Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Бацька мой рабіў лесніком, і я рос у лесе. І з малых гадоў я так зжыўся з лесам, што нічога не баяўся ў ім: ні людзей, ні ваўкоў, ні каршуноў.
На дзявятым годзе я пайшоў у школу, у вёску ажно за тры кіламетры. «Тры з гакам», – казаў мой бацька. То пэўна быў і гак, калі ісці не па-за гародамі, а па вуліцы. Школа змяшчалася на другім канцы доўгай вуліцы. Але на вуліцы той трэба было «фарсіраваць пераправы» – вялікія лужыны. А па-за гародамі дарога была пясчаная.
Калі дзень паменшаў і ў школу трэба было ісці ў прыцемкі, маці часам праводзіла мяне: выводзіла з лесу ў поле, адкуль былі відаць хаты вёскі.
Бацька хмыкаў на гэтыя провады, і я нікому ў школе не прызнаваўся, што мяне вяла маці. Сам ішоў!
– Я нічога не баюся! Ні ваўкоў. Нічога.
– А мог бы ты пайсці ўначы на могілкі?
Тут маёй заячай харобрасці не хапала сказаць: «Магу!»
Не, не мог. Чаго баяўся? Страшных казак, што расказвала цётка, якая памагала маці па гаспадарцы. Казкі гэтыя рабілі баязліўцам. Я смела ішоў уначы па лесе. А цемры ў сенцах леснічоўкі баяўся, праскокваў гэтыя сенцы, заплюшчыўшы вочы.
Лягла зіма. Снежная. У тую ноч таксама ішоў снег, але ціхі, дарогі не замёў.
Весела я выскачыў з лесу ў поле, дзе ўжо добра развіднела. Весела мясіў малады снег, размахваючы палатнянай торбай з букваром і сшыткамі.
Але што там чарнее наперадзе?
Угледзеўся: сядзіць сабака, шэры.
Няўжо Шарык майго сябра Аніські выбег мяне сустрэць? Калі я, здаралася, затрымліваўся ў Аніські, яны часам праводзілі мяне.
Я смела наблізіўся. Не, не Шарык, не падобны. Я спыніўся, гукнуў:
– Ату! Чаго сеў на дарозе? Бяжы ў вёску.
«Сабака» ні з месца.
І тут я падумаў: «А калі гэта воўк?» – і мяне апанаваў страх. Што рабіць?
Павярнуўся і пайшоў назад да лесу, падсвядома ўпэўнены, што лес мяне абароніць. Я верыў у цудадзейную сілу лесу.
Азірнуўся. Ваўка на дарозе няма. Ага, спалохаўся?
Але тут жа ўгледзеў, што ён абганяе мяне па глыбокім снезе, ныраючы ў яго пысай.
Абагнаў і зноў сеў на дарозе, не пускаючы мяне ў лес. Во навала! Што ж рабіць?
Павярнуў назад да вёскі. Не бачыў, як ён абагнаў, але ўбачыў яго на дарозе перад сабой, бліжэй, чым раней.
Тут ужо я спалохаўся не на жарт. Што рабіць?
Вырашыў: лепшы паратунак – моўчкі стаяць. Без крыку, гікання. Пакуль ён сядзіць. Не ведаю, колькі часу прастаяў, анямелы ад страху, акалелы.
Ды, на маё шчасце, з вуліцы вёскі паказаліся дзве падводы: сяляне ехалі па дровы. Я іх убачыў і акрыяў: паратунак!
Воўк, мабыць, захапіўся разгляданнем маёй постаці – не нападаў ён на людзей, але есці, відаць, хацеў, таму заўважыў сялян толькі тады, калі яны закрычалі:
– Ату яго! Ату!
Воўк доўгімі скачкамі кінуўся ў бок да бліжэйшага кустарніку.
Сяляне сказалі:
– Ну, хлапец, маліся Богу, што мы ехалі.
А ў леснічоўцы, прывёзшы мяне туды, бязлітасна пажартавалі:
– На, Сынклета, твайго Івана, ад ваўка адабралі. З зубоў вырвалі.
А бацьку зрабілі вымову:
– Як гэта ты, Пятро, адсылаеш малога аднаго ў такую рань? Глядзі, да бяды недалёка. Давай нам за паратунак сына гатовыя дровы.
Пасля той сустрэчы для мяне наступіла лёгкае жыццё: бацька на санях адвозіў мяне да самай школы ўсю зіму.
Я ўжо вырас і хадзіў сам, нават калі пайшоў у другую змену і вяртаўся зацемна, а леснікі, збіраючыся ў нас, успаміналі гэты выпадак і вырашалі, чаму воўк не з’еў мяне адразу, а вырашыў пагуляць у «жмуркі».
– Апетыт наганяў, – жартаваў вастраслоў Коцікаў.