Іван Навуменка — Пачыналася восень

Іван Навуменка

  Пачыналася восень. Яшчэ горача свяціла сонца. Зусім па-летняму дрыжала сіняватая смуга над пыльнай дарогай. У кустах крушыны свісталі вясёлыя дразды. Буяла яшчэ на лугавінах зялёная атава. У палісаднічках наперагонкі хваліліся сваёй прыгажосцю жоўтыя вяргіні і астры. Але ўсеўладная восень неадступна цікавала за гэтымі апошнімі праявамі летняга жыцця. Яна ўжо заслала суцэльным залацістым абрусам палі збажыны. Злёгку рассерабрыла шаты разгалістых прыдарожных бяроз. Паветра напаіла той празрыстасцю і чысцінёй, якая бывае толькі цёплай лагоднай восенню.
 Высока ў сінім бязвоблачным небе плыве яркае сонца. Шчодра лье на зямлю сваю цеплыню і святло. Сагрэтая яго ласкай зямля адказвае буяннем жыцця.
 Цёпламу яснаму дню радуецца кожная жывая істота. Над маёй галавой, на бярозе, цінькаюць сініцы. Прабуюць моц сваіх крылаў прыгожыя ластаўкі. На маленькім лапіку зямлі ідуць свае клопаты і турботы. Некуды спяшаецца цягавітая мурашка. Уверх па сцяблінцы паўзе спакойная божая кароўка.
 Над Прыпяццю сінее лес. Адтуль нясе густым водарам, сатканым з пахаў хвоі, прэлай зямлі, грыбоў і багуну. Шырокая лугавіна прымешвае свайго да гэтай багатай і разнастайнай гамы: пахне аерам, мурагом, салодкай медуніцай.
 Я думаю пра восень. Мабыць, памыляюцца тыя пісьменнікі, якія бачаць у восені толькі заміранне жыцця. Здаецца, усё якраз наадварот.
 Жыццё ў гэтую пару не замірае, а нараджаецца. Яно проста стаіць перад пачаткам новага, яшчэ шырэйшага круга. Бяроза адшумела зялёным лісцем і паслала ў свет, можа, мільёны новых бярозак, схаваных у яе лятучым насенні.
 Дайце гэтаму насенню пульхную глебу, трошкі святла і цеплыні – і народзіцца новы бярозавы гай…
 Восень – гэта ростані на вечных дарогах старога і новага жыцця. Няхай прыгрэе сонца, і тады за цёплым летам адразу пачнецца вясна, без ніякай восені і зімы, без ніякага перапынку. Хіба ўвосень не расцвітае прыгажуня яблынька, зведзеная ў зман здрадлівай ласкай бабінага лета? Нездарма, відаць, нашы далёкія продкі кожны новы год жыцця пачыналі з восені…

Сказать спасибо
( 4 оценки, среднее 4 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений