Памёр Іван Нагурскі ў 1976 годзе і пахаваны ў Варшаве.
   Першы палярны лётчык Іван Нагурскі адкрыў гісторыю палярнай авіяцыі. Гэта яшчэ адзін яркі прадстаўнік беларускага народа, які аддаў сваё жыццё дзеля славы расійскай навукі і справе адраджэння Польшчы – сваёй другой радзімы.
(452 словы)

Паводле В. Ярмоленкі.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий