Звярніце ўвагу! Поўны змест.
На Украіне здарыўся голад. Паміралі людзі. Некаторыя ратаваліся тым, што ішлі на поўнач – у больш багатую Беларусь і далей – у Расію, у вялікі горад Ленінград, дзе спадзяваліся знайсці працу.
Леснічоўка наша стаяла па суседстве, на ўезджаным шляху. Хоць недалёка, кіламетры за тры, праходзіла шаша Чарнігаў – Гомель, людзі ішлі па мяккім і пыльным бальшаку. Прасілі кавалачак хлеба, бульбіну. Мы самі ледзьве не галадалі, але дзецям і старым маці наша нешта давала.
Ехалі рэдка. Але аднойчы пад’ехалі дзве накрытыя павозкі, у кожную запрэжана па двое нехудых коней, а каля іх – жарабя. Сёлетка. Гарэза. Бегла, падскоквала, напіўшыся каля нашай студні вады.
Людзі па абліччы не былі падобныя на цыганоў, яны самі гэта сказалі:
– Мы не цыганы, мы грабары. Шукаем працу. Кажуць, дзесьці каля Гомеля аэрадром ваенны будуюць.
Адпачылі, пакурылі. Потым старэйшы сярод іх кажа майму бацьку:
– Ляснік, прадай мяшкі два бульбы. На Украіне купіць не маглі. Ты ж ведаеш. А ў нас галодныя дзеці.
– Грабар, толькі ж пасадзілі яе, бульбу. Для сябе ці застаўся мяшок які, – сумна сказаў бацька: рады быў бы выручыць добрых людзей, ды няма як.
Аднак бацька мой быў трохі камерсант, а таму спытаў:
– А што дасі?
– Жарабя аддаю.
У бацькі загарэліся вочы. Ды і ў мяне таксама: ого, атрымаць такі цуд! Бацька часта мяняў коней у цыганоў, але яго амаль кожны раз ашуквалі і падсоўвалі старых і сляпых. Цяпер у нас быў белагрывы і рахманы, маці знарок ездзіла з бацькам у Дабранку на базар, каб не даць яму вымяняць зноў якую нязграбу, бо амаль уся мужчынская праца лажылася на леснічыхіны плечы.
– Дык што, ляснік, па руках?
– Ой, Пятро, зноў прагадаем, – сказала маці, але ўжо без рашучасці: жарабя падабалася і ёй.
Бацька насыпаў два добрыя мяшкі бульбы – не паскупіўся. А засмучаны гаспадар, абняўшы жарабя за шыю, завёў яго ў наш закіданы бярвеннямі двор.
Калі фурманкі рушылі, жарабя вельмі жаласліва ржала, так, што наша малая сястра Галя заплакала. Але ж яна і прапанавала:
– Назавём яго Беланожка.
– Чаму Беланожка?
– А глядзі, якая ў яго пярэдняя нага: ад капыта да калена белая. Конь у нас белагрывы. Ён – беланогі.
На словах мы з Паўлам не згадзіліся: будзе малая ўказваць нам, вучоным – я канчаў чацвёрты клас. Але сваёй клічкі мы адразу не прыдумалі, а маці пачала клікаць жарабя: Беланогі, Беланогі. Так і прыжылася гэтая клічка – Беланогі.
Пасвіць яго, гуляць з ім была радасць, ахвотна ішлі і я, і Павел. Хутка ён так падрос, што мы садзіліся на яго вярхом і гарцавалі з драўлянымі шаблямі, як сапраўдныя ваенныя коннікі.
Ішло цяжкое лета. Дайшло да таго, што на ўзбочыне дарогі мы знаходзілі мёртвых людзей. Прыязджалі з вёскі, з сельсавета, забіралі нябожчыкаў. Хіба ў такім жыцці было да радасці? Ды і сям’я наша ледзьве не галадала, добра, што ўвялі картачкі, і бацька часам прыносіў з лаўкі лясніцтва буханку хлеба, фунт пшана. Ды цыбуля на гародзе падрастала.
І вось аднойчы бацька з глыбокім смуткам сказаў:
– Зарэжам жарабя. Трэба падтрымацца нечым. Сенакос надыходзіць. Я касу не пацягну, ты і хлопцы – граблі.
Маці войкнула, як абамлела, села на лаўку, пляснула далонямі.
– Пятро! Што гэта ты кажаш! Каніну есці? Ды ў рот не вазьму!
– І я не вазьму, – падтрымаў маці я.
– І я, – сказаў Павел.
А Галя заплакала.
Бацька ўзлаваўся.
– То і дурні! Быў я на Урале, жыў у татар, еў з імі каніну. І што са мной стала? Пярун мяне забіў?
– Прадай Баранаву, – сказала маці.
Баранаў быў наш сусед, ляснік.
– І ты будзеш лізаць яго грошы? Каму патрэбны цяпер грошы? Што за іх купіш?
– Не за грошы. Беланогі вельмі Панасу падабаецца. Якога б каня з яго выгадаваў, не раз казаў. Можна ўгаварыць яго памяняць на бычка. Ён згодзіцца, бо бычок маленькі.
– Сабе ва ўбытак?
– Але ж цяляціну будзем усе есці. І ў сенакос, і ў жніво.
Не адразу ўгаварыў бацька суседа пайсці на такі абмен. Хутчэй маці ўгаварыла, бо сказала, калі ён прыехаў да нас:
– Пятро жарабя хоча рэзаць. І каніну есці.
Мы, малыя, і цялушачку шкадавалі, але мы ўжо выраслі сялянамі і неаднойчы бачылі, як рэзалі свіней, цялят.
Перайшоў Беланогі да другога гаспадара, але двойчы ўцякаў ад яго за тры вярсты праз лес – у свой двор. Гэта кранала нас. Мы з Паўлам не раз хадзілі наведваць Беланогага, і ён радаваўся нам, лашчыўся, цёрся пысай аб нашы плечы, рукі.
Баранаў лаяў нас:
– Чорт вас носіць! Каб вы не хадзілі, ён хутчэй адвык бы.
Але мы зрэдку наведваліся і тады, калі Беланогі стаў дарослым канём і яго запрагалі ў воз, плуг, барану.
Змучаны працай, ён стаў абыякавы да нас, а мы яго любілі – гарэзлівае жарабя любілі, радаваліся, што пярэчаннем бацьку – «Не будзем есці!» – выратавалі яму жыццё.
Так прыемна зрабіць добрую справу!